Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка лётчыка Петухова: Гэта быў ягоны першы рэйс


Беларускага лётчыка Міхаіла Петухова ў Тайляндзе ўтрымліваюць у той самай турме, дзе адбывае пакараньне вядомы «збройны барон» расеец Віктар Бут.

Калі я дазваніўся да жонкі лётчыка Міхаіла Петухова Веры, тая адразу заявіла, што не дае інтэрвію, а па справе мужа кантактуе толькі з МЗС Беларусі. І ўсё ж жанчына не адмовілася сказаць некалькі слоў пра свайго мужа, за якога яна вельмі перажывае і чакае ягонага вяртаньня дамоў:

«Я нічога пра ягоную працу ня ведаю. У іх праца якая? Загрузілі ім груз, яго давезьці трэба і самім даляцець нармальна. Каб груз быў у нармальным стане. Калі я яго чакала дамоў? Дакладна ня ведала. Гэта, дарэчы, быў ягоны першы рэйс у гэтай фірме, ён толькі што ўладкаваўся».

У іх праца якая? Загрузілі ім груз, яго давезьці трэба і самім даляцець нармальна.
16 сьнежня праз адваката арыштаваныя лётчыкі перадалі заяву, што ня ведалі, які груз яны перавозілі, бо ім пра гэта ніхто не казаў, а падчас загрузкі самалёта яны знаходзіліся ў гатэлі. Гэтай заяве, зробленай у тым ліку і яе мужам, Вера Петухова цалкам верыць. Жанчына кажа, што ён сумленны, прыстойны чалавек. Усё прайшоў, і Аўганістан, і Карабах.

Паводле Веры Петуховай, такіх «надзвычайных здарэньняў», як у Тайляндзе, з мужам ніколі не было. Пасьля звальненьня з войска Міхаіл Петухоў аформіў пэнсію, але дома ня ўседзеў. Яго зноў цягнула да працы.

Вядома, што ўсяму экіпажу арыштаванага «ІЛ-76» тайскія паліцэйскія далі магчымасьць пазваніць дамоў. Вера Петухова, аднак, адмовілася паведаміць, ці званіў яе муж дамоў і што казаў падчас размовы.

Міхаіла Петухова ўтрымліваюць асобна ад чатырох ягоных калегаў з Казахстану, якіх таксама арыштавалі паводле падазрэньняў у кантрабандзе зброі. Расейскі журналіст Яўген Беленькі, які бываў у турме, дзе ўтрымліваюць лётчыкаў, паведаміў пра тамтэйшыя ўмовы журналістцы «Комсомольской правды» в Белоруссии» Ірыне Козьлік:

«Норма плошчы на аднаго чалавека — 1,2 мэтра квадратнага. Гэта дакладна такая плошча цыноўкі, на якой сьпіць адзін чалавек. Там няма нараў, сьпяць на падлозе, у камэры няма кандыцыянэраў. Але, казаў, цяпер там дастаткова камфортнае надвор’е — каля 20 градусаў уначы і каля 30 удзень».

Вядома, што харчаваньне ў турмах Тайлянду найперш залежыць ад перадач з волі. Чатырох лётчыкаў з Казахстану наведваюць у турме казахскія дыпляматы, якія прыносяць ім ежу. Ці прыносіў хто ежу Міхаілу Петухову, невядома.

Паводле крыніцаў, у турме, дзе трымаюць Міхаіла Петухова і яшчэ чатырох ягоных калегаў з Казахстану, утрымліваюць таксама і Віктара Бута, былога савецкага вайскоўца, які падазраецца ў арганізацыі незаконнага гандлю зброяй. Тайскія крыніцы паведамляюць, што Віктар Бут абверг сваю датычнасьць да «ІЛ-76», які вёз зброю з КНДР і быў затрыманы ў Тайляндзе.


«ІЛ-76» з 35 тонамі зброі быў затрыманы раніцай у суботу, 12 сьнежня. 14 сьнежня тайскі суд працягнуў на 12 дзён тэрмін арышту экіпажу самалёта. Лётчыкаў падазраюць у нелегальнай перавозцы зброі і паведамленьні непраўдзівых зьвестак уладам Тайлянду пра характар грузу. Паводле апошніх зьвестак, экіпажу таксама можа пагражаць абвінавачаньне ў правозе выбухоўкі.
XS
SM
MD
LG