Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дапамажыце разьмясьціць творы Васіля Быкава ў рэгіянальныя бібліятэкі!”


У сёньняшніх «Званках на Свабоду» слухачы падказваюць, каго з гарадзенцаў варта ўганараваць помнікам, расказваюць пра «паляваньне» на пэнсіянэраў, разважаюць пра хібы палітычнай плятформы Беларускага незалежніцкага блёку.

Падчас учорашняй чытацкай дыскусіі пад крытыку за залішнюю, як падалося іншай спадарыні, завостранасьць думак патрапіла спадарыня Галіна з Магілёва. Яе адказ на тую рэпліку:

Спадарыня: «Наконт рэзкіх выказваньняў пра Мілінкевіча. Я, як чалавек просты, гавару тое, што думаю, бо адміністрацыя Радыё Свабода мне дазваляе дзяліцца маім меркаваньнем. І яшчэ — таго, хто напаў на Бэрлюсконі, імгненна абвясьцілі вар’ятам, бо ён быў незадаволены палітыкай прэм’ера і даволі своеасабліва выявіў сваё стаўленьне да яго».

Яшчэ званок пра палітыку і палітыкаў.

Спадар Зіноўеў: «У дэклярацыях Беларускага незалежніцкага блёку я не знайшоў заяваў па прысутнасьці Беларусі ў Эўразьвязе. І калі на Ўкраіне ўступленьне ў Эўразьвяз дэкляруе нават Януковіч, то незразумела, чаму БНБ тое не дэкляруе?»

Палітычны блёк працягвае тэлефанаваньне спадара Бугаўцова зь Менску

Спадар Уладзімер: «Хутка Новы год. Навагодняя ноч з келіхам шампанскага. Хацеў бы пачуць віншаваньне ад самага паважанага суайчыньніка — дапамажыце нам у гэтым. Нас павіншуе спадар Зянон. А што пажадае — запіша на магнітафон, і за сьвяточным сталом прагучыць віншаваньне ад яго. Такая неспадзяванка пад Новы год абавязкова падыме настрой мне і маім госьцейкам. Пажадана, каб гэтае віншаваньне прагучала ў „Начной Свабодзе“. У гэты час у нас у Менску „Свабоду“ лепш чуваць. Толькі што пачуў па „Свабодзе“, што пад Масквой у сваім доме памёр Ягор Гайдар. Што ж гэта робіцца? Чаму лёс дачасна забірае такіх людзей? Бывайце! Трымайцеся! Буду чакаць! З найлепшымі пажаданьнямі».

Што ж, мы паспрабуем выканаць гэтую просьбу. Аўдыёперамовы чытачоў з рэдакцыяй «Свабоды» працягвае Ільля Копыл.

Ільля Копыл: «Добры вечар, Свабода! Я хацеў даведацца, як там справа з чарговымі тамамі Васіля Быкава. Год заканчваецца. Будуць сёлета ці не?»

Адказвае слухачу старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.

Алесь Пашкевіч
Алесь Пашкевіч: «У 2009 годзе выйшлі ў сьвет два тамы поўнага збору мастацкіх твораў Васіля Быкава — сёмы й восьмы. Вядзецца праца над наступным, дзявятым. У яго ўвойдуць п’есы, драматургічныя тэксты, а таксама кінасцэнары. Мы меркавалі выдаць гэты том да традыцыйнай лютаўскай кніжнай міжнароднай выставы ў Менску. Аднак, на жаль, праца па ўкладаньні запатрабавала часу больш, чым мы плянавалі. Але за вясну дзявяты том выйдзе. Мы ўдзячныя за ўвагу да нашага выдавецкага праекту і, карыстаючыся магчымасьцю, хочам папрасіць добразычліўцаў з рэгіёнаў дапамагчы ў распаўсюдзе ня толькі новых, але й першых тамоў поўнага збору мастацкіх твораў Васіля Быкава. Размова пра бібліятэкі рэгіёнаў краіны. Калі ласка, пішыце нам на паштовую скрынку: Менск-25, ас 91».

А вось яшчэ адзін званок — цяпер ужо на просьбу рэдакцыі адгукаецца слухач.

Спадар: «Добры вечар, „Свабода“. Вы пытаецеся, якія помнікі трэба паставіць у горадзе Гродна. Я ня ведаю, за часамі Баторыя ня жыў, і раней таксама, ня ў курсе падзей, якія яны былі хлопцы, але Леаніду Герасімавічу Кляцкову помнік абавязкова трэба паставіць. Савецкі час быў таксама добры час. За пэрыяд, пакуль ён быў першым сакратаром абкаму, пабудавалі 22 адсоткі з усіх будоўляў у Гародні: будынкаў, заводаў — на 22 адсоткі Гародня вырасла. Ня лічачы абласных і раённых гарадоў. Таму перадайце маю просьбу».

Спадарыня Ціна «прызямляе» слухачоў сваім назіраньнем.

Спадарыня: «Зараз ідзе сапраўднае паляваньне на пэнсіянэраў зь іх хвалёнымі пэнсіямі. Прыклад. Тут адзін сусед, пасьля таго як атрымае пэнсію, патрапляе кожны месяц у бальніцу з прабітай галавой і бяз пэнсіі, разьдзеты. Пэнсіянэры даўно сталі мішэньню для тых, хто ў гэтым грамадзтве ня мае магчымасьці працаваць».

Нагадваем: тэлефон «Свабоды» ў Менску —
266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG