Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Законьнікаў: “Галасы з “Вольнай студыі” – сьведчаньні Гісторыі”


Сяргей Законьнікаў

Сяргей Законьнікаў

Сваімі ўражаньнямі ад “Вольнай студыі” дзеліцца паэт Сяргей Законьнікаў. Нагадваем, што прэзэнтацыя кнігі, якую склалі выбраныя гутаркі Міхася Скоблы з выдатнымі сучасьнікамі, адбудзецца 18 сьнежня а 18.00 у сталічным Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3). У вечарыне возьмуць удзел дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, перакладчык Васіль Сёмуха, паэт Уладзімер Някляеў, мастак Рыгор Сітніца, паэт і бард Эдуард Акулін…


Сяргей Законьнікаў:
“На Радыё Свабода мне падабаюцца многія праграмы, у тым ліку “Вольная студыя”. Праграма Міхася Скоблы вельмі важная, бо практычна абараняе свабоду слова, занядбаную нашым грамадзтвам, якое празьмерна запалоханае. А без свабоды слова і друку, без адраджэньня роднай мовы і культуры ніколі ня будзе ў Беларусі нармальнага дабрабыту. Гэта так. Мне асабіста патрэбна ня толькі луста на стале, але і хлеб духоўны, душэўны.

Улада адабрала ў пісьменьнікаў ня толькі маёмасьць – Дом літаратара, які каштуе мільёны даляраў і цяпер дае чыноўнікам агромністы прыбытак. Улада пазбавіла нас месца, дзе можна было зьбірацца, абменьвацца думкамі, вырашаць творчыя праблемы. У нас ня стала Дому яднаньня душаў. Калісьці мы вясёлай сябрынай маглі ўваліцца да некага ў кватэру і там пагаварыць, параіцца, пажартаваць. Скажам, мая маленькая дачка Сьвятлана, седзячы на падлозе, магла сказаць шаноўнаму Нілу Сымонавічу Гілевічу: “Дзядзька, сядзь са мной і палушчы мне семак!”. Цяпер таго няма. А таму хораша і радасна пачуць знаёмыя і дарагія галасы ў “Вольнай студыі”, якую вядзе Міхась Скобла.

Запатрабаванай будзе і выдадзеная кніга, якая дазваляе вярнуцца да таго, што расказвалі, чым дзяліліся зь людзьмі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Віктар Казько ды іншыя творцы. Праект “Бібліятэка Свабоды” падабаецца яшчэ і тым, што ён мае прыкладны характар. Сабраныя пад адной вокладкай, гэтыя цікавыя гутаркі становяцца праўдзівым сьведчаньнем нашага блытанага, праклятага ды непазьбежнага часу, становяцца сьведчаньнем самой Гісторыі.
XS
SM
MD
LG