Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Гарадоччыны прадае нырку, бо няма на што жыць


Аляксандар Жыткевіч

Аляксандар Жыткевіч

Аляксандар Жыткевіч з вёскі Бычыха просіць раённую газэту “Гарадоцкі весьнік” бясплатна надрукаваць аб'яву пра продаж ныркі: цягам 7-мі месяцаў ён ня можа ўладкавацца на працу і ня мае сродкаў да існаваньня.

У працаўладкаваньні за сем месяцаў гэтага году спадару Жыткевічу адмовілі 13 арганізацый і ўстановаў. Ён лічыць, што кіраўніцтва раёна распачало супраць яго неабвешчаную вайну пасьля ягонага ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2008-га году ў якасьці назіральніка.

Гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы згадвае, што 23- гадовага зубнога фэльчара з вёскі Бычыха яшчэ тады начальства папярэдзіла пра верагодныя нэгатыўныя наступствы. І неўзабаве маладога спэцыяліста асудзілі за нібыта незаконнае атрыманьне грошай ад пацыентаў. У траўні гэтага году суд пазбавіў Аляксандра Жытквіча права займацца прафэсыйнай дзейнасьцю цягам двух гадоў. Знайсьці іншую працу аказалася амаль немагчымым.

У ліпені Аляксандар Жыткевіч разам з яшчэ адным беспрацоўным гарадоцкім актывістам Леанідам Аўтуховым праводзілі пяцідзённую галадоўку, каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці і ўладаў на свае праблемы. Пасьля гэтага Жыткевіча ўзялі на выпрабавальны тэрмін у Гарадоцкі лясгас, аднак сталай працы атрымаць так і не ўдалося: дырэктар адмовіўся прыняць яго нават рознарабочым.

Рашэньне прадаць нырку жыхар Гарадоччыны прыняў таму, што іншых сродкаў да існаваньня проста ня мае - ён сірата, выхоўваўся ў інтэрнаце, а на працу яго не бяруць.

Актывіст руху "За Свабоду!" Леанід Гаравы паведаміў, што абвешчаны збор сродкаў для Аляксандра Жыткевіча. Неабыякавыя землякі ўжо адгукнуліся на зварот і перадалі для яго харчы. Зараз актывісты Руху ствараюць Камітэт падтрымкі Аляксандра Жыткевіча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG