Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэмінізм у шырокім сэнсе слова — гэта імкненьне да раўнапраўя, да роўнасьці жанчын з мужчынамі ва ўсіх сфэрах жыцьця. У вузкім сэнсе — гэта жаночы рух, мэтай якога зьяўляецца выкараненьне дыскрымінацыі жанчын і ўраўнаваньне іх у правах з моцнай паловай чалавецтва. Гэты рух узьнік у Францыі ў 18 стагодзьдзі, калі пісьменьніца Алімпія дэ Гуж падрыхтавала першы маніфэст «Дэклярацыя правоў жанчыны і грамадзянкі». Актывізаваўся гэты рух у 1960-х гадах.

Ці ёсьць ў Беларусі фэміністычны рух, я запыталася ў адмыслоўцы, якая сур’ёзна вывучала гэту праблему. Ніна Стужынская — кандыдат гістарычных навук, стваральніца і старшыня грамадзкай арганізацыі «Беларускі жаночы рух»:

Ніна Стужынская
— Руху, я думаю, няма. Так бы мовіць, «украпіны» фэмінізму ёсьць.

— А куды яны «украпваюцца», у якія сфэры?

— Ну, па-першае, носьбіты ідэі фэмінізму — гэта жаночыя арганізацыі, якія жывыя, якія працуюць па тэме гендэрнай роўнасьці і фэмінізму. Яны ж выконваюць такую функцыю, каб людзі не палохаліся фэмінізму. Бо ў старой савецкай традыцыі, і ня толькі савецкай, фэмінізм — гэта нейкі жах, гэта нейкія ваяўнічыя амазонкі... На самой справе, усё проста. Фэмінізм — гэта рух за роўнасьць, за рэальную, сапраўдную роўнасьць. Ня тую, што дэкляруюць дакумэнты. За роўнасьць у жыцьці, за партнэрскія адносіны, за роўныя магчымасьці рэалізацыі і самарэалізацыі. Вось і ўсё. Тут няма нічога страшнага.

Я некалі чула меркаваньне адной прафэсаркі філязофіі, што Беларусь наагул радзіма фэмінізму. Вось яе аргумэнты: у вытокаў незалежнай беларускай палітыкі стаяла полацкая княжна Рагнеда, якая была гвалтоўна абвянчаная з князем Уладзімерам і якая паспрабавала жорстка адпомсьціць мужу. Эўфрасіньня Полацкая была першай жанчынай, кананізаванай праваслаўнай царквой. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году абвясьціў свайго роду «жаночую рэвалюцыю» у заканадаўстве: гарантаваў жанчынам права на распараджэньне маёмасьцю і абавязковую долю ў спадчыне, пакараньне за гвалт над жанчынай...

Вольга Гапеева
Цяпер у Беларусі, як і ва ўсім цывілізаваным сьвеце, стала модна разважаць пра гендэр, займацца гендэрнымі праблемамі, зьявіліся дыплямаваныя спэцыялісты. Паэтка і перакладчыца Вольга Гапеева мае ступень магістра па гендэрных дасьледаваньнях. Што да фэміністычнага руху ў Беларусі, яна перакананая:

— Не, руху такога няма. Ёсьць пэўныя людзі, актывісткі, якія лічаць сябе фэміністкамі, як я, напрыклад, якія займаюцца фэмінісцкімі праектамі, якія нешта для гэтага робяць. Ці яны пішуць артыкулы, ці робяць праграмы на радыё, ці ладзяць сэмінары, трэнінгі. У большай частцы гэта тыя жанчыны, дзяўчыны і нават хлопцы, якія навучаліся ў ЭГУ. Таму што там вывучалася гендэрная тэорыя, і ў іх ёсьць паняцьце, што значыць гендэр, што значыць фэмінізм, і яно не стэрэатыпнае, скажам так.

Калега Вольгі Гапеевай па ЭГУ Юлія Міцкевіч, якая таксама магістар па гендэрных праблемах, пагаджаецца, што ёсьць праблема ў тэрміналёгіі. Але яна лічыць, што фэмінізм у Беларусі ёсьць. Прыкладам — Беларуская жаночая сетка, куды ўваходзіць каля трох дзясяткаў жаночых арганізацый:

— Фэмінізм у Беларусі, канечне ж, ёсьць. Іншае пытаньне — ці можам мы гэта назваць рухам у клясычным разуменьні гэтага слова. Але, канечне, у нас ёсьць жаночыя арганізацыі, яны ладзяць пэўныя мерапрыемствы. Я ня ведаю, ці пагодзяцца людзі, якія ўдзельнічаюць у такіх імпрэзах, каб іх называлі фэміністычным рухам, фэміністычнымі арганізацыямі? Хутчэй за ўсё, што не. Таму што праблема, мне здаецца, у тым, што, займаючыся нават прамоцыяй ці спробай неяк палепшыць свае правы, жанчына ня вельмі хоча называць гэта тэрмінам «фэмінізм», таму што ён мае на нашай прасторы нэгатыўнае адценьне. Так што тут праблема яшчэ з самім паняткам.

Сучасная Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе жанчыне роўныя правы з мужчынамі. Але статыстыка — рэч упартая. У Беларусі толькі адзін міністар з 25 — жанчына. Гэта міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Для параўнаньня: у Фінляндыі і Нарвэгіі больш за палову міністэрскіх партфэляў аддадзена жанчынам (58% і 55,6% адпаведна. Хаця сацыялёгія няўмольна сьведчыць: беларускія жанчыны значна адукаванейшыя за мужчын. Такім чынам, беларускім фэміністкам ёсьць за што змагацца.

Адам Глобус
Ці ёсьць фэмінізм у Беларусі, запыталася я і ў вядомага беларускага літаратара і выдаўца Адама Глобуса:

— Па-першае, вельмі люблю жанчын, і яны мне ўдзячнасьцю плацяць. Таму што любоў і каханьне бываюць толькі ўзаемнымі. А што тычыцца фэмінізму, на мой погляд, вельмі цікавая тэма, вельмі актуальная. Але на сёньняшні дзень усё робіцца крыва, коса і суха. Няма ў гэтай тэме пакуль паэзіі. А калі няма мастацтва, творчасьці, то яна не ідзе. Ёсьць нейкія артыкулы, праводзяцца нейкія паседжаньні — мітусьня, карацей. А вось сур’ёзнай паэтычнай плыні пакуль што няма. Пакуль што бяруцца чужыя схемы і туды ўстаўляюцца нашы беларускія прозьвішчы. Нейкая Палута Бадунова, Ларыса Геніюш — харошыя ўсе жанчыны, але яны проста ня ведалі, што будзе такі фэмінізм.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG