Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году: Ці магчымая ў Беларусі палітычная лібэралізацыя?


Ці магчыма ў Беларусі палітычная лібэралізацыя? Як мяняецца палітычная атмасфэра ў Беларусі? Ці адчула грамадзтва лібэралізацыю? Ці азначае пачатак прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі канец «палітычнай адлігі»?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі, віце-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, і старшыня Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Аляксандр Класкоўскі
Алесь Бяляцкі
Віктар Івашкевіч
Валер Карбалевіч


Ці была лібэралізацыя?


Валер Карбалевіч: «Напрыканцы 2008 году ў пераднавагоднім інтэрвію Лукашэнка аб’явіў аб лібэралізацыі ва ўсіх сфэрах. Прайшоў год. Нават сярод дэмакратычных сілаў існуюць рознагалосьсі наконт таго, ці адбывалася паляпшэньне палітычнага клімату. А вы як лічыце, за год у краіне палітычная атмасфэра палепшылася, пагоршылася ці захаваўся статус-кво, ніякіх зьменаў ня бачна?»

Аляксандр Класкоўскі: «Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што пэўныя рухі ўладаў у гэтым кірунку былі. Хоць яны былі больш мінімальныя, дэманстрацыйныя і імітацыйныя. Прычым, улада разглядае гэтыя захады менавіта як саступкі Эўропе, як ахвяру. Няма разуменьня, што мадэрнізацыя патрэбная самой Беларусі. Зьменшылася колькасьць брутальных рэпрэсій, адміністрацыйных арыштаў.

Праводзяцца зьмены з выбарчае заканадаўства. 130 паправак. Самой колькасьцю Менск хоча ўразіць ЭЗ. Але экспэрты іх раскрытыкавалі як тэхнічныя ці бутафорскія. Дапусьцілі ў сыстэму дзяржаўнага распаўсюду некалькі газэт, але маланакладных. Саступкі вельмі дазаваныя. І такім чынам ўлада мінімізуе небясьпеку для сябе.

Напрыканцы году мы назіраем яўны адкат. Калі падсумоўваць, то цягам году была нейкая імітацыя лібэралізацыі, але апошнімі дзеяньнямі ўлада ўсё гэта нівэлюе».

Мяняюцца формы рэпрэсій


Алесь Бяляцкі: «Моцнага пацяпленьня заўважна не было. Не было вялікіх саступак у пляне легалізацыі і рэгістрацыі партый і грамадзкіх аб’яднаньняў. Чатыры разы было адмоўлена ў рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі „Берасьцейская вясна“, два разы — арганізацыі „Наша вясна“, два разы — Партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

Імітацыя лібэралізацыі нікога не павінна расслабляць. Няма працэсу лібэралізацыі. Адбываецца кіданьне з боку ў бок, стварэньне дымавой завесы перад міжнароднай супольнасьцю»

Віктар Івашкевіч: «Палітычная атмасфэра зьмянілася па форме, але не па сутнасьці. Любая рэпрэсія ставіць на мэце псыхалягічна зламіць апанэнта, прымусіць яго адмовіцца ад сваёй грамадзянскай пазыцыі. У гэтым сэнсе што больш дзейсна: пасадзіць чалавека ў камеру з сваімі аднадумцамі на пяць сутак ці зьдзекавацца і зьбіваць яго цягам дзесяці гадзін у пастарунку?
Што страшней: пратрымаць чалавека 10 сутак у камеры ці схапіць, вывесьці ў лес і пагражаць расстрэлам?
Што страшней: пратрымаць чалавека 10 сутак у камеры ці схапіць, вывесьці ў лес і пагражаць расстрэлам? Думаю, што новыя формы больш б’юць па псыхіцы, чым звычайныя арышты. Таму можна лічыць, што ўлада ў правядзеньні рэпрэсій стала больш ізуверская.

Яшчэ новае гэтым годам. Значная частка беларускага дэмакратычнага грамадзтва і частка эўрапейскіх палітыкаў, адчуваючы сваё бясьсільле перад дыктатурай, пачынае сябе ўгаворваць і прымушаць верыць, што саступкамі, жэстамі добрай волі, спыненьнем крытыкі рэжыму можна выпрасіць дэмакратычнае паслабленьне. І Лукашэнка гэтым карыстаецца. Вось і цяпер некаторыя апазыцыянэры едуць ў Эўропу і просяць грошай для Лукашэнкі на дэмакратызацыю. І Лукашэнка атрымлівае грошы, а рэпрэсіі толькі зьмяняюцца па форме»

Ці адчула грамадзтва лібэралізацыю?


Карбалевіч: «Ці адчула грамадзтва нейкія зьмены? Ці менш стала страху ў грамадзтве? Ці зьмены бачныя толькі звонку, з Эўропы, а ня тут, у самой краіне? Вось у часы гарбачоўскай перабудовы дастаткова было рэжыму даць маленькую слабіну, аб’явіць галоснасьць, каб у краіне пачаліся кардынальныя перамены. Чаму няма такога ж эфэкту цяпер?»

Бяляцкі: «Актыўную частку грамадзтва страх датыкаецца найменей. Калі казаць пра грамадзтва ўвогуле, то значная яго частка прыняла правілы гульні, якія ўлада навязала апошнімі паўтары дзесяцігодзьдзямі. Я гэта адчуў, калі ляжаў у шпіталі. Туды да мяне прыходзіў карэспандэнт Радыё „Свабода“ рабіць рэпартаж. Праз паўгадзіны пасьля гэтага прыйшла загадчыца аддзяленьня і пачала ледзь не гістэрычным голасам пытацца ў мяне, ці лепей будзе, калі яе звольняць, і дзьве сотні хворых застануцца бяз доктара. Я яе спрабаваў супакоіць, казаў, што ні вы, ні я нічога не парушылі, ня трэба баяцца.У рэшце рэштаў яна сышла, сказаўшы: „Вы плюнулі мне ў душу“. Вось гэты прыклад паказвае, што ў грамадзтве страху меней ня стала».

Івашкевіч: «Я, як і Бяляцкі, таксама больш за месяц правёў у шпіталі і меў магчымасьць правесьці такую фокус-групу з прадстаўнікамі розных сацыяльных слаёў. І ўбачыў, што настроі людзей зьмяніліся.

Я зь цікаўнасьцю слухаў радыёкропку, па якой вядзецца дзяржаўная прапаганда. Людзі абураліся, казалі: „Што ты гэтую лухту слухаеш!“ Ідзе абсалютнае непрыняцьце афіцыйнай інфармацыі. Калі раней Лукашэнку ўспрымалі абаронцам народу ад чыноўнікаў, то цяпер ён атаясамліваецца з усёй чыноўнай браціяй. Тут яшчэ сытуацыя абвастрылася непрыняцьцем гісторыі з сынам Коляй. Таму ў цэлым настроі такія: улада супраць народа, чыноўнікі думаюць толькі як сабе кішэні набіць. А Лукашэнка думае, як пры ўладзе застацца. І выснова: сыходзім у прыватнае жыцьцё. А ролю апазыцыі яны бачаць у тым, каб тая давала інфармацыю пра сацыяльна-эканамічныя пэрспэктывы.

Што тычыцца лібэралізацыі для шараговых грамадзян, то наадварот, сытуацыя пагоршылася. Бо падчас крызісу людзей звальняюць з працы кожнага, хто хоць пісьне супраць начальства».

Карбалевіч: «Але сацыялягічныя дасьледаваньні не пацьвярджаюць вашых высноваў, сп. Івашкевіч. Сп. Класкоўскі, вы, дзякаваць Богу, у шпіталі не ляжалі. А якая ваша ацэнка?»

Класкоўскі: «Шырокія масы надта не адчуваюць рэпрэсій. Бо яны апалітычныя. Брэжнева ў савецкія часы ўспрымалі таксама прыкладна так, як цяпер, па расказе сп. Івашкевіча, успрымаюць выступы Лукашэнкі. Але ніякай рэвалюцыянізацыі масаў не адбывалася. Бо яны ведалі, што сыстэма раструшчыць любога, хто рыпнецца.

Сам па сабе крызіс масу не палітызаваў, як разьлічвала апазыцыя. Наадварот, як паказвае сацыялёгія, пачынаецца дэградацыя запытаў, узмацняецца сэрвільнасьць, каб ня зволілі з працы. Філязофія такая: ня трэба высоўвацца, то, можа, і не зачэпяць.

Вось выключылі з БДУ Шапуцьку. Гэта ўзорна-паказальная кара. Нельга, каб студэнты асьмялелі. Улады ладзяць кропкавыя рэпрэсіі. Пакараюць двух-трох чалавек, іншыя будуць баяцца. І гэта дзейнічае.

Канец «палітычнай адлігі»?


Карбалевіч: «Гледзячы па ўсім, напрыканцы году адбываецца чарговы паварот палітычнай лініі. Узгадаем факты. Найперш зьвяртае на сябе ўвагу беспрэцэдэнтна жорсткая заява на адрас Захаду кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Макея ў Цэнтрвыбаркаме. Такіх выпадаў супраць Захаду мы ня чулі апошнія паўтара году.

Затым, выкраданьні маладзёвых лідэраў, нерэгістрацыя партый, выключэньне з БДУ Шапуцькі, праект прэзыдэнцкага ўказа аб кантролі над Інтэрнэтам. Плюс прыпыненьне дзейнасьці Грамадзка-кансультацыйнай рады пры кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта. Плюс рост колькасьці прапагандысцкіх фільмаў па БТ, скіраваных супраць апазыцыі. Што гэта азначае? Канец лібэралізацыі? Ці гэта проста супадзеньне фактаў?»

Івашкевіч: «Гэта працяг гульні з ЭЗ па лякалах гульні з Расеяй. З Масквой Лукашэнка гуляе: то інтэграцыя, то сувэрэнітэт не здамо. І ўсё дзеля таго, каб выдраць чарговы мільярд.

Цяперашняе узмацненьне рэпрэсій — гэта шантаж ЭЗ. Кал выдадзіце наперад чарговыя мільярды, то, можа, і спынім рэпрэсіі. Гэтаму дапамагаюць тыя дзеячы апазыцыі, якія езьдзяць па Эўропе і ўгаворваюць даць Лукашэнку грошы. Балянсаваньне паміж Расеяй і Эўропай — гэта генэральныя палітычная лінія рэжыму».

Класкоўскі: «Я тлумачу гэтыя апошнія падзеі тым, што арэлі хіснуліся ў бок Расеі. Напрыканцы году патрэбна атрымаць льготныя цэны на газ і нафту.

А выступ Макея у ЦВК, думаю, скіраваны не на Захад, а адрасаваны вэртыкалі. Маўляў, усе гэтыя размовы пра лібэралізацыю не для вас, вы павінны правесьці выбарчыя кампаніі ў звыклым рэжыме. Думаю, спальваць масты з ЭЗ Менск ня будзе. Гульня будзе працягвацца, арэлі будуць хістацца то сюды, то туды».

Бяляцкі: «Рэпрэсіі — гэта інструмэнт кантролю над сытуацыяй. Заўважым, што рэпрэсіі праходзяць адначасова з прыняцьцем зьменаў у Выбарчы кодэкс. То бок працягваецца палітыка дазаваных рэпрэсіяў і імітацыйнай лібэралізацыі, каб захаваць кантроль над грамадзтвам».

Як паўплывае на палітыку лібэралізацыі прэзыдэнцкая кампанія?


Карбалевіч: «Дэ-факта ў краіне пачалася перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія. Як гэта паўплывае на лібэралізацыю, палітычную атмасфэру ў краіне? Якія можна даць прагнозы? Няўжо на цэлы год гульня ў лібэралізацыю прыпыняецца?»

Класкоўскі: «Калі паўстане пытаньне пра ўладу, то пытаньне міжнароднага іміджу адыходзіць на другі плян.
Калі паўстане пытаньне пра ўладу, то пытаньне міжнароднага іміджу адыходзіць на другі плян.
Іншая рэч, што сёньня ўсё так пад каўпаком улады, што разгортваць рэпрэсіі няма ніякай неабходнасьці. Можна пагуляць нават у лібэралізацыю. А на мясцовых выбарах ня трэба асабліва ціснуць, бо дэфіцытам будуць самі кандыдаты. Бо навошта рызыкаваць, калі саветы ня маюць рэальнай улады. Прэзыдэнцкая кампанія, напэўна, будзе праходзіць у больш жорсткім ключы. Магчыма, у Лукашэнкі будзе не супернік, а спарынг-партнэр.

Няпэўным зьяўляецца расейскі чыньнік падчас выбараў. Калі Масква праплаціць кампанію, то перад Захадам ня трэба будзе вытанцоўваць. А калі Масква будзе імкнуцца прыціснуць Лукашэнку да сьценкі, тады магчымыя заляцаньні да Захаду. У любым выпадку ня будуць улады спальваць масты на Захад, бо трэба думаць, як выжыць пасьля выбараў. Думаю, будзе працягвацца лявіраваньне і гульня на розных кірунках».

Бяляцкі: «Рэпрэсіі супраць апазыцыйных актывістаў павялічацца. Так традыцыйна адбываецца падчас усіх значных падзеяў і кампаніяў. Могуць зьявіцца нечаканыя сцэнары. Хоць апазыцыя не падрыхтаваная да выбараў, але мы недаацэньваем актыўнасьць людзей, якая можа пераламіць сытуацыю. Бо адбудзецца падвышэньне коштаў аўтамабіляў. Няпэўная эканамічная сытуацыя».

Івашкевіч: «Наступным годам ня будзе паляпшэньня эканамічнай сытуацыі, а, хутчэй, нават будзе пагаршэньне. Незадавальненьне народа будзе расьці, хоць сёньня яно праяўляецца ў форме пасіўнага непрыняцьця.

Падчас мясцовых выбараў апазыцыя павінна сканцэнтраваць увагу на выбарах у менскі гарсавет і гарсаветы абласных цэнтраў. Гэта і стане тэстам на лібэралізацыю. Апазыцыя павінна патрабаваць у Захаду ўвязваць эканамічную дапамогу рэжыму з узроўнем дэмакратычнасьці мясцовых выбараў. Той, хто найлепш праявіць сябе падчас гэтых мясцовых выбараў, можа прэтэндаваць на статус кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў».

Якія прагнозы на мясцовыя выбары?


Карбалевіч: «Шмат экспэртаў казалі, што ўлады плянуюць зрабіць мясцовыя выбары як узор дэмакратыі, каб Захад іх прызнаў. І тады ўжо, маўляў, яму нікуды ня дзецца, ён будзе вымушаны прызнаць і прэзыдэнцкія выбары. Пад гэтую задачу праведзеныя зьмены ў выбарчым заканадаўстве. А якія вашы прагнозы на мясцовыя выбары?»

Бяляцкі: «У мяне скептычнае ўражаньне ад гэтых паправак у выбарчае заканадаўства. З гэтага вынікае, што выбары будуць праходзіць па старым лякале. Беларускія праваабаронцы будуць арганізоўваць назіраньне на мясцовых выбарах. Будзе прааналізавана, як зьмены ў выбарчым заканадаўстве паўплывалі на дэмакратызацыю выбарчага працэсу. Паколькі гэта ня будуць нармальныя выбары, то дэмакратычнай супольнасьці варта разглядаць мясцовыя выбары як грамадзка-палітычную кампанію».

Класкоўскі: «Асаблівай брутальнасьці на мясцовых выбарах ня будзе. Бо гэта ня той пляцдарм, дзе можа разгарэцца бітва не на жыцьцё, а на сьмерць. Але і дэмакратычнымі выбары ня будуць. Бо дзяржаўная машына не прыстасаваная да тонкай гульні, і заўжды спрацоўваюць рэпрэсіўныя інстынкты, перастрахоўка.

Думаю, і прэзыдэнцкія, і мясцовыя выбары пройдуць у звыклым рэчышчы „элегантных перамог“. Цікавей, што будзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Бо пачне вылазіць бокам павышэньне заробкаў. У цэлым наступная кадэнцыя Лукашэнкі будзе часам вялікіх галаўных боляў».

Івашкевіч: «Мясцовыя выбары трэба разглядаць як частку кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў. Я дапускаю, што тыя працэсы, якія, на думку сп. Класкоўскага, наступяць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, могуць здарыцца да выбараў ці падчас іх. Бо бяз гэтага незразумела, навошта апазыцыі ў іх удзельнічаць, калі ўсё так беспэрспэктыўна».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG