Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аднойчы дзед Мікалай вырашыў адпусьціць бараду. Усё, барада, ты ўжо зусім дарослая, цяпер ты вольная, можаш рабіць што хочаш, ідзі куды хочаш, я больш табе не гаспадар. Барада паглядзела на дзеда, сумна ўсьміхнулася, надзела капялюш, паправіла акуляры, узяла парасон, хацела была абняць свайго былога ўладара на разьвітаньне, але той спыніў яе. Барада паціснула плячыма й выйшла на вуліцу. Ля пад’езда яна сустрэла чорныя вусы, што вышлі на вечаровы прамэнад. Гэ-гэй, канальля, радасна ўсклікнулі яны. Можа, у кабак? — прапанавала барада. Вусы толькі моўчкі кіўнулі.


У бары не было дзе прадыхнуць, здаецца, што сёньня туды прыйшлі ўсе — бакенбарды, косы, пэйсы, шчаціньне, пазногці, а пасярод памяшканьня пад сьвяточнай ёлкай на самым высокім крэсьле сядзела вялікае і мажнае піўное пуза і радасна ўсім пасьміхалася. Прысутныя па чарзе падыходзілі да яго, станавіліся на табурэтку і чыталі вершы альбо сьпявалі песьні. Пуза задаволена пляскала ў ладкі, даставала зь меха падарункі і ўзнагароджвала імі маладыя таленты. Камусьці дасталіся нажніцы, камусьці пенка для галеньня, камусьці адэкалён, камусьці расчоска, а нехта атрымаў нават электрабрытву «Бердск-9».

Дзед Мікалай тым часам сядзеў на кухні, еў кетчуп і штучны цукар. Сьвежае зімовае паветра залятала ў пакой і абдзімала голыя шчокі прыемнай прахалодай. Нарэшце я вольны, нарэшце адведаю ўнукаў, пап’ю шампанскага ў вузкім сямейным коле, паем мандарынаў. Можа, нават атрымаю нейкі падарунак. Спадзяюся, гэта будзе не электрабрытва.

Андрэй Пакроўскі — майстра спорту міжнароднага клясу па пінаньні баўды, ужо пяты год з гонарам нясе званьне маладога беларускага літаратара. Друкаваўся ў часопісах «Паміж» і «Дзеяслоў», а таксама ў альманахах «In Vilna veritas» і «І адчуеш — радзіма». У вольны ад пінаньня баўды час Андрэй сьпіць, а калі ня сьпіць, дык малюе, часам нават ілюстрацыі да кніжак вядомых беларускіх паэтаў.

Першы блог я завёў гадоў шэсьць таму, потым яшчэ адзін, і яшчэ... Але аднойчы вырашыў, што хопіць гэтага паганства, і застаўся ў мяне толькі адзін Блог. Ён патрэбны мне, каб пазбавіцца ад інфармацыйнага сьмецьця, якое часам зьбіраецца ў галаве й замінае добраму сну і яснаму мысьленьню. Калі сьмецьце ператвараецца ў тэкст, яно больш не замінае. Некаторыя нават лічаць яго літаратурай.

Блогі люблю за анархію і ўсёдазволенасьць, тут кожны можа пісаць, што хоча, як хоча і пры гэтым не замінаць адзін аднаму.

Праз анархію і ўсёдазволенасьць, узгаданыя вышэй, у блогах узьнікае шмат інфармацыйнага сьмецьця, пра якое я ўжо таксама казаў, аднойчы інтэрнэт лопне і будзе шмат смуроду, але гэта будзе яшчэ ня хутка, на наш век хопіць, таму пакуль мы можам жыць спакойна, нашыя маленькія й утульныя жэжэшачкі ў поўнай бясьпецы.

Пяць блогаў, якія варта наведаць

Пачнем па алфавіту, але зь сярэдзіны

1. picas-so. У гэтым блогу мала літараў, але багата піксэляў. Піксэлі пераважна чорна-белыя, пры наяўнасьці жаданьня ды натхненьня яны зь лёгкасьцю ператвараюцца ў літары [я маю на ўвазе, што можна пісаць апавяданьні да ілюстрацый].

2. fenechka. У гэтым блогу таксама мала літараў, але затое багата піксэляў і адзін за другі прыгажэйшы. Карацей, гэта мая самая любімая блогерша-мастачка.

3. dadakinder. Блог Анатоля Ульянава пра культурна-мастацкі супраціў [асцярожна, сіські].

4. paulantipov. Вы, напэўна, падумалі, што ў блогах мяне цікавяць толькі карцінкі, а вось і не, некаторыя я нават чытаю, вось напрыклад гэты.

5. sid-zen. Ня ведаю, што сказаць пра гэты блог, ягоны аўтар проста паабяцаў мне піва, калі я яго ўзгадаю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG