Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Шыльда свабоды
Пасёлак Віцьба Віцебскага раёну, папраўчая калёнія № 3
У гэтай турме з 21 верасьня 2006 году да 16 жніўня 2008 году знаходзіўся ў зьняволеньні палітычны вязень Аляксандар Казулін. Тут ён 53 дні трымаў галадоўку пратэсту. Быў вызвалены датэрмінова пад ціскам беларускай і міжнароднай дэмакратычнай супольнасьці.
Два гады турма пад Віцебскам была ў цэнтры ўвагі як беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці, гэтак і міжнароднай супольнасьці. На нары «Віцьбы-3» быў кінуты канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Казулін. У часе выбарчай кампаніі 2006 году колішні паплечнік кіраўніка краіны, прафэсар абвінаваціў Лукашэнку ў парушэньнях правоў чалавека, усталяваньні дыктатуры. Празь некалькі дзён пасьля выбараў, на Дзень Волі 25 сакавіка, Казуліна арыштавалі. Яго асудзілі на пяць з паловай гадоў турмы за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў.

У віцебскай калёніі палітык 53 дні трымаў галадоўку, дамагаючыся адстаўкі Лукашэнкі і разгляду становішча з правамі чалавека ў Беларусі на Радзе бясьпекі ААН. У турме Аляксандра Казуліна напаткала трагедыя — сьмерць жонкі.

Уся беларуская дэмакратычная супольнасьць салідарызавалася з Аляксандрам Казуліным. Ладзіліся шматлікія пікеты з патрабаваньнем яго вызваленьня, пісаліся адозвы да кіраўнікоў дзяржаваў сьвету з заклікамі падтрымаць вязьня сумленьня. Маральная падтрымка Казуліна стала і справай гонару для віцебскіх дэмакратаў, — кажа праваабаронца Леанід Сьвецік:

«Калі ў Казуліна быў дзень народзінаў, мы набылі вялікія віншавальныя паштоўкі. І пад віншаваньнямі зьбіралі подпісы людзей. Затым мы павезьлі гэтыя паштоўкі і букет ружаў у калёнію. Нас сустрэў сам начальнік калёніі. Ён сказаў, што кветкі не перадасьць Казуліну: паколькі яны не зьяўляюцца прадметам першай неабходнасьці для вязьня, дык для перадачы забароненыя. Паштоўкі ж узяў і перадаў. Тады мы вырашылі пакласьці гэтыя ружы да крыжа, што стаіць недалёка ад турмы, як знак павагі да ўсіх пакутнікаў, што знаходзяцца ў гэтай калёніі».

Праз два гады ўказам Лукашэнкі Аляксандар Казулін быў вызвалены, але ўспрыняў гэта не як памілаваньне, а як справядлівасьць, як вынік ціску на прэзыдэнта з боку беларускай і міжнароднай грамадзкасьці. Заявы Казуліна на першай пасьля вызваленьня прэсавай канфэрэнцыі засьведчылі, што турма яго не зламала:

«Гэта ганьба для спадара Лукашэнкі, што такая вялізная колькасьць сем’яў трапляе пад рэпрэсіі. Вялізная колькасьць людзей пакутуе. Гэта, паводле нашых падлікаў, каля мільёна чалавек. Гэта як прагон праз канцлягеры. Неяк у размове з адным дыпляматам я сказаў, што ў нас канцлягер. Мне было сказана, што трэба больш акуратна выкарыстоўваць гэты выраз. А я сьцьвярджаю, што ў нас духоўны канцлягер. У нас прававы генацыд. Прававы генацыд беларускага народу і ўсёдазволенасьць. Гэта сапраўдныя факты, якія ня хочуць заўважаць».

Аляксандар Казулін працягвае барацьбу.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG