Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскія ўлады наступаюць на Севастопальскі парк


Сёньня ў Менску, у будынку школы №70 чыноўнікі Першамайскага раёну сустрэліся зь мясцовымі жыхарамі. На сходзе жыхары спрабавалі даведацца, які лёс чакае Севастопальскі парк, над якім навісла пагроза зьнішчэньня, а таксама пляны новай забудовы ў мікрараёне Уручча і па вуліцы Калініна. На Калініна зьбіраюцца будаваць дамы на месцы, дзе некалі быў лягер ваеннапалонных.

Людзі прыйшлі, каб задаць пытаньне наконт будаўніцтва і рэканструкцыі Севастопальскага парку, у якім, паводле іх зьвестак, ужо зачынілі восем сьвідравін з артэзіянскай вадой.

Старшыня райвыканкаму не даваў людзям задаваць пытаньні, але ж на пытаньне аб стане пітной вады ў мікрараёне, ён адказаў, што яна адпавядае нейкім не ўдакладненым ім стандартам. Ён паведаміў, што будаваць дамы ўсё роўна будуць, але пры гэтым два тыдні таму менавіта адміністрацыя Першамайскага раёну Менску выказвалася, што пра будаўніцтва дамоў нічога ня ведае і што яшчэ будзе асьвятляць гэтае пытаньне ў Камітэце па архітэктуры і будаўніцтве.

Людзі задавалі пытаньні наконт дзіцячай пляцоўкі і на гэтыя пытаньні прадстаўнікі адміністрацыі, у прыватнасьці старшыня райвыканкаму сп. Котаў, не адказалі. Людзі былі абураныя - часам даводзілася ўставалі і нават падскокваць зь месца ўчастковаму міліцыянту, каб папярэдзіць, што за нейкія скандалы або інцыдэнты ў прысутнасьці прадстаўнікоў улады людзі могуць быць затрыманыя.

Нарэшце выступіў яшчэ й галоўны санітарны лекар Першамайскага раёну, але нават у адказ на пытаньне - ці адпавядае пітная вада неабходным нормам, ён пачаў расказваць пра тое, што “трэба мыць рукі”, “ня трэба дакранацца рукамі да твару” і распавядаць пра элемэнтарныя гігіенічныя нормы, каб прадухіліць, як ён паведаміў, выпадкі захворваньня на сьвіны грып.

У выніку гэта вельмі абурыла людзей, яны пачалі выказваць незадавальненьне ўголас. Валянціна Шалейнікава, якая некалькі гадоў бараніла Севастопальскі парк, дзеліцца сваімі пачуцьцямі:

“Я вельмі абурана тым, як павёў сябе наш старшыня выканкаму. Я прад'явіла яму 2986 подпісаў супраць забудовы Севастопальскага парку і закрыцьця сьвідравінаў. На пытаньне пра тое, ці закрытыя сьвідравіны, адказу так і не было. Котаў дае супярэчлівую інфармацыю. Галоўны санітарны лекар Беларусі паведаміў, што сьвідравіны ўжо закрытыя, а Котаў кажа, што ўсе сьвідравіны захоўваюцца! Усё гэта робіцца з мэтай забудаваць Севастопальскі парк, бо любое будаўніцтва патрабуе закрыцьця сьвідравінаў. Людзі пазбавяцца сямі сьвідравінаў надзвычай якаснай пітной вады, а замест гэтага будуць будавацца рэстараны, кавярні, саўны, фітнэс-цэнтры - мы нідзе ня можам дамагчыся справядлівасьці...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG