Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэальныя заробкі жыхароў Беларусі за 10 месяцаў 2009 году параўнальна з гэтым жа часам летась павялічыліся на 0,1%. Гэту лічбу назваў сёньня віцэ-прэм’ер ураду Андрэй Кабякоў, адказваючы на пытаньні сяброў Нацыянальнага сходу. Віцэ-прэм’ер паабяцаў, што ў наступным годзе жыць будзе яшчэ лепш.

Андрэй Кабякоў сказаў, што ў сацыяльнай сфэры дзяржаўная палітыка найперш скіраваная на “захаваньне рэальнага зьместу заробкаў”:

“На сёньняшні дзень на ўзроўні прэзыдэнта, ураду прыняты шэраг рашэньняў. Яны скіраваныя на зьмяншэньне адміністратыўнага кантролю ў галіне аплаты працы, спрашчэньне мэханізму налічэньня акладаў, узмацненьне матэрыяльнай зацікаўленасьці работнікаў. Хоць тэмпы росту рэальных заробкаў паступова зьмяншаліся, тым ня менш за 10 месяцаў ёсьць рост, невялікі, можа, сымбалічны — 0,1%”.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук пацьвярджае: рэальныя заробкі ў Беларусі апошнім часам стагнуюць:

“Рэсурс гэтай мадэлі, якая нібыта была скіраваная на сацыяльную падтрымку насельніцтва, скончыўся. Мы — у стагнацыі, эканоміка — у рэцэсіі. Гэта яшчэ не глыбокі крызіс. Але калі мы ня будзем нічога рабіць, то, безумоўна, мы туды трапім. І калі ўрад будзе выконваць прыняты бюджэт і прытрымлівацца кірункаў грашовай палітыкі, то гэта будзе шлях у дэпрэсію”.

Галоўнай задачай ураду віцэ-прэм’ер Кабякоў назваў аднаўленьне высокіх тэмпаў эканамічнага разьвіцьця. Важным стымулам для гэтага ён лічыць павелічэньне замежных інвэстыцыяў у наступным годзе на ўзроўні 2,6—2,7 мільярда даляраў. Менавіта такія лічбы закладзеныя ў прагнозныя паказьнікі 2010 году, сказаў намесьнік кіраўніка ўраду.

Кабякоў запэўніў, што масавых звальненьняў з прадпрыемстваў ня будзе. Ён таксама зрабіў прагноз на 2010 год: рост аб’ёмаў прамысловай вытворчасьці павінен скласьці 10—11%. Напрыканцы наступнага году віцэ-прэм'ер паабяцаў наступныя заробкі: у сфэры эканомікі —1,5 мільёна рублёў, у бюджэтнай — 1,2 мільёна.

Яраслаў Раманчук кажа: каб быць карэктным, называць памер заробкаў трэба абавязкова разам з памерам інфляцыі:

“Калі вытрымаюць лічбы па заробках, а інфляцыя пры гэтым дасягне 30%, то ў пераводзе на даляры гэта будзе на ўзроўні 270—300. То бок у наступным годзе беларускія заробкі могуць скласьці менш за 300 даляраў. А ў эўра — і менш за 250”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG