Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Эўрапейскага зьвязу шкадуе, што пасьля шэрагу станоўчых крокаў беларускіх уладаў няма істотнага прагрэсу ў галіне правоў і свабодаў. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, якая была прынятая 17 сьнежня бальшынёй галасоў.




"Гэта першая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, дзе больш пазытыву"


Парлямэнт Эўразьвязу прыняў рэзалюцыю па Беларусі бальшынёй галасоў. Нагодай было рашэньне рады Эўразьвязу аб падаўжэньні і адначасовай замарозцы санкцый у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў да кастрычніка 2010 году. Меркаваньні эўрадэпутата Юстаса Палецкіса і палітоляга Алеся Лагвінца.




Лябедзька: “Рэзалюцыя фіксуе, што Беларусь важная ў эўрапейскай палітыцы”

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька параўноўвае сёньняшнюю рэзалюцыю Эўрапарлямэнту зь люстэркам, у якім Беларусь можа ўбачыць сябе такой, якой яна ёсьць насамрэч.



Кароль: “Пазыцыя Эўрапарлямэнту засталася жорсткай”


Менскі палітоляг Аляксей Кароль перакананы, што сёньняшняя рэзалюцыя сьведчыць, што пазыцыя Эўрапарлямэнту адносна ўладаў Беларусі засталася па-ранейшаму жорсткай. Аб гэтым сьведчыць тое, што Эўрапарлямэнт прапанаваў уключыць у праграму “Эўранэст” як дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, гэтай і актывістаў беларускай апазыцыі ды грамадзянскай супольнасьці.


Пратасевіч: “Эўрапарлямэнт выказаў занепакоенасьць ростам рэпрэсіяў у Беларусі”


Адзін з аўтараў сёньняшняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па Беларусі дэпутат ад Польшчы Яцэк Пратасевіч назваў важнейшымі два аспэкты гэтага дакумэнту”.




У дакумэнце вітаецца рашэньне Рады ЭЗ падоўжыць у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў санкцыі да кастрычніка 2010 году, а таксама замарозіць іх на гэты тэрмін.

Дыялёг па правах чалавека зь Беларусьсю “павінен ставіць мэтай канкрэтныя вынікі і істотны прагрэс у галіне дэмакратызацыі і вяршэнства закону”.

У выпадку дастатковага прагрэсу санкцыі ў дачыненьні да краіны павінны быць скасаваныя, а працэсы інтэграцыі паскораныя, адзначаецца ў рэзалюцыі.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікаюць Эўракамісію разгледзець магчымасьць зьменшыць кошт візаў для беларусаў і спрасьціць працэдуру іх атрыманьня, а таксама падрыхтаваць рэкамэндацыі для перамоваў па пагадненьнях аб палягчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі (вяртаньні нелегальных мігрантаў у краіну, адкуль тыя прыбылі).

Рэкамэндавана таксама стварыць прамежкавы плян прыярытэтных рэформаў у Беларусі, каб вярнуцца да падпісаньня Пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве.

“Дыялёг па Эўранэсьце павінен быць прадуктыўны, — гаворыцца ў дакумэнце. — Беларусь будзе запрошаная да паўнавартаснага ўдзелу, калі парлямэнт краіны будзе абраны ў выніку свабодных выбараў. Пакуль жа ўсе рашэньні прамежкавыя”.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамэндацыя Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку і Эўрапейскаму банку рэканструкцыі і разьвіцьця разгледзець магчымасьць павелічэньня фінансавай дапамогі Беларусі, асабліва дробнаму і сярэдняму бізнэсу.

Эўрапарлямэнтары чакаюць, што ў бліжэйшы год беларускія ўлады рэфармуюць закон аб СМІ ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі міжнародных экспэртаў; скасуюць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу; дазволяць рэгістрацыю палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасьці; створаць спрыяльныя ўмовы для працы НДА і незалежных СМІ.

У дакумэнце ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў перагледзець прысуды, вынесеныя ўдзельнікам “справы чатырнаццаці”, у прыватнасьці Арцёму Дубскаму, і неадкладна вызваліць з-пад варты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенку.

Эўрадэпутаты выступаюць за “неадкладны мараторый” на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

Яны таксама заклікалі Менск прызнаць Саюз палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і захоўваць правы нацыянальных меншасьцяў, паведамляе БелаПАН.

Ініцыятыва прыняцьця рэзалюцыі сыходзіць ад старшыні дэлегацыі ў справах Беларусі Эўрапарлямэнту Яцэка Пратасевіча. У праекце блізу 15 пунктаў. Дакумэнт павінны канкрэтызаваць патрабаваньні да беларускіх уладаў Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу ад 17 лістапада 2009 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG