Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЖ-юзэры і цуды


Інга Татур
Інга Татур

З-за асаблівасьцяў майго дыягназу для самастойнага перасоўваньня ў прасторы мне нестае сілы самой круціць колы звычайнага, нават самага прасунутага і лёгкага вазка.

Напрыканцы дзевяностых знаёмыя хлопцы з бабруйскай асацыяцыі вазочнікаў сабралі для мяне электравазок зь некалькіх старых нерабочых мадэляў, атрыманых па гуманітарнай дапамозе. Той зборны вазочак меў шмат хібаў, нязручнасьцяў, патрабаваў пэўнай дапрацоўкі, таму карыстацца ім мне не давялося. Толькі аднойчы выпала магчымасьць ажыцьцявіць невялікі шпацыр па парку зь ягонай дапамогай. Тыя паўгадзіны я адчувала сябе роўнай усім сустрэчным. Тыя паўгадзіны зьмянілі маё стаўленьне да асабістай нерухомасьці, бо зразумела — у сьвеце існуюць сродкі яе паменшыць.

У сьвеце існуюць. А ў нас ня ўсё так проста. Па-першае, гэтыя сродкі ня танныя і, збольшага, маладаступныя для чалавека, што жыве на пэнсію па інваліднасьці ці на сярэднюю зарплату. (Я маю на ўвазе вазкі з электрапрыводам.) Па-другое, усё вакол нас не прыстасавана для актыўнага жыцьця вазочніка. Напрыклад, нашыя шматпавярхоўкі на ўзроўні архітэктурнай думкі разьлічаны толькі на здаровых людзей. Вузкія лесьвічныя пляцоўкі і дзьверы ліфтаў, крутыя сходы. Вазочніку спатрэбіцца зашмат дапамогі, калі захоча выбрацца з кватэры ды трапіць да сьведчаньня нашай перамогі ў барацьбе за безбар’ернае асяродзьдзе — пандуса пры ўваходзе ў пад’езд.

Таму, калі вельмі хочаш паўтарыць самастойны шпацыр па парку, разьлічваць даводзіцца толькі на цуд.

Цуд дык цуд! З таго часу як у слаўным горадзе Бэтлееме нарадзіўся Госпад Ісус Хрыстос, сьветлых цудаў паболела на зямлі. Тое нараджэньне само было цудам — Сын Божы нарадзіўся на зямлі Чалавекам. Можа, таму нават далёкія ад рэлігіі людзі ў сьвята Раства Хрыстовага пачынаюць крыху верыць у цуды? Але з моманту ўвераваньня ў Сына Божага Божая прысутнасьць у жыцьці для мяне перастала быць прывязанай да пэўнага сьвята. Бог кожны дзень поруч: чуе, суцяшае, падтрымлівае, адказвае на малітвы. Галоўнае —толькі не забывацца на гэта. Таму калі я зразумела, што электравазок для мяне рэч недасягальная, пачала аб гэтым маліцца. І ня маю сумневу: тое, што адбылося пасьля — ёсьць адказам на гэтую малітву.

Ня дзіва, што ўсё распачалося на леташняе Раство. Калі пасьля няўдалай спробы трапіць у кватэру па прыезьдзе зь сьвяточнага набажэнства ў маім сьціплым ЖЖ-дзёньніку зьявіўся запіс, як я ледзь ня выпала з вазка, пераадольваючы шэсьць прыступак у пад’езьдзе дома. У запіс я ўставіла і сьпіс сьвяточных пажаданьняў. Пісала па максымуме, што на той момант лічыла самым патрэбным і недасягальным для больш ці менш актыўнага жыцьця ў маім становішчы. Таму ў гэтым сьпісе апынуўся і электравазок.

Якой рэакцыі я чакала ад чытачоў? Ня той, якую атрымала. Шчыра кажучы, вельмі хацелася зь некім падзяліцца эмоцыямі, бо прыгоды ў пад’езьдзе зноўку напомнілі мне пра асабістую бездапаможнасьць ды добра папсавалі настрой. Я чакала пэўных водгукаў, але водгук Наталкі Васілевіч з прапановай правесьці акцыю па зборы сродкаў на электравазок аказаўся зусім нечаканым.

У сёньняшнім лістападзе акцыя пасьпяхова завяршылася (хутка толькі казкі расказваюць), вазок стаіць у мяне дома ў чаканьні вясны. Ведаю, прыдзецца пераадольваць шмат фізычных і псыхалягічных бар’ераў, каб выкарыстаць магчымасьці, што ён мне дае. Аднак, з Божай дапамогай, прарвемся!

Ніколі ня ведаеш дакладна, якім чынам Бог адкажа на тваю просьбу ў малітве. У гэты раз Ён задзейнічаў беларускіх блогераў. Мяркую, гэта лепшае сьведчаньне існаваньня здаровай беларускай (беларускамоўнай) блогасфэры. Дай Бог кожнаму з удзельнікаў акцыі сьвята Хрыстовага нараджэньня перажываць асабіста, з радасьцю і многімі цудоўнымі праявамі ў жыцьці!

michalinka



1.Навошта я пішу блог
Для задавальненьня графаманскіх патрэбнасьцяў.
2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах
Інтэрактыўнасьць. Непадобнасьць аднаго на другі, што дае магчымасьць адшукаць свой асяродак па цікавасьцях і адначасова пазнаёміцца зь іншымі поглядамі на жыцьцё ў нефармальных, свабодных абставінах.
3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах
Спам-ботаў.
4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

rastaev.livejournal.com

ales-chyhir.livejournal.com

lemantar.livejournal.com

alex-poetry.livejournal.com

dasha-lis.livejournal.com
XS
SM
MD
LG