Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры ўладам будзе лягчэй, чым у Боне


17 сьнежня Эўрапейскі парлямэнт зьбіраецца разгледзець рэзалюцыю па Беларусі. Першапачаткова гэты дакумэнт зьбіраліся абмеркаваць яшчэ ў лістападзе. Але тады ён згубіўся на этапе канфэрэнцыі старшынь палітычных фракцыяў Эўрапарлямэнту.

Ініцыятыва прыняцьця рэзалюцыі сыходзіць ад старшыні дэлегацыі ў справах Беларусі Эўрапарлямэнту Яцэка Пратасевіча. У праекце блізу 15 пунктаў. Дакумэнт павінны канкрэтызаваць патрабаваньні да беларускіх уладаў Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу ад 17 лістапада 2009 году.


Відэатрансьляцыю паседжаньня можна глядзець тут


Поўны тэкст рэзалюцыі па Беларусі Кангрэсу Эўрапейскай народнай партыі, якая была прапанаваная як праект рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту (Крыніца -- сайт БХД)

Кіраўнік Беларускага шуманаўскага таварыства палітоляг Ігар Лялькоў прагназуе такі варыянт рэзалюцыі:

“Для паўнавартаснага далучэньня да праграмы “Ўсходняе партнэрства” Беларусь зрабіла пэўны прагрэс – будуць нейкім чынам згаданыя зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Але прагрэс недастатковы. І будзе зьвернутая ўвага на неабходнасьць выкананьня ўсіх тых патрабаваньняў, якія высоўваліся раней. Цалкам магчыма згадваньне выкраданьня людзей, што было апошнім часам.
Ігар Лялькоў

Я думаю, што гэта рэзалюцыя будзе нечым падобная на тую, якую прыняла зусім нядаўна Эўрапейская народная партыя. Але больш мяккая”.

Эўрапейская народная партыя рэзалюцыю пра становішча ў Беларусі прыняла на мінулым тыдні ў Боне. На кангрэсе “народнікаў” у якасьці назіральніка знаходзіўся і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Вельмі крытычны погляд на стан з правамі чалавека, з мэдыямі. Згадваецца сытуацыя і з палітычнымі вязьнямі, і з выкраданьнямі дэмакратычных актывістаў, і з нерэгістрацыяй апазыцыйных палітычных арганізацый і структур. Так што гэта дастаткова крытычны погляд на сёньняшні стан беларускай рэчаіснасьці.

Зь улікам таго, што ў кангрэсе ўдзельнічалі Ангела Мэркель, прэм’еры Францыі, Галяндыі, Бэльгіі, Юлія Цімашэнка, прэзыдэнты Румыніі, Грузіі і яшчэ вялікая колькасьць уплывовых людзей, то гэта рэзалюцыя ўспрымаецца як і пазыцыя гэтых людзей”.
Анатоль Лябедзька

Эўрапейская народная фракцыя мае найвялікшую фракцыю ў Эўрапейскім парлямэнце. Але Анатоль Лябедзька пагаджаецца з Ігарам Ляльковым – рэзалюцыя ў Страсбуры будзе мякчэйшай за бонскую.

Ігар Лялькоў тлумачыць гэта так:

“Рэзалюцыя павінна быць узгодненая зь іншымі фракцыямі. А стаўленьне другой па моцы фракцыі Эўрапарлямэнту – сацыялістаў – яно нашмат больш лагоднае да беларускага рэжыму, чым Эўрапейскай народнай партыі”.

Паводле праекту рэзалюцыі, прадстаўніцтва Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі “Ўсходняга партнэрства” Euronest будзе складацца напалову з прадстаўнікоў ад грамадзянскай супольнасьці і напалову з прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў па формуле 5+5. У выпадку нязгоды афіцыйнага Менску на такі парадак фармаваньня, дэлегацыя ад Беларусі будзе прадстаўлена дзесяцьцю прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG