Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў сьвеце абмяжоўваецца рэлігійнае жыцьцё?


Досьледная арганізацыя Pew Research Center зь сядзібай у Вашынгтоне апублікавала два рэйтынгі 198 краінаў сьвету адносна ступені абмежаваньня рэлігійнага жыцьця ў гэтых краінах.

Адзін з рэйтынгаў, пад назвай "Індэкс абмежаваньня рэлігіі ўрадам" (Government Restrictions Index), характарызуе стаўленьне ўлады да свабоды вызнаваньня рэлігіі. Другі, пад назвай "Індэкс грамадзкай варожасьці да рэлігіі" (Social Hostilities Index), бярэ пад увагу абмежаваньні, якія на свабоду рэлігійнага жыцьця накладае грамадзтва — прыватныя асобы, арганізацыі і сацыяльныя групы.

Першы зь індэксаў вызначаўся паводле апытаньня, у якім было 20 пытаньняў. Яны датычылі, між іншым, палажэньняў аб свабодзе рэлігіі ў канстытуцыі краіны і заканадаўстве; афіцыйных абмежаваньняў на выконваньня рэлігійных практык і абрадаў, пераходу ў іншае веравызнаньне, празэлітызм, распаўсюд рэлігійнай літаратуры; дазволу на дзейнасьць замежных місіянэраў; перасьледу незарэгістраваных рэлігійных супольнасьцяў; афіцыйнай клясыфікацыі некаторых веравызнаньняў як "сэктаў"; праблемаў з рэгістрацыяй рэлігійных супольнасьцяў.

Другі рэйтынг быў складзены на аснове 13 пытаньняў, сярод іншага – пра акты гвалту і сутычкі, зьвязаныя з рэлігіяй; збройныя канфлікты на рэлігійным тле; адносіны паміж рознымі рэлігійнымі групамі; варожасьць у грамадзтве да празэлітызму і пераходу з аднае рэлігіі ў іншую.

Паводле досьледу, найбольшыя абмежаваньні свабоды рэлігійнага жыцьця выступаюць у Саудаўскай Арабіі, Пакістане і Іране, дзе шматлікія бар’еры гэтай свабодзе ставіць як урад, так і само грамадзтва.

Але афіцыйная дзяржаўная палітыка і грамадзкая варожасьць ў адносінах да рэлігіі не заўсёды ідуць рука ў руку. У Кітаі і Віетнаме, паводле Pew Research Center, вельмі рэстрыктыўная палітыка адносна веравызнаньняў, але само грамадзтва адносіцца да іх даволі талерантна. У Нігерыі і Банглядэш наадварот — сацыяльная варожасьць да рэлігіі вялікая, а ўрадавая палітыка — даволі памяркоўная.

Як выпадае Беларусь у гэтых рэйтынгах, якія не прыпісваюць краінам нейкага канкрэтнага лічбавага індэксу, а разьмяркоўваюць іх па групах, у якіх ступень абмежаваньняў рэлігійнай свабоды клясыфікуецца як "вельмі высокі", "высокі", "памяркоўны" і "нізкі"?

Паводле "Індэксу абмежаваньня рэлігіі ўрадам", Беларусь апынулася ў групе з этыкетай "высокі", разам з такімі краінамі як Пакістан, Расея, Туркмэністан, Баўгарыя, Грэцыя, Ізраіль ці Куба.

Паводле "Індэксу грамадзкай варожасьці да рэлігіі", Беларусь залічаная ў катэгорую "памяркоўных", разам з такімі краінамі як Францыя, Казахстан, Украіна, Армэнія, Вялікабрытанія, Італія, Швэйцарыя ці ЗША.
__________________________________________________________________

Даведка: Дасьледная арганізацыя Pew Research Center – незалежная арганізацыя, якая праводзіць досьледы і апытаньні адносна сытуацыі ў розных галінах палітычнага і грамадзкага жыцьця ў ЗША і сьвеце. Вынікі досьледаў і апытаньняў публікуюцца на сайце арганізацыі і даюцца ў карыстаньне для ўсіх бясплатна. Спонсарам арганізацыі зьяўляецца дабрачынная арганізацыя зь Філядэльфіі, Pew Charitable Trusts.
XS
SM
MD
LG