Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Каляды дзеўкі рады — хлопцы семак прынясуць...


vushasti

vushasti

Першыя мае ўспаміны пра Каляды — гэта сьмецьце ад лушчаных гарбузікаў на падлозе ды вось такое прыслоўе. Сьмецьця так многа, яго ніхто не прыбірае, за яго не злуе маці.

Сёньня — можна, сёньня — Каляды, і гарбузікі (семкі, казалі ў нас) лушчацца прама на вымытую ўчора да жаўцізны, з драчом, падлогу. Асаблівы, незвычайны пачастунак у гэты дзень — грэцкія арэхі. Іх трэба было набываць загадзя ў старога яўрэя Гіршы за яйкі. Яшчэ Каляды ў той час — фільм “Ноч перад Раством”, гульбы на вуліцы, калядоўнікі з казой і мядзьведзем, украдзеныя ў суседа вароты...

Карацей — паганства. Дзікае, неўтаймаванае, выпушчанае на волю ў гэтую ноч, як і ў ноч на Купальле. Ці быў сярод нас Хрыстос і Яго нараджэньне?

Толькі адзін сполах памяці асьвятляе мінулае неверагодным месячыкавым сьвятлом, іскрыстым сьнегам і лёгкім марозам. І — Хрыстом. Ух, які месяц быў зыркі, як зьзяў ён над вёскай, як амаль фізычна заўважным было яго залатое сьвятло, што лілося на сьнег, і сьнег здаваўся не халодным і колкім, у гурбы хацелася ўпасьці, адчуць казытлівую мяккасьць. І мы, хлопцы-падлеткі, адчувалі гэтае жаданьне ў сабе і ў дзяўчат і піхалі іх у гурбы, і самі валіліся, і ў гурбах гэтых, у сьнезе калядным абуджалася, расло, выпірала нешта глыбока-сутнаснае, амаль зьвярынае, вабнае і страшнае — то першая пачуцьцёвасьць растоплівала за каркамі і пазухамі калядны сьнег.

На Каляды дзеўкі рады...


...Мы ідзем, дурэючы, вясковай вуліцай, узьнімаемся на горку і раптам чуем наперадзе роспачны віскат дарослых дзяўчат — зусім не жартоўны, у ім рвецца ў марознае неба страх...

Нас многа, мы бяжым туды — і бачым наперадзе некалькі постацяў, што бягуць, бягуць спуджана, хоць за імі ніхто ня гоніцца. Умомант сьцішаныя, азіраемся мы: ціхая вуліца, нідзе ні гуку, мякка сьвецяцца жоўтым вокны некалькіх хат і месяц залацісты на ўсыпаным зоркамі небе...

— Ай, глядзіце! На бярозе! А-а-а! — і зрываецца зь месца адна дзяўчына, за ёй — увесь кагал наш нясецца прэч. Толькі ж мы — мужыкі, мы азіраемся раз і другі, мы спыняемся — бо чаго тут баяцца? Няма чаго баяцца...

Некалі тут была хата, яе разабралі, цяпер гэтае месца ў вёсцы — як дзірка ў радзе зубоў. Хаты няма, а бярозка, што некалі стаяла ля яе, засталася.

І вось на бярозе, высока над яе верхавінай, бы намаляваны на чорна-сінім у россыпе зорачак небе — крыж. І на тым крыжы — гараць, ледзь падрыгваюць, ярка-жоўтыя язычкі полымя...

І ўжо мужыкі, адарваныя ад сьвяточных сталоў, ад гульні ў карты, у накінутых на плечы ватоўках выходзяць з хат, ідуць да нас, галовы задзіраючы, і іскрынкі зь іх самакрутак падаюць чырвонымі кропелькамі на бліскучую дарогу...

...То старэйшыя хлопцы пажартавалі: сьцягнулі ў дзеда пехаўё (навільнік доўгі, стагі вяршыць), на канцы адным прыкруцілі палку накрыж, сьвечкі тоўстыя прымацавалі. І асьцярожненька той крыж на бярозу ўзьнялі з запаленымі сьвечкамі.

Так першы раз у сьвята Калядаў, у паганства звычайнае, прыйшло хоць нешта ў маё жыцьцё, з Хрыстом зьвязанае...

Як быццам нешта зьмянілася сёньня. Адны кажуць — дык і многа зьмянілася. Шмат цэркваў, касьцёлаў і дамоў маленьня, і людзі на сьвяты вялікія валам валяць. І на Вадохрышча за вадой асьвечанай, як некалі за каўбасой дзяшовай, у чарзе душацца, і двор перад царквой на Вялікдзень застаўлены кошыкамі ды сумкамі з пачастункамі велікоднымі. Трэба сьвянціць — сьвенцяць. І першы кавалачак у рот дзіцяці імкнецца маці ад таго самага яечка пасьвечанага ўсунуць. Бо трэба...

Мода? Не... Мне сёньня вера людзей нашых у Хрыста нечым падобная да веры ў камунізм. І формы — тыя ж. Як некалі на сходах сядзелі (хутчэй бы!), так сёньня на службе ў царкве (ногі баляць!). Як на дэманстрацыю са сьцягамі — так на хрэсны ход з харугвамі.

А ў душы — пустэча.

Хіба гэта ня тое паганства майго дзяцінства? Паганства... Іншай, больш цывілізаванай формы. І розьніць яго, цяперашняе, ад таго, далёкага, менавіта тое, што сутнасьці не засталося. Толькі форма. Якая і падмяніла сутнасьць.

Сёньня духам Раства мы называем задуху перадсьвяточных магазынаў з канвеернымі цацкамі на прылаўках, спацелыя чэргі да гэтых прылаўкаў, дзе нясе дарагой парфумай, настоенай на мужыцкім поце ды разьмяклай скуры. Важнасьць Раства мы вымяраем сярэдняй сумай даляраў, што трацяць амэрыканцы, швэды ды палякі і мы самі на сьвяточныя падарункі. Радасьць Раства — то новыя рэцэпты запяканьня гусі ці курыцы.
Такі ў нас дух Раства — пах магазынны ды смурод кухонны.

І зразумела быццам, што каб сьвята Раства было напоўнена сапраўдным сьвятлом духоўнасьці, трэба сьвяткаваць ня нейкія Каляды, не “Рождество”, а менавіта дзень нараджэньня Хрыста — і з тым адчуваньнем, зь якім сьвяткуем мы дні нараджэньня свайго роднага бацькі. Але пакуль ня Дзень Яго народзінаў сьвяткуем — мы адзначаем “празднік”. Як адзначаюць палучку рабочыя за прахадной.

Няма для нас у гэтым сьвяце таго, што завецца сакральнасьцю. Бо няма ў нас той веры, каб адчуць душой веліч сьвята і веліч Хрыста...

Калі шчыра: многа нас, хто сам сабе прызнаецца: веру, што Іісус Хрыстос у дзень гэты нарадзіўся, што людзей вучыў і быў расьпяты на крыжы, і што ўваскрэс, і што быў Ён Сынам Божым, што ёсьць Царства Яго, і што будзе нада мной суд Яго праведны пасьля маёй сьмерці?

Вось самі сабе, мужыкі, га? Хто скажа, што верыць у гэта, як верыць у тое, што зямля — круглая?

Адну казку калядную чакаю я з тых самых гадоў дзяцінства, адну казку выглядаю ў зімнім начным небе. А раптам так станецца, што, як некалі ў дзяцінстве, зазьзяе над маёй галавой крыж Хрыста з запаленымі сьвечкамі. І такі, каб з кожнага куточка майго п’янага гарадка быў відзён, з кожнай вёсачкі раёна, з кожнага горада Беларусі. Каб кожны пабачыў, каб сьвятлом тым Божым душу яго прасьвяціла, каб праз мозг і сэрца маланкай прайшло: сёньня — Дзень Нараджэньня Хрыста, сёньня — Раство.

Ды толькі баюся: як нам тады, малым, вусьцішна стала ад звычайнага, урэшце, відовішча — крыжа на бярозе, ці не ахопіць сапраўдны жах жывёльны ўсіх жывучых, ці ня кінемся мы хто куды, як пабачым крыж на небе, кінемся не адзначаць Яго нараджэньне, не сустракаць Яго прышэсьце, а прагульваць свой апошні дзень?

...Эх, Хрыстос, што ж ты крыж на дзівосах Сваіх паставіў, сказаўшы, што час іх скончыўся? Як жа нам, слабым ды нямоглым, з душамі зьняверанымі, верыць у Цябе, у нараджэньне Тваё?


Валеры Гапееў. Нарадзіўся, хрысьціўся, вучыўся, служыў, жаніўся. Працаваў майстрам у вучылішчы, наладчыкам на “Інтэграле”, токарам, інжынэрам- тэхнолягам па мэталах. Цяпер — адказны сакратар у раёнцы. Спрабую пісаць. Пераважна для падлеткаў, старэйшых падлеткаў.

1.Навошта я пішу блог
Навошта блог? Дазваляе тут, у правінцыі, адчуваць сябе не на бязьлюдным востраве.
2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах
Люблю ў блогах магчымасьць хутка адказаць і хутка атрымаць адказ (быццам дыялёг).
3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах
Не люблю ў блогах магчымасьці хутка адказаць (ляпнеш, не падумаўшы) і хутка атрымліваць адказ (ляпне нехта, з адных эмоцый).
4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Сам чытаю і другім раю:

Блог Сьцяпана (добра і добрае піша).

Блог Южыка (яго крытычныя матэрыялы, як сьлёзы дзіцёнка — максымальна шчыра).

Блог Будзіміра (нястомны шукальнік, трапны аглядальнік).

Блог Асі Паплаўскай (у гушчы моладзевага літаратурнага і калялітаратурнага жыцьця).

Зрэшты, сказаў, што мо найбольш папулярнае і ў другіх, але не аддзяляю блогаў ад людзей. А мне ў першую чаргу цікавыя людзі. То яшчэ блогі Балахонава, Бязьлепкінай, Уладзімера і яшчэ большая палова са сьпіса маіх сяброў. От ажыў блог Федарэнкі, мне цікавыя Давыдоўская, Рэгіна (шкада, даўно ня піша), заводзіць таямнічы Дж-блогер, сачу за Глобусам (цікава назіраць за ім як за чалавекам, ён — ужо фігура...).

Баюся каго пакрыўдзіць — у мяне няма нецікавых сяброў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG