Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гэта першая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, дзе больш пазытыву"


Парлямэнт Эўрапейскага зьвязу шкадуе, што пасьля шэрагу станоўчых крокаў беларускіх уладаў няма істотнага прагрэсу ў галіне правоў і свабодаў. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, якая была прынятая 17 сьнежня бальшынёй галасоў. Нагодай для рэзалюцыі было рашэньне рады Эўразьвязу аб падаўжэньні і адначасовай замарозцы санкцый у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў да кастрычніка 2010 году.

Эўрадэпутат Юстас Палецкіс (Літва), камэнтуючы прыняцьце рэзалюцыі, сказаў, што сацыялісты выступалі супраць гэтага дакумэнту:

Юстас Палецкіс
“Ня ўсе фракцыі парлямэнту былі адзіныя ў тым, што новая рэзалюцыя патрэбная. Бо апошняя рэзалюцыя была прынята Эўрапарлямэнтам у красавіку гэтага году. Зьмены некаторыя ёсьць, але наша фракцыя сацыялістаў і дэмакратаў была за тое, каб адкласьці прыняцьцё гэтай рэзалюцыі. Бо ёсьць новыя моманты ў стасунках, але іх не настолькі многа, каб рыхтаваць новую рэзалюцыю. Але бальшыня фракцый палічылі, што трэба. Бо ўсё ж некаторыя зьмены ёсьць. Калі падлічыць плюсы і мінусы, то больш плюсаў. І гэта першая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, дзе пазытыву больш параўнальна з папярэднімі. Канечне, многа і нэгатыву”.

Эўрадэпутаты віталі, да прыкладу, прыняцьцё афіцыйным Менскам паправак у выбарчае заканадаўства, але многія падчас дэбатаў казалі пра тое, што гэтыя папраўкі не былі ўзгодненыя з АБСЭ. Станоўча ацэньваецца ўдзел Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства”.

А што далей, пасьля прыняцьця гэтай рэзалюцыі?

Паводле спадара Палецкіса, “каменем спатыкненьня” ёсьць удзел Беларусі ў “Эўранэсьце” (Парлямэнцкая асамблея Эўрапарлямэнту і шасьці краін-удзельніц “Усходняга партнэрства”). Афіцыйны Менск хоча, каб там былі прадстаўлены сябры Палаты прадстаўнікоў.

“Але такой магчымасьці няма ў тым пляне, што ёсьць рэзалюцыі Эўрапарлямэнту і іншыя дакумэнты, у якіх беларускі парлямэнт не прызнаецца, - зазначае Палецкіс. - Бо ён без апазыцыі, быў абраны з парушэньнямі міжнародных нормаў. І таму ўзьнікла складаная сытуацыя. Якраз мы мелі ўчора першае паседжаньне эўрапарлямэнцкай групы “Эўранэсту”. І мы вырашылі ўпаўнаважыць старшыню “Эўранесту” на перамовы зь беларускімі ўладамі, каб было прадстаўлена пяць прадстаўнікоў парлямэнту і пяць прадстаўнікоў апазыцыі. Вельмі хочацца, каб кампраміс быў дасягнуты, бо гэта крок Эўрапарлямэнту да кампрамісу. І мы чакаем такога ж з боку беларускіх уладаў. Каля ня ўдасца, то ўсе 10 будуць прадстаўнікі апазыцыі. Канечне, гэтае пытаньне можа быць тым каменьчыкам, які можа перакуліць увесь воз, калі афіцыйны Менск ня знойдзе магчымасьці для кампрамісу. І ўдзел Беларусі ў гэтай праграме можа быць ускладнены”.

Алесь Лагвінец
Прысутны падчас дэбатаў у Эўрапарлямэнце Алесь Лагвінец сказаў, што эўрадэпутаты прыслухаліся да меркаваньня кіраўніка руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча пра неабходнасьць такой рэзалюцыі, якія звычайна прымаюцца пасьля рашэньняў Рады Эўразьвязу. Адносна сытуацыі з удзелам беларускага парлямэнту ў “Эўранэсьце” спадар Лагвінец сказаў:

“У тэксьце рэзалюцыі пазначана, што парлямэнт да свабодных выбараў запрашацца да паўнавартаснага ўдзелу ня будзе. А прадстаўляць Беларусь у якасьці назіральнікаў будуць прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці. Астатнія рашэньні будуць прымацца часовым палажэньнем. Вельмі добра, што ЭЗ зважае на факты палітычнага разьвіцьця Беларусі, у прыватнасьці — што сёньняшні беларускі парлямэнт адлюстроўвае інтарэсы толькі часткі беларускіх грамадзянаў і не зьяўляецца дэмакратычна абраным”.

Спадар Лагвінец ня лічыць рэзалюцыю мякчэйшай параўнальна з папярэднімі.У ёй уладам нагадваецца пра арыентыры. Ён адзначае, што за яе прагаласавала бальшыня Эўрапарлямэнту.

“Усё гэта сьведчыць пра жаданьне ЭЗ чарговы раз працягнуць руку найперш беларускаму народу. І таксама чарговы раз засьведчыць пра тыя перавагі, якія ёсьць і могуць быць у стасунках Беларусі з Эўразьвязам, калі беларускія ўлады будуць паважаць правы сваіх уласных грамадзянаў. У той жа час вельмі канкрэтна пералічваюцца тыя факты палітычнага ціску, якія мелі месца апошнім часам. Асуджаюцца факты выкраданьня маладых людзей, выключэньне з унівэрсытэту Тацяны Шапуцькі ды іншыя факты. Тут пералічаны ўсе нэгатыўныя факты палітычнага жыцьця Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG