Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Глыбокае, вуліца Горкага, 22
Тут у 1891 годзе нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі — сябра Ўраду БНР, аўтар эскізу беларускага нацыянальнага сьцяга, савецкі палітвязень. У гонар выбітнага беларускага дзеяча на гэтым доме дэмакратычнымі актывістамі ў 2008 годзе была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда, якая правісела тры дні і была зьнятая ўладамі.
Уся Глыбоччына - адрас свабоды ХХ стагодзьдзя. Тут жылі такія знакавыя асобы, як Вацлаў Ластоўскі, Кляўдуш Дуж-Душэўскі, Ігнат Буйніцкі, Язэп Драздовіч, Паўліна Мядзёлка, Лявон Савёнак... Гэты край быў адным з цэнтраў Саюзу беларускіх патрыётаў і Саюзу беларускай моладзі. На Глыбоччыне аж да пачатку 1950-х гадоў актыўна дзейнічаў антысавецкі супраціў.

А ў найноўшую гісторыю горад Глыбокае актыўна супраціўлялася русыфікацыі. Тут найпазьней, чым дзе ў краіне, улады змаглі зачыніць беларускую школу і беларускія дзіцячыя садкі, а людзі пераважна гавораць на роднай мове. Тут выдаецца адна зь лепшых рэгіянальных недзяржаўных газэт «Вольнае Глыбокае». Тут існуе моцная і актыўная суполка БНФ, якая разам зь іншымі дэмакратычнымі актывістамі працягвае традыцыі свабоды.

Менавіта яны да 90-годзьдзя БНР у 2008 годзе вырашылі ўшанаваць мэмарыяльнай шыльдай памяць дзяржсакратара Ўраду БНР, аўтара эскізу бел-чырвона-белага Беларускага сьцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага.

Краязнаўца і выдавец газэты «Вольнае Глыбокае» Ўладзімер Скрабатун выявіў месца, дзе быў той дом, у якім нарадзіўся гэты выбітны дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху. Там па вуліцы Горкага (за палякамі — Генрыха Сянкевіча) цяпер стаіць іншы дом, і гаспадар яго Раймунд Салодкі пагадзіўся (і гэта зусім у традыцыях шляхетных і свабодалюбных глыбачанаў), каб ягоны дом аздобілі шыльдай памяці.

Шыльду са здымкам Дуж-Душэўскага і надпісам «Тут у 1891 годзе нарадзіўся Клаўдзій Сьцяпанавіч Дуж-Душэўскі — палітык, асьветнік, дойлід» зрабіў мясцовы мастак Аляксандр Мядзелец на ахвяраваньні глыбоцкіх сяброў Партыі БНФ

Вывешвалі шыльду ўдзень 23 сакавіка. Да дзесятка актывістаў і гаспадара дому далучыліся выпадковыя мінакі. Атрымаўся несанкцыянаваны мітынг.

Правісела шыльда ўсяго тры дні, і 25 сакавіка (акурат у Дзень волі) была зьнятая раённым начальствам. А Ўладзімера Скрабатуна і Юр’я Калбасіча выклікалі ў міліцыю па тлумачэньні. Успамінае Ўладзімер Скрабатун:

«І я, зразумела сказаў ім: што гэта робіцца ў нашай незалежнай дзяржаве?! Пры немцах у Глыбокім былі беларускія школы. На беларускай мове адпраўлялася набажэнства ў касьцёле. На беларускай мове было і набажэнства ў праваслаўнай царкве. Па гораду маршыравалі сто пяцьдзесят чалавек з СБМ, якія сьпявалі беларускія песьні. А цяпер беларуская ўлада зрывае шыльды дзеячам беларускай гісторыі. Міліцыянт сказаў, што, напэўна, вы ня будзеце падпісваць пратакол, і запытаўся, на якой мове яго пісаць? Кажу: канешне, на беларускай. Ну, добра, — гаворыць. На гэтым усё і скончылася».

Кажуць, што шыльда ня зьнішчаная і захоўваецца на складзе жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Напэўна, да лепшых часоў.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG