Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа рымскі гаварыў пра Беларусь


Папа рымскі Бэнэдыкт XVI
Папа рымскі Бэнэдыкт XVI

Кіраўнікі каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі наведалі з афіцыйным візытам Ватыкан. Сярод удзельнікаў дэлегацыі былі кардынал Казімір Сьвёнтак і мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Каталіцкія герархі сустрэліся з папам рымскім Бэнэдыктам XVI і запрасілі пантыфіка наведаць Беларусь.

Візыты каталіцкіх біскупаў у Апостальскую Сталіцу праходзяць раз на пяць гадоў, цяперашні — трэці. Адметнасьць сёлетніх сустрэч была ў тым, што яны адбываліся пасьля візытаў у Беларусь дзяржаўнага сакратара Тарчызіё Бэртонэ, а кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі — у Ватыкан. Падчас аўдыенцыі зь беларускімі герархамі папа рымскі Бэнэдыкт XVI адзначыў важнасьць гэтых сустрэч і імкненьне абодвух бакоў заключыць пагадненьне аб супрацоўніцтве, паведамляе кіраўнік прэсавай службы айцец Аляксандар Амяльчэня:

«Тое, што гэта ўзгадаў сам папа, сьведчыць пра тое, што гэта сур’ёзны працэс і, магчыма, ён моцна рушыў наперад. Ватыкан ведае Беларусь, асабліва дзякуючы працэсам апошніх двух гадоў. І, што адзначылі біскупы, — Папа вельмі добра ведае беларускую тэматыку, Беларусь, беларускі Касьцёл і працэсы, якія адбываюцца ў беларускім грамадзтве».

У Камітэце ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Беларусі паведамілі, што тэрміны падпісаньня канкардату паміж Беларусьсю і Ватыканам залежаць ад міждзяржаўных ведамстваў абедзьвюх краін. А прапановы ў зьмест дакумэнту былі распрацаваныя яшчэ летась, пасьля візыту кардынала Бэртонэ, паведаміў намесьнік старшыні камітэту Ўладзімер Ламека:

«Вядома, гэта будуць адукацыйныя, інфармацыйныя, дабрачынныя праекты. Асабліва сацыяльная дапамога абяздоленым, як нам бачыцца. Ёсьць шмат формаў рознага судакрананьня — так, як і ва ўсім цывілізаваным сьвеце».

Словам, зрабілі ўсё, каб сьвяты айцец наведаў Беларусь, і зараз застаецца толькі чакаць.
За сем дзён, з 11 да 17 сьнежня, каталіцкія біскупы наведалі ўсе дзяржаўныя ўстановы Апостальскай сталіцы, дзе прадставілі становішча касьцёлу ў Беларусі. А на заканчэньне запрасілі Бэнэдыкта XVI наведаць Беларусь, паведамляе айцец Аляксандар Амяльчэня:

«Біскупы запрашалі папу рымскага наведаць Беларусь на індывідуальных сустрэчах вусна, і было ўручана афіцыйнае запрашэньне таксама. Словам, зрабілі ўсё, каб сьвяты айцец наведаў Беларусь, і зараз застаецца толькі чакаць».

Напрыканцы аўдыенцыі сьвяты айцец дабраславіў біскупаў, сьвятароў і ўсіх вернікаў, паабяцаўшы нястомна маліцца за беларускі народ.

Папа рымскі двойчы атрымаў запрашэньне наведаць Беларусь ад кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Упершыню — летась празь дзяржсакратара Сьвятога Пасаду Тарчызіё Бэртонэ. Другі раз — сёлета ў красавіку, калі беларускі кіраўнік наведаў Ватыкан. Тады, адказваючы на запрашэньне, папа сказаў: «Калі Бог дазволіць і адчыніць дзьверы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG