Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігрант зь беларускім абліччам, або Беларусь у разрэзе іншых вачэй


Штогод 18 сьнежня з ініцыятывы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў адзначаецца Міжнародны дзень мігранта. Паводле ААН, сёньня амаль 200 мільёнаў чалавек жывуць і працуюць не ў сваёй краіне. У зьвязку з гэтым Генэральны сакратар арганізацыі Пан Гі Мун падкрэсьліў: мігранты робяць вялізны ўнёсак у разьвіцьцё сучаснага сьвету. Аднак пры гэтым у шэрагу выпадкаў зазнаюць дыскрымінацыю, эксплёатацыю і жорсткія адносіны з боку карэннага насельніцтва. Як пачуваюцца іншаземцы ў Беларусі, і ці знаходзяць лёгкае жыцьцё ў замежжы беларусы?

Паводле афіцыйных зьвестак, агульная колькасьць легальных і нелегальных мігрантаў у сьвеце перавышае 70 мільёнаў чалавек. Яшчэ каля 130 мільёнаў жывуць па-за краінамі свайго грамадзянства. То бок, блізу 3% усяго насельніцтва раскіданыя па-за межамі сваіх звыклых арэалаў існаваньня.

Як і іншыя краіны, Беларусь уцягнутая ў тры асноўныя міграцыйныя плыні: законная міграцыя, незаконная і так званая “ўцечка мазгоў”. Легальнае працаўладкаваньне за мяжой істотна саступае пошуку не зусім законнага заробку, што пацьвярджаецца масавым ад’ездам беларусаў на расейскія будоўлі. Асноўны адток навукоўцаў і інтэлектуальнай эліты прыпаў на 1990-я, і цяпер яны складаюць толькі нязначную частку тых, хто ад’яжджае зь Беларусі.
Мы там нібыта “рускія” — бо ўсе габрэі, якія выехалі з былога СССР, там лічацца “рускімі” — а рускі там яшчэ горш, чым у Саюзе габрэй...

Ігар Гозман — прыклад цалкам законнай міграцыі. Выехаў зь сям’ёй у Ізраіль, працаваў на перапрацоўчым заводзе ў Бээр-Шэве. Аднак праз колькі гадоў зноў вярнуўся ў Беларусь. Па-першае, там зноў стала неспакойна, па-другое, ня вытрымаў таго, што нават народжаная ў Ізраілі дачка так і ня стала для той краіны паўнавартаснай грамадзянкаю:

“Многія мае знаёмыя ад’яжджалі, калі дзеці былі яшчэ да школы ці ў 1 клясе. Бо для любога чалавека гэта істотна. Калі дзіцёнку 10 гадоў, ён прыяжджае і атрымлівае стрэс. Новая мова, новыя традыцыі, мэнталітэт. Чым больш дарослы, тым цяжэй перабудоўваюцца. Шмат хто ўпадае ў дэпрэсію; дзяцей непрыхавана крыўдзяць з-за таго, што яны ня ведаюць мовы, іх дражняць. Апроч таго, мы там нібыта “рускія” — бо ўсе габрэі, якія выехалі з былога СССР, там лічацца “рускімі” — а рускі там яшчэ горш, чым у Саюзе габрэй. Перадусім дастаецца дзецям ад дзяцей жа: сьвіньні, ад’яжджайце дадому, чаго вы сюды панаехалі? Вось такія ў асноўным рэаліі”.

Толькі ў апошнія гады сталі здабыткам галоснасьці факты працаўладкаваньня беларусаў на афрыканскім кантынэнце. І то дзякуючы не працоўным дасягненьням, а шматлікім авіякатастрофам, у якіх гінулі беларускія пілёты. Самы апошні выпадак авіяцыйнай інтэграцыі — праўда, ня ў Афрыцы, а ў Азіі — зьвязаны з арыштам у Тайляндзе транспартнага самалёта Іл-76, гружанага зброяй. Сярод затрыманых — і віцяблянін Міхаіл Петухоў. Бацька жыхаркі Менску Ірыны Жаўняровіч некалькі гадоў адпрацаваў у Конга. Зарабляў нядрэнна, але штодня рызыкаваў жыцьцём:
Уранавую руду, надзвычай шкоднае для здароўя рэчыва, перавозяць у звычайных пасажырскіх самалётах, здараецца і такое.

“Па ўсёй Афрыцы нашых лётчыкаў дзясяткі. Мы пра гэта адмыслова даведваліся, турбаваліся, бо там апошнім часам вельмі шмат аварый. Але нягледзячы на гэта, яны адтуль ня хочуць зьяжджаць, усё роўна застаюцца. Некаторыя на паўгода зьезьдзяць і вяртаюцца, а некаторыя застаюцца на большы тэрмін. Хоць умовы працы жахлівыя. Перавозяць ня толькі зброю, алмазы, але і ўранавую руду. Гэта надзвычай шкоднае для здароўя рэчыва, а яны перавозяць у звычайных пасажырскіх самалётах, здараецца і такое. І нават калі хапае паліва, то самалёт часам не вытрымлівае такой нагрузкі”.

Ёсьць прыклады і ўдалай зьмены месца жыхарства. Алена зь Берасьцейшчыны зьехала ў Эгіпет, здолела ўладкавацца ў камфартабэльны гатэль і лічыцца там на вельмі добрым рахунку. Ці варта было рабіць такую ракіроўку?

“Вядома, грошай шмат трэба, бо дапамогі чакаць няма адкуль. 250 даляраў у мяне афіцыйны заробак. Гэта няшмат, але апроч гэтага ў мяне ёсьць “чаявыя”. І я жыву тут, харчуюся без праблемаў, выкарыстоўваю ўсе выгоды гатэлю. Хаджу спакойна на пляж, магу сядзець пасьля працы ў бары ці наведваць дыскатэку. То бок — тое, што не дазволена мясцовым. Таксама ёсьць квота на міжнародныя перамовы праз тэлефон, рэгулярна тэлефаную маме, сябрам”.

У Беларусі пра мігрантаў згадваюць пераважна ў зводках МУС, калі паведамляецца пра нелегалаў, якія намагаліся патрапіць на Захад. Але некаторыя замежнікі пусьцілі карані, што называецца, гістарычна. Яшчэ падчас прысутнасьці савецкіх войскаў у Аўганістане жыхары гэтай краіны атрымлівалі цывільную і вайсковую адукацыю ў беларускіх ВНУ. Некаторыя потым папросту адмаўляліся вяртацца на радзіму. Нямала віетнамцаў і азэрбайджанцаў, якія сталі звыклай зьявай на практычна любым кірмашы.
Калі прыехаў госьць, яго трэба прыняць, зразумець, пачуць, з ворага зрабіць сябра.

Існуе і культурная міграцыя. Грузінскі сьпявак Тарыэл Майсурадзэ — ахвяра этнічных канфліктаў на Каўказе пачатку 1990-х. Ягоныя бацькі дагэтуль ня могуць вярнуцца ў родныя мясьціны, падкантрольныя прарасейскім адміністрацыям. Сам ён лічыць сябе чалавекам зь дзьвюма радзімамі:

“Усе ж павінны суіснаваць цывілізавана, разам займацца мастацтвам, іншым — незалежна ад таго, што адбываецца з падачы палітыкаў. Ня трэба лішні раз распальваць сытуацыю. Гэта як у выпадку з госьцем: прыехаў госьць. Ну, і што з таго, што ён верыць у іншага бога? Давай яму морду наб’ем за гэта? Калі прыехаў госьць, яго трэба прыняць, зразумець, пачуць, з ворага зрабіць сябра. Па магчымасьці, канечне. А то Гасподзь таксама думаў камень ад каменя не пакінуць, зьнішчаў людзей, а потым пачынаў усё наноў. Пакуль Ісуса не прыслаў на зямлю разабрацца “праз скуру чалавечую”.

На ўзроўні ўраду распрацаваная праграма на прыцягненьне ў Беларусь з-за мяжы высокаадукаваных спэцыялістаў. Прычым ня толькі тых, хто б працаваў па абмежаваных кантрактах, а хто ў пэрспэктыве мог бы тут і застацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG