Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Скобла – паэт, дасьледчык літаратуры, аўтар праграмы “Вольная студыя” на Радыё Свабода. Выбраныя перадачы выйшли кнігай з сэрыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе". Аўтар кніг “Вечны Зьніч”, “Вочы Савы”, “Нашэсьце Поўні”, “Акно для матылькоў” ды інш. Уклаў анталёгію беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя “Краса і сіла” і анталёгію ўсясьветнай паэзіі ў беларускіх перакладах “Галасы з-за небакраю”.


Што для вас свабода?

Яшчэ сто пяцьдзесят гадоў таму беларускі паэт Альгерд Абуховіч-Бандынэлі напісаў байку “Ваўкалак”, якая пачыналася радкамі: “Хоць галодзен, я – свабодзен, дзе мне цягне – там бягу...” Свабода – гэта “бегчы туды, куды цягне”. Мяне заўсёды цягнула ў неба. Свабоду я перажываў толькі некалькі разоў у жыцьці – падчас свабоднага падзеньня зь МІ-9 ды Ілу-76, пакуль раскрыецца парашут…

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Свабоду творчасьці – ніхто. Але часам узьнікае неабходнасьць падзяліцца гэтай творчасьцю з чытачамі, і тут часам узьнікаюць праблемы. Нядаўна мяне запрасілі з выступам у маю родную школу, але з адной умовай – каб бяз розгаласу, каб ціха…

Што для вас шчасьце?

Беларуская Беларусь.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Што аднойчы, праехаўшы мястэчка Дзярэчын, спынюся, як звычайна, на дарозе Слонім-Масты і не пабачу агеньчык у сваёй роднай хаце, дзе жыве маці…

Які талент вы хацелі б мець?

Сьпяваць і танчыць! Голасу – няма, а калі танчу – галава кружыцца…

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Міхасём Чарняўскім, Рыгорам Барадуліным, ксяндзом Уладыславам Завальнюком…

Што вы найбольш любіце рабіць?

Чытаць добрыя кнігі.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Вывучыў бы дзесяць замежных моваў.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Ад Ларысы Геніюш: “Трымайце лейцы моцна у далонях і не мыляйце роднай баразны!”

Які ваш улюбёны дэвіз?

Напісанае – застаецца!

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


У парлямэнцкай рэспубліцы.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Толькі ў Беларусі. Па-за ёй сябе не ўяўляю.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Жыць – у цяперашнюю. А схадзіць у госьці хацелася б у стагодзьдзе 16-ае…

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Рэабілітаваў бы Ларысу Геніюш і выдаў бы яе Поўны збор твораў.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Сяброўскія.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Раўнапраўныя.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?

Дыктатура мае звычай распаўзацца за межы краіны. Уявіце сабе дыктатуру ў Расеі. Ці зможам мы ад яе абараніцца? А тут яшчэ свая, якой таксама “не сядзіцца ўдома”, як таму “хлопчыку малому”…

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

А вось у будучыню зазірнуць я не магу – не прарок.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Хутчэй, чым нам усім здаецца.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Тады іх не пачуе Бог.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG