Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы эпідэмічны ўздым захворваньня на ВРВІ і грып чакаецца ў Беларусі ў канцы студзеня — пачатку лютага. Пра гэта паведаміла галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан 18 сьнежня на канфэрэнцыі пра сытуацыю з захворваньнем на ВРВІ і грып, якая праходзіць у Менску.

Паводле яе слоў, мэдыкі чакаюць распаўсюджаньня, у прыватнасьці, пандэмічнага вірусу A(H1N1). “Большасьць у Беларусі зь ім яшчэ не сутыкалася, і імунітэт у насельніцтва ня выпрацаваны”, — патлумачыла спадарыня Карабан. Пры гэтым яна не змагла спрагназаваць, якія менавіта маштабы прыме эпідэмія.

Карабан паведаміла, што, у адпаведнасьці са зьвесткамі УААЗ, у 90% выпадкаў грып працякае зь лёгкай і сярэдняй ступеньню цяжкасьці, прычым у многіх нават без клінічных праяваў.

На канфэрэнцыі мэдыкі плянуюць абмеркаваць магчымасьці прыняцьця дадатковых супрацьэпідэмічных мер.

Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, на 23 лістапада ў Беларусі былі лябараторна пацьверджаныя 179 выпадкаў захворваньня на пандэмічны грып A (H1N1), у тым ліку за час эпідэмічнага ўздыму захворваньня — 153 выпадкі.
XS
SM
MD
LG