Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мандарынкі


Так склалася, што Каляды мы заўжды сьвяткавалі вузкім сямейным колам. Мы ніколі не хадзілі ў госьці, і ў нас ніхто не гасьцяваў. Елі сабе гарошак з курыцай і клаліся спаць. А на ранак нас чакаў салодкі падарунак.

Калі я перастала верыць у Дзеда Мароза, стала неяк пуста і няўтульна. Стала ўсё проста і празрыста. І нават сумна. І неяк ніякавата. А так хацелася чараўніцтва і цудаў! І вось такім цудам стаў навагодні салют.

Салют паказвалі па тэлебачаньні пасьля прамовы прэзыдэнта, білі куранты, зьвінелі келіхі з шампанскім, загадваліся жаданьні. У гэтым было нешта кранальнае і нават містычнае.

А пасьля ўсе занураліся ў салаты і ўсім было не да салютаў.

Іншыя дзяўчаткі і хлопчыкі ў свае 10 год хадзілі з бацькамі на салют, што ладзіўся ў нас на раёне. А мае бацькі не хадзілі. І нас з сабой ня бралі. І не пускалі зь сябрамі.

Я прасілася, адпрошвалася, благала і маліла, каб адпусьцілі паглядзець на чароўную рознакаляровую казку. Бацькі нешта казалі пра сьлізготу і п’яных на вуліцах, і цьвёрда стаялі на сваім. Іх не расчульваў надрыўны плач з суседняга пакою, і яны спакойна глядзелі далей «Голубой огонёк». Я рыдма рыдала, білася ў гістэрыцы, аж заходзілася ад крыўды. І так паўтаралася штогод, пакуль мне ня стукнула 15.

Мой пятнаццаты Новы год я рыхтавалася сустрэць у сьлязах. Зноў гаварыў прэзыдэнт, білі куранты, зьвінелі келіхі з шампанскім, толькі жаданьні чамусьці загадваць не хацелася. Ізноў быў гарошак, курыца і нарачанскі хлеб. Толькі чараўніцтва не было.

І тут раптам званок у дзьверы. Ну, думаю, калядоўнікі. Адчыняю, а там хлопцы, мае аднаклясьнікі, Саша і Дзіма. Кажуць: «Пайшлі на салют». Ну, тут я ўся затрымцела ад прадчуваньня цуду. Пайшла да бацькоў, рыхтуючыся сарвацца на традыцыйныя навагоднія сьлёзы. Але маці паглядзела неяк задуменна і пяшчотна, а бацька сказаў: «Ідзі, раз такое дзела».

Я ўмомант апранулася, але за гэты момант перад вачыма пранеслася, як мы зь Дзімам упершыню цалаваліся пад вярбой і як пасьля пра гэта гаварыў увесь двор.

Мы зайшлі яшчэ да Насьці і пашпацыравалі ў бок ёлкі, раздаючы направа і налева «З Новым Годам!». І тут Дзіма працягнуў мне дзьве аранжавыя мандарынкі: «Вось, гэта табе, з Новым Годам!»

Я чырванела, дзякавала і чысьціла мандарынку. Раптам яна пырснула мне проста ў вочы, і ў той самы момант раздаўся першы выбух салюту. Я церла вочы, сьлёзы ліліся зь іх, салют пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі. Я ела мандарынку і плакала, але гэта былі навагоднія сьлёзы шчасьця.

І цяпер, калі мне гавораць пры сустрэчы «Салют!», я мімаволі адчуваю смак тых самых мандарынак.

ku-palinka




Палінка-Купалінка нарадзілася ў сталіцы сінявокай. Гэткая сталічная штучка!

Вучылася на Карла-Марла і займела тытул філялягіні Вялікага Княства мовы і літаратуры.

1.Навошта я пішу блог
Блог — гэта прыхамаць маёй натуры. Я і раней, калі блогаў яшчэ не існавала, мела патрэбу вяшчаць сваё жыцьцё ў масы, дзяліцца надуманым, адчутым. У мяне заўжды было некалькі пар дзяжурных вушэй, каб самавыяўляцца. А тут усе з уласнай ахвоты падстаўляюць свае вушы. Спадзяюся, я вас не расчарую локшынамі.
2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах
Больш за ўсё ў блогах мяне вабіць чужое жыцьцё. ЖЖ цікавы тым, што ў ім адбіваецца асоба аўтара з усімі яго звычкамі, захапленьнямі, хобі і прафэсійнымі зацікаўленьнямі. Зазвычай цікава чытаць ЖЖ мастакоў, музыкаў, літаратараў, дактароў, дызайнэраў, айтышнікаў, настаўнікаў... Гэта іншы погляд, які ўзбагачае твой сьвет.
3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах
Больш за ўсё ў блогах я ненавіджу рэкляму. Не сяброўскі піяр, не карысныя, цікавыя спасылкі, а менавіта праплочаную рэкляму. Гэта зьбядняе твой блог як мінімум на аднаго фрэнда.
4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць
Я тут згадаю блогі, якія ў некаторай ступені характарызуюць мяне як асобу з усімі маімі зацікаўленьнямі.

Шытво — гэта маё хобі, і вучуся я ў сапраўдных майстрынь:

tk-vestiario, eregwen

Сваю слабасьць да рэтра я задавольваю ў наступных блогах:

retroatelier, flapper-thing, community.livejournal.com/vintagephoto/

Я люблю прыгожае пісьменства, кніжную справу, і ў некаторай ступені перакладаць, таму ў гэтым сьпісе блог перакладнога часопіса “ПрайдзіСьвет”.

Я дужа люблю прыгожае ў фрэндстужцы. Асаблівае месца ў ёй займае творчасьць мастачак:

ganulechka, picas-so

І яшчэ дзьве неардынарныя асобы, якіх я ўспрымаю як уласнае альтэр-эга:

jubka — гэта я, калі б нарадзілася і жыла ў правінцыйным гарадку,

sveta-i-tancpol — а гэта я, калі б мне давялося выкладаць у школе.

І гэта яшчэ ня ўсё, аднак я і так перавыканала плян удвая :)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG