Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акрамя законаў прыроды існуюць і ня менш строгія законы чалавечай прыроды, сьцьвярджае часопіс The New Scientist. Журналіст Майкл Маршал пералічвае пяць такіх законаў.

Закон Паркінсана, сфармуляваны ў 1955 годзе, тлумачыць, чаму ў нас заўсёды так шмат працы: "Аб'ём працы пашыраецца, каб запоўніць час, выдзелены на яе выкананьне". Аўтар закона - дзяржслужачы і гісторык Сырыл Норткот Паркінсан - падмацаваў свае высновы статыстыкай. Пазьней гэтую ідэю пацьвердзілі матэматыкі. Паркінсан таксама выснаваў “закон трывіяльнасьці”, паводле якога час, які траціцца ў арганізацыі на абмеркаваньне пытаньня, зваротна прапарцыйны яго важнасьці, а таксама вылічыў "каэфіцыент неэфэктыўнасьці”: што камісія колькасьцю больш за 19,9-22,4 чалавек ня ў стане прымаць рашэньні.

"Сындром студэнта" - звычка прымацца за працу ў самы апошні момант перад тэрмінам здачы. Некаторыя спэцыялісты ў пытаньнях мэнэджмэнту раяць не даваць шмат часу на канкрэтныя праекты, паколькі выканаўцы ўсё роўна будуць адкладаць пачатак работы да апошняга. Аўтар, са свайго боку, раіць правільна разьлічваць час паводле закону Гофштадтэра: "Праца заўсёды забірае больш часу, чым вы разьлічваеце, нават калі прымаць пад увагу закон Гофштадтэра".

Прынцып Парэта абвяшчае, што ў большасьці краін 80% маёмасьці належыць 20% насельніцтва. Цікава, што гэтыя суадносіны дзейнічаюць і ў іншых сфэрах: у большасьці сыстэм 80% падзей выклікаюцца 20-цю % магчымых прычын, адзначае аўтар. Прыватныя кампаніі часта выкарыстоўваюць прынцып Парэта як асноватворны: напрыклад, вырашаюць ўзяць на сябе найважнейшыя 20% работы, каб атрымаць 80% ад усяго ўзнагароджаньня.

Гіпотэза Бруса Салема абвяшчае, што інжынэрная адукацыя - дабратворная глеба для веры ў тое, што сьвет створаны Богам. Гэтая гіпотэза так і не даказаная, але дасьледчыкі Дыега Гамбэта і Стэфэн Гертаг прадэманстравалі, што асобы з інжынэрнай адукацыяй часьцей схільныя да рэлігійнасьці, чым выпускнікі іншых ВНУ. Зыходным пунктам для навукоўцаў стала назіраньне, што інжынэры пераважаюць у ісламскіх экстрэмісцкіх арганізацыях, піша часопіс.

Закон Мас-Гаро тычыцца спрыяльных прагнозаў. Калі футуроляг абяцае хуткія цуды навукі і тэхнікі, называючы канкрэтную дату, то, хутчэй за ўсё, гэтая дата прыпадае на чаканыя апошнія гады яго жыцьця: калі яму будзе гадоў 70. Так што кропкай Мас-Гаро называюць самую позьнюю дату меркаванага ажыцьцяўленьня прагнозу пры жыцьці футуроляга.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG