Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 12 сьнежня



ГЕНАДЗЬ ПРАНЕВІЧ: “АСОБУ НІНЫ МАЦЯШ ТРЭБА КАНАНІЗАВАЦЬ”

19 сьнежня міне год, як ня стала паэткі Ніны Мацяш. Прыкутая ў сваім родным Белаазёрску да інваліднага вазка, яна здолела зрабіць у творчасьці і духоўным жыцьці столькі, што вартая быць у шэрагу такіх жанчын Беларусі, як Ларыса Геніюш, Цётка, Рагнеда, Эўфрасіньня Полацкая. А сёньняшні госьць нашай менскай студыі – літаратуразнаўца зь Берасьця Генадзь Праневіч – прапануе нават кананізаваць асобу сваёй зямлячкі. Зь ім гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Мінуў год, як ня стала паэткі, перакладчыцы і грамадзкай дзяячкі Ніны Мацяш. Ці адчуваеце вы, каго ў яе асобе страціла беларуская літаратура?”

Генадзь Праневіч: “Страта Ніны Мацяш – гэта страта непапраўная. Сьмерць праявіла ролю і значэньне гэтай паэткі ня толькі ў жыцьці Берасьцейскага рэгіёну, а і ва ўсёй нашай літаратуры. Калі мы зь сябрамі задумваемся, кім была і кім застаецца для нас Ніна Мацяш, то яе постаць бачыцца ня толькі ў шэрагу сучасьнікаў, а і ў гістарычным разьвіцьці нашай літаратуры. Я бачу яе поруч з такімі ахвярнымі імёнамі, як Цётка, Ларыса Геніюш, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі. Ніна была некім большым, чым проста паэткай, літаратаркай. Яна была ня проста нават актыўнай грамадзкай дзяячкай. Яна была сумленьнем нашай літаратуры. Яна была ахвярніцай, якая ўбірала ў сябе і прадстаўляла лёс народу на самым складаным этапе яго разьвіцьця. Яна брала на сябе клопат ня толькі пра літаратуру, але пра ўвесь духоўны стан грамадзтва. Ніна найбольш яскрава прадстаўляла ў гэты складаны час духоўную культуру нашага народу. Ёй даводзілася вырашаць гэтыя адвечныя праблемы суадносінаў матэрыі і духу, выбару каштоўнасьцяў. І нястача яе ў шэрагах культурных дзеячаў Беларусі вельмі адчувальная, і зь цягам часу гэтая нястача будзе адчувацца ўсё мацней”.

Аксак: “А ці належна, на вашу думку, ацэненая творчая спадчына і асоба Ніны Мацяш у сучасным духоўным жыцьці краіны?”

Ніна Мацяш
Праневіч:
“Безумоўна, гэтая ацэнка няпоўная, і мы робім толькі першыя крокі да адкрыцьця паэзіі Ніны Мацяш. Наша літаратуразнаўства і крытыка ўвогуле ў гэтым сэнсе позьняцца, але ў дачыненьні да Ніны Мацяш позьняцца, можа, у большай ступені, таму што сам правінцыйны статус Белаазёрска, аддаленасьць яго ад літаратурнага цэнтру ўжо наперад вызначалі пэўныя падыходы. Гэта старая савецкая традыцыя, калі ўсё лепшае ацэньвалася па тым, дзе жыве літаратар, дзе ён творыць, ці часта зьяўляецца на экране тэлебачаньня. Але гісторыя культуры і мастацтва сьведчыць, што найбольш значныя творы нараджаюцца ў цішыні. Я думаю, што нам належыць яшчэ адкрываць паэзію Ніны Мацяш. Самы істотны вынік яе творчасьці і грамадзкай дзейнасьці ў тым, што яна паказала нам, як трэба жыць ва ўмовах цяжкіх выпрабаваньняў. Яна, нямоглая, паказала нам, як трэба ўздымацца з каленяў. Яна дала нам гэты прыклад, і гэты прыклад, можа, самы важны ва ўмовах выпрабаваньняў, перад якімі сёньня знаходзіцца беларуская інтэлігенцыя”.

Аксак: “Ці ўжо робіцца нешта па ўшанаваньні памяці Ніны Мацяш – наданьне яе імя вуліцы, заснаваньне прэміі яе імя?”

Праневіч: “Прапановы такія, наколькі я ведаю, унесеныя ў мясцовыя органы ўлады. Робяцца спробы адкрыць літаратурны музэй у яе кватэры. Але, мне здаецца, справа ўшанаваньня памяці Ніны Мацяш далёка выходзіць за межы гэтых лякальных праектаў. Тое, што яна зрабіла ў літаратуры, той духоўны скарб, якім зьяўляецца яе творчасьць, патрабуе нечага іншага, значна большага. Відаць, грамадзкасьць павінна паставіць пытаньне пра тое, каб зрабіць вельмі важны крок па ўвекавечваньні памяці Ніны Мацяш. Я вяду гаворку пра магчымую яе кананізацыю, кананізацыю як паэткі, як духоўнага лідэра, як падзьвіжніцы-хрысьціянкі. Фактычна яна зьдзейсьніла духоўны подзьвіг у імя Беларусі, у імя ідэй чысьціні і сьвятла. Яе самаахвярнае жыцьцё, яе сьледаваньне традыцыям высокай духоўнасьці даюць магчымасьць паставіць пытаньне менавіта так. Самкнуць дзясятае і дваццаць першае стагодзьдзі так, як спалучаецца яе постаць з постацьцю Эўфрасіньні Полацкай. Мне здаецца, час патрабуе менавіта такога кроку. Таму што Ніна Мацяш прайшла ў сваім жыцьці ўсе тыя самыя сем ступеняў верніцы, хрысьціянкі, чалавека высокіх духоўных ідэалаў, якія праходзяць сьвятыя. Сем ступеняў узвышэньня і духоўнага подзьвігу. Усё гэта зафіксавана ў яе жыцьцёвым шляху, у яе мастацкай творчасьці. Мне думаецца, што гэта робіць яе постацьцю аднаго з духоўных лідэраў нашай нацыі, постацьцю гістарычнай для ўсёй Беларусі”.

АЎТАР І ТВОР

ЗЬНІЧ: “ПАКРЫВАЮ НЕБА І ЗЯМЛЮ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАЙ ПЛАШЧАНІЦАЙ”

Трынаццаць гадоў жыве ў Жыровіцкім Сьвята-Ўсьпенскім манастыры паэт Зьніч, ён жа інак Мікалай (гэткае імя пасьля пострыгу прыняў літаратар і філёзаф Алег Бембель). У манастыры ён рэдагуе багаслоўска-літаратурны лісток “Жыровіцкая абіцель”, рыхтуе да выданьня свае і чужыя кнігі, апякуецца навучэнцамі Слонімскай школы-гімназіі. Днямі ў Слоніме пабачыла сьвет новая паэтычная кніга Зьніча “Мне не цябе шкада, а тваю маці”, прэзэнтаваць якую паэт прыехаў у Менск, дзе зь ім сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Брат Мікалай, на вокладцы вашай новай кнігі – малюнак: да маладога чалавека падступаюцца спакусы. Якім чынам гэты, відно, ужо стомлены жыцьцём маладзён можа ад іх засьцерагчыся?”

Зьніч
Зьніч:
“Сам і з дапамогай бліжніх ня зможа. Толькі Гасподзь зможа ўратаваць яго, калі ён укленчыць: “Госпадзе, гіну, дапамажы!” Але, як кажуць: Божа, дапамажы, але ж і ты, мужык, не ляжы!”

Скобла: “Я б хацеў тут прыгадаць вашу самую першую кнігу, якая называлася “Рэха малітвы” і выйшла ў Нью-Ёрку ў 1988 годзе. У прадмове да яе доктар Янка Запруднік пісаў, што “кніга выходзіць бяз ведама аўтара”. Скажыце, ці не адбылося тады парушэньня вашага аўтарскага права?”

Зьніч: “Каб гэтак маё аўтарскае права парушалі ўсё жыцьцё, дык лепшых парушэньняў і ня трэба. Усе публікацыі, якія выходзілі ў Беларусі, былі сцэнзураваныя, мізэрныя, абсечаныя, пакамечаныя, літаральна ледзь ня кожны абзац быў згвалчаны. А ў ЗША бяз ведама і згоды аўтара надрукавалі так, як аўтар і хацеў, так, як ён пісаў. Так што за такое “парушэньне” аўтарскага права я майму сябру Янку Запрудніку шчыра ўдзячны. Дай Божа яму здаровіца ды жыць да сотні з добрым беларускім гакам”.

Скобла: “А як траплялі вашыя творы ў сваім першародным выглядзе туды, у вырай, на сустрэчу з друкарскім варштатам?”

Зьніч: “Тайны Божыя не спаведныя. Калі ў Лёндане (таксама бяз ведама і згоды аўтара) выйшла кніжка “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”, мае апанэнты ў мяне перш за ўсё пыталіся не пра зьмест кнігі, а як яна туды трапіла? Я адказваў, што і сам ня ведаю. Сапраўды, ня ведаю і да гэтай пары. Ёсьць розныя вэрсіі, як кніжка магла туды трапіць, але як было насамрэч – адзін Гасподзь ведае. Можа, фрагмэнты праўды ведаюць і людзі. Як да Запрудніка дайшлі мае вершы? Яны тут, у Беларусі, хадзілі па руках. Я іх пісаў і сябрам даваў – вось і пачынаўся іхні вырай”.

Скобла: “Даўней пры манастырах былі багатыя бібліятэкі з унікальнымі кнігазборамі. Якая сёньня бібліятэка ў Жыровіцкім Сьвята-Ўсьпенскім манастыры?”

Зьніч: “У Жыровічах не адна бібліятэка. Ёсьць бібліятэка братняя, ёсьць бібліятэка сэмінарская і ёсьць бібліятэка “Жыровіцкай абіцелі” (літаратурна-багаслоўскага выданьня). Я, як ягоны рэдактар, зьбіраю ўнікаліную бібліятэчку: творы беларускіх аўтараў з аўтографамі”.

Скобла: “А якія кнігі брат Мікалай трымае найбліжэй да сябе, у сваёй кельлі, як кажуць – у галавах?”

Зьніч: “Келейныя бібліятэчкі ёсьць амаль у кожнага манаха. Што мы маем пад рукой? Найперш – гэта Эвангельле, Малітваслоў і творы сьвятых айцоў, Псалтыр. А далей ужо – паводле густаў кожнага. Скажам, ня так даўно мне на вочы трапіла вельмі моцная кніга сьвятога Юсьціна Сэрбскага “Філязофія і рэлігія Дастаеўскага”, раю ўсім пагартаць. Выданьне Беларускага экзархату. Сьвяты напісаў пра Дастаеўскага, якога ён сам лічыць амаль што сьвятым”.

Скобла: “А якое Эвангельле ў вашай келейнай бібліятэцы?”

Зьніч: “Самае маё ўлюбёнае – Эвангельле, выдадзенае Беларускім экзархатам на чатырох паралельных мовах: грэцкай, царкоўна-славянскай, расейскай дарэформвай і сучаснай беларускай”.

Скобла: “Брат Мікалай рэдагуе багаслоўска-літаратурны лісток “Жыровіцкая абіцель”, выдаў сем кніг. Ці мае ён за гэта нейкую палёгку ў паслушаньні? Бо я ведаю, што рэжым у манастыры вельмі строгі”.

Зьніч: “Так, рэжым строгі, але рэдактарская дзейнасьць (а я адказны наогул за выдавецкую дзейнасьць манастыра) і ёсьць маё асноўнае паслушаньне. У яго ўваходзяць і прэзэнтацыі нашых выданьняў. Скажам, сёньня я прыехаў у стольны Менск дзеля прэзэнтацыі сваёй кнігі і манастырскіх выданьняў. Так што рэжым зьмяняецца ў адпаведнасьці з графікам маіх паслушаньняў”.

Скобла: “Першая прэзэнтацыя кніжкі “Мне не цябе шкада а тваю маці” прайшла днямі ў Слонімскай гарадзкой бібліятэцы. Скажыце, як прайшла вечарына? Ці знаходзіць слова з-за манастырскага муру водгук у людзкіх сэрцах”.

Зьніч: “Вельмі цёпла прынялі сланімчане маю кнігу. У бібліятэцы сабраліся, можна сказаць, цьвет слонімскай шляхты і навучэнцы. Была сяброўская зычлівая атмасфэра, прысутнічалі каля сарака чалавек. Было ўтульна, хораша і прыемна”.


ЗЬНІЧ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Праваслаўная Беларусь


...восем мільёнаў – міранаў і клеру...
зоркі Сьвятых... і цярпеньне бязь меж...
мову забралі... аслабілі веру...
а Ты – як Храм Эўфрасіньні –
жывеш!..

...ценямі гвалтаўнікоў-душахватаў
засьцілі вочы спакусы-вякі...
сьвет адкрываўся, нібыта з-за кратаў...
а ў Тваім сэрцы – цьвілі васількі!..

...колькі б зязюля Табе ні кувала –
зоркай-Палын альбо здрадай братоў, –
Авеляў дух Ты навек захавала
і не прадала сваіх Сьвятароў!..



Беларусу пра Скарыну

...каму б ён долю ні аддаў –
Каталікам ці Пратэстантам, –
ён паспалітым Праваслаўным
Сьвятое Слова пераклаў...

...калі ты хочаш на зямлі
працягваць зорны шлях Скарыны,
свае шурпатыя сьцяжыны
да Праваслаўя прытулі...

* * *

...мы прывыклі неяк не па-людзку
пра матывы сэрцаў меркаваць:
можна нішчыць Беларусь – па-беларуску…
можна па-расейску – ратаваць...

Сечы паміж хрысьціянамі

...войска на войска – ў бітву – ідзе...
кожнае творыць: малітву – ў Хрысьце…
вояр выконвае нечый загад...
вояр гаворыць: ні кроку назад!..

– Госпадзе, зьлітуйся... дапамажы...
душы ад згубы аберажы...
дай нам – праз безьліч разораў і бед
выканаць толькі
Твой Запавет!..


Гардыня плямёнаў

...спрачаюцца браты-нацыяналы
(даходзячы й да мардабойных шалаў):
якіх крывей Хрыстос і Багародзіца?..
– ў нянавісьці ўзаемнай аж заходзяцца...

...даводзілася чуць мне: Матка Боска –
чыстапародная паненка – Polska...
...сягаюць (каб зьбянтэжыць апанентаў) –
аж да йконаграфічных аргумэнтаў:
Японьчыкаў іконы... Эфіопаў... –
заводзяць нас далёка ад Эўропы...

...падумайма – каб не было сумневу:
якога племені – Адам і Ева?..
ад іх нібы пайшлі ўсе плямёны
Зямелькі нашай – сіняй і зялёнай...

...таму, сябры, прыходзім да высновы:
Каго цяпер завем Адамам Новым?..
Каго мы пачуваем Новай Евай?..
...й ня будзе ў нас – ні спрэчак, ні сумневаў...


У “Крыніцы” –
пад стольным Менскам


...дуб... бяроза... клён... сасна... яліна... –
пад маім сумовяцца вакном...
скарбніцу спрадвечных успамінаў
абуджаюць дрэвы – быццам... гром!..

...гром ня грымне – люд не перахрысьціцца...
– да якой пары то будзе – і с ь ц і н а й ?..
...а бярозка – у абдымках клёну...
дык чаму ж ня могуць так – п л я м ё н ы ?.
Сьвяты покрыў

...чую слова вешчае: л ю б л ю
над маёю сьпеўнаю званіцай...
пакрываю Неба і Зямлю
Бел-Чырвона-Белай
Плашчаніцай.
XS
SM
MD
LG