Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкая рэдактарка гэтага тыдня – Тацяна Шапуцька. Скончыла сталічную гімназію №1 імя Францішка Скарыны з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы. Летась паступіла на юрыдычны факультэт БДУ. Апошнія два гады – сябра «Маладога фронту», неаднаразова затрымлівалася. 7 лістапада 2008 году за ўдзел у антыкамуністычным пікеце ля КДБ была арыштаваная на трое сутак. Днямі Тацяну выключылі з унівэрсытэту.


Тацяна Шапуцька
вызначыла найлепшыя матэрыялы сайту "Свабоды" за 17 сьнежня, чацьвер:

У найлепшых матэрыялах чацьвярга я абрала артыкулы, напісаныя ў розных жанрах і адносна непалітычнай тэматыкі. Адносна, бо ў Беларусі рэальна дзейнічае вядомая аксіёма пра пранікненьне палітыкі ва ўсе сфэры жыцьця.

“Касьмічныя амбіцыі Беларусі” – навіна аптымістычная, аднак, успрымаецца з сарказмам. Думаю, маё адчуваньне супала зь меркаваньнем аўтара, судзячы па едкім параўнаньні бюджэтаў НАСА і Беларусі. Шчыра, калі ўбачыла назоў, узьнікла пачуцьцё нейкага розыгрышу, ан не – сапраўды, мала, аказваецца, Беларусі ўнутраных праблем, на вырашэньне якіх можна было б разумна патраціць грошы.

“Неаксамітная рэвалюцыя” – артыкул з блогу Юрыя Дракахруста. На маю думку, блог зьяўляецца адной з найцікавейшых форм выражэньня думак – журналіста не абмяжоўваюць пэўнай рэдакцыйнай палітыкай, ён можа свабодна выказаць усе свае меркаваньні. А калі гэта спалучана з выдатнай мастацкаю афарбоўкаю як у спадара Дракахруста й прысьвечана важнай палітычнай тэме, то асабліва прыцягвае.

Даволі папулярная тэма народных традыцыяў не засталася без увагі журналістаў Радыё Свабоды. Матэрыял "Пра "карчоўку", "чыгуноўку", "цукроўку" і "хлебную" прываблівае вока чытача ня толькі цікаваю тэмаю, але й стылем выкладаньня – аўтар як бы піша артыкул вуснам звычайных сялянскіх людзей, што робіць рэпартаж жывейшым.

"Пяць законаў чалавечай прыроды" - пераклад з навуковага часопісу. Навіна адначасова дазваляе чытачам адпачнуць ад палітычна-эканамічнай тэматыкі і ў той жа час дазваляе задумацца й прааналізаваць на сабе зазначаныя законы, што карысна й займальна.

"9 эўрапейскіх умоваў дэмакратызацыі Беларусі " - матэрыял, прысьвечаны адвечнай тэматыцы: "Беларусь – Эўропа". Выдатна, што невялікая навіна ўтрымлівае толькі ўрыўкі тэксту рэзалюцыі Эўрапарлямэнта без аўтарскіх інтэрпрэтацый, што дазваляе чытачу самастойна сфармаваць думку па зазначанай тэматыцы.
XS
SM
MD
LG