Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чалавекам году” паводле часопісу “Time” названы Бэн Бэрнанке


Бэн Бэрнанке

Бэн Бэрнанке

Амэрыканскі часопіс “Time” назваў “Чалавекам 2009 году” кіраўніка Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы (Цэнтральнага банку ЗША) Бэна Бэрнанке.


На думку рэдакцыі часопісу, Бэрнанке ўнёс вялізны ўклад у пераадоленьне найцяжэйшага з часу “вялікай дэпрэсіі” фінансавага крызісу ў краіне. Галоўны рэдактар “Time” Рычард Стэнджэл заявіў, што без Бэрнанке “рэцэсія была б значна глыбейшая”.

Бэну Бэрнанке 56 гадоў. Да кіраваньня Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмаю ён працаваў у Прынстанскім унівэрсытэце, дзе займаўся эканомікаю пары “вялікай дэпрэсіі”. Год назад Бэрнанке і ягоныя калегі з Цэнтральнага банку панізілі стаўку рэфінансаваньня амаль да нуля і ўклалі звыш трыльёна даляраў у аздараўленьне нацыянальнай эканомікі.

Часопіс “Time” называе “Чалавека году” з 1927-га. Паводле часопісу, званьне даецца “найбольш уплывовым асобам і сілам, якія фармуюць сьвет”. Людзьмі году называліся шмат якія прэзыдэнты ЗША, у тым ліку Джордж Буш (малодшы) і Біл Клінтан. Тытул “Чалавека году” атрымлівалі ад “Тайму” й такія асобы, як Адольф Гітлер, Іосіф Сталін і аятала Хамэйні.

У 2008 годзе “Чалавекам году” часопіс назваў Барака Абаму, у 2007-м – Уладзіміра Пуціна.
XS
SM
MD
LG