Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін: “У “Вольнай студыі” – вольныя людзі


Алесь Пушкін

Алесь Пушкін

Сваімі ўражаньнямі ад перадачы “Вольная студыя” дзеліцца мастак Алесь Пушкін. Прэзэнтацыя аднайменнай кнігі, якую склалі выбраныя гутаркі Міхася Скоблы з выдатнымі сучасьнікамі, адбудзецца 18 сьнежня а 18.00 у сталічным Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3). У вечарыне возьмуць удзел дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, пісьменьнікі Віктар Казько і Ўладзімер Някляеў, мастакі Аляксей Марачкін і Рыгор Сітніца, дудар Зьміцер Сідаровіч…


Алесь Пушкін:
“Перадача Міхася Скоблы “Вольная студыя” – рэдкая магчымасьць у наш галодны на праўдзівую інфармацыю час даведацца пра сапраўды вольных мастакоў, літаратараў, краязнаўцаў, бардаў, навукоўцаў. У “Вольнай студыі” мы чуем і бачым свабодную думку – незаштампаваную, арыгінальную, крэатыўную, якая ў нашым грамадзтве, як з-пад лёду крыніца, пачынае прабівацца на волю і прыносіць першыя вынікі і плён. Мне асабіста найбольш запомніліся перадачы пра мастакоў Рыгора Сітніцу, Сяргея Цімохава, Паўла Татарнікава... Шкада, што гутарак зь імі мы нідзе больш не прачытаем: ні ў “Настаўніцкай газэце”, якую выпісвае мая жонка, ні ў “Советской Беларуси”, бо гэтыя выдатныя творцы стаяць трошачкі ўбаку ад тае культурнае палітыкі, якую праводзіць сёньня наша дзяржава, каб паказаць найперш людзей расейскай культуры, расейскай мовы, расейскага мысьленьня ў галаве, якія жывуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Беларуская Свабода і “Вольная студыя” Міхася Скоблы ставяць за мэту паказаць найперш вольных людзей, якія думаюць па-беларуску, усёй душой жадаюць беларусізацыі Беларусі, каб яна была незалежнай, і, ясная справа, знаходзяцца ў духоўнай апазыцыі да сёньняшняга рэжыму”.
XS
SM
MD
LG