Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Скобла: Хацеў бы пагутарыць з Геніюш, Купалам і Лапіцкім


ikhas Skobla, Minsk, 10Feb2008

ikhas Skobla, Minsk, 10Feb2008

Выйшла з друку 18-я кніга з сэрыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе" – "Вольная студыя". Кнігу склалі 50 гутарак паэта, дасьледчыка літаратуры Міхася Скоблы з выдатнымі асобамі Беларусі. Гэта кніжная вэрсія перадачы “Вольная Студыя”, якая кожную нядзелю гучыць на хвалях Свабоды вось ужо больш як 10 гадоў. Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 18 сьнежня а 18.00 у сталічным Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3).


СЛУХАЦЬ УСЮ ГУТАРКУ:


Алена Радкевіч: За 11 гадоў у эфір выйшла больш за 500 перадачаў. У кнізе іх толькі 50. “І гэта была найбольшая пакута – выбраць кожную дзясятую,” – пішаце вы ў сваёй прадмове. Але ўсё ж такі: паводле якога крытэру абіраліся тыя, што ўвайшлі ў кнігу?

ў кнізе ўсяго 500 старонак, а на добры розум, калі б менш патрабавальна ставіцца да гэтай укладальніцкай працы, то гэта мог бы атрымацца, сама мала дзясяцітомавік
Міхась Скобла:
Калісьці добры беларускі паэт Васіль Вітка напісаў такія радкі: “для дома, для альбому і трохі для эпохі”, маючы на ўвазе сваю ўласную творчасьць. Так вось я таксама вышукваў у нашых гутарках тое, што магло б быць цікавым ня толькі для дому і для альбому, але трохі і для эпохі, і трохі пра вечнае, як сказаў другі наш выдатны пісьменьнік Янка Брыль. Але гэта, сапраўды, была найбольшая і найгоршая для мяне праца, таму што ўсе 500 гутарак падаваліся мне цікавымі, усе 500 маіх суразмоўцаў заслугоўвалі на тое, каб быць зьмешчанымі ў гэтай кнізе. І нездарма гэтая праца заняла ў мяне найбольш часу. Практычна цэлы год я сядзеў, перачытваў знаёмыя тэксты, то ўстаўляў іх у кнігу, то наадварот выкідваў, таму што ў кнізе ўсяго 500 старонак, а на добры розум, калі б менш патрабавальна ставіцца да гэтай укладальніцкай працы, то гэта мог бы атрымацца, сама мала дзясяцітомавік.

Радкевіч: Якія гутаркі запомніліся найбольш – магчыма, нечаканым паваротам, які прапанаваў суразмоўца, зьбіўшы вас з намечанага пляну размовы?

А каго увогуле хацеў бы запрасіць, можа быць Ларысу Антонаўну Геніюш. У мяне пытаньняў да яе вельмі шмат было б. Калі ўжо зусім фантазаваць, то Янку Купалу. Я б канечне запытаў бы ў яго пра абставіны ягонай сьмерці
Скобла:
Такіх выпадкаў было даволі шмат. Амаль усе суразмоўцы мае ў "Вольнай студыі" -- людзі неардынарныя, крэатыўныя, цікавыя. Можна згадаць запіс адной перадачы з Янкам Брылём. Мы доўга дамаўляліся, я нарэшце прыехаў да яго ў Крынічнае, такі пасёлак на беразе Нёмана за 15 кілямэтраў ад дарогаў, у лясной зацішшы. Мы селі запісваць перадачу. Я толькі расклаў сваё начыньне, запісвалі, запісвалі... А гэта было 4 жніўня, калі ў Янкі Брыля дзень нараджэньня, і тут раптам прыехалі віншаваць ягоныя сваякі з Карэлічаў. Ён папрасіў спыніцца, сустрэў сваіх гасьцей, селі за бяседны стол... Я думаў пра тое, як бы Ян Антонавіч не выйшаў з гэтай кандыцыі. Ён тры чарачкі выпіў са сваякамі, а потым пайшлі ў ягоны пакойчык, каб працягнуць гаворку. Дык другая частка перадачы....

Радкевіч: Істотна адрозьнівалася...

Скобла: Была ў некалькі разоў цікавейшая чым першая.

Радкевіч: Дык гэта можа добры мэтад, каб зрабіць гэтыя гутаркі цікавейшымі... Якіх трох суразмоўцаў – з тых, каго ўжо няма – вы марылі б запрасіць у Вольную студыю, калі б мелі такую магчымасьць? Не абавязкова сучасьнікаў – возьмем шырэйшую гісторыю. І якое пытаньне б задалі?

Скобла: Часам мне падаецца, што ўсіх сучасьнікаў цікавых, якія маюць нешта сказаць людзям, я ўжо усіх запрасіў. За гэтыя 11 галоў былі літаральна адзінкавыя адмовы. А каго увогуле хацеў бы запрасіць, можа быць Ларысу Антонаўну Геніюш. У мяне пытаньняў да яе вельмі шмат было б. Калі ўжо зусім фантазаваць, то Янку Купалу. Я б канечне запытаў бы ў яго пра абставіны ягонай сьмерці, ці напрыклад Расьціслава Лапіцкага, удзельніка антысавецкай арганізацыі на Мядзельшчыне пасьля вайны. Вось загадка для мяне: сын сьвятара расейскай праваслаўнай царквы, адкуль у яго такі беларускі патрыятызм? Вось пра што б я ў яго пытаўся. Але пра яго ў кнізе вельмі цікава гаворыць гісторык Міхась Чарняўскі, які займаўся зьбіраньнем фактаў пра дзейнасьць гэтай арганізацыі.

Радкевіч: Калі б вы самі былі госьцем "Вольнай Студыі" – на якую тэму вы б хацелі паразважаць самі? Пра што вы яшчэ ня выгаварыліся?

Скобла: Перад падрыхтоўкай да кожнай сваёй перадачы, мне падаецца, што я ўжо выгаварыўся, але вакол кожнага цікавага чалавека, як матылькі вакол ліхтара, лётаюць тэмы, і проста гэтыя тэмы трэба браць і выбудоўваць зь іх пытаньні . Ббудзе жыцьцё працягвацца, будуць нараджацца новыя тэмы, будзем і надалей разгаворваць нашу Беларусь
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG