Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маразы −20, а ў Віцебску дзяцей запрашаюць на карусэлі


Хто рызыкне ўзімку пасадзіць сюды сваё дзіця або сесьці сам?
Хто рызыкне ўзімку пасадзіць сюды сваё дзіця або сесьці сам?

Экстрэмальныя забавы зьбіраюцца ладзіць па распараджэньні ўладаў: атракцыёны чэскага «Лунапарку» ставяць на плошчы Перамогі, якую губэрнатар Аляксандар Косінец абвясьціў «новым цэнтрам гораду».

Як толькі прыціснулі перадкалядныя маразы, на плошчы Перамогі пачалі мантажаваць дзіцячыя атракцыёны.

Каруселі для дарослых і малых выгружаюць з машын з эўразьвязаўскамі нумарамі і мацуюць, не шкадуючы нядаўна толькі пакладзенай пліткі. Кожны жыхар Віцебску ведае, што плошчу Перамогі перарабілі на загад губэрнатара Аляксандра Косінца, які распарадзіўся выкарчаваць рэдкія дрэвы, пасаджаныя тут амаль 40 год таму, а ўсю плошчу забрукаваць шэрымі ды рудаватымі «цаглінкамі».

Ужо падчас рэканструкцыі, якую зьбіраліся завяршыць яшчэ ўвосень, але не дарабілі і зараз, губэрнатар заявіў, што «пераносіць» на плошчу Перамогі цэнтар гораду. Менавіта тут паставілі навагоднюю ёлку, а побач зьбіраюцца пад Каляды адчыніць «Лунапарк».

Чэскія рабочыя, якія зьбіраюць атракцыёны, дзівяцца: яны не ўяўляюць, каб у зімовыя маразы нехта наважыўся на іх пракаціцца. Звычайна ў Віцебск «Лунапарк» прыяжджае ўлетку, а зімовыя экстрэмальныя забавы за бюджэтныя грошы ў абласным цэнтры ладзяцца ўпершыню.

Пакуль атракцыёны ахоўвае міліцэйскі патруль
Чэскія рабочыя мерзнуць самі і шкадуюць беларускіх дзетак.

Даведацца, ці бясьпечна запускаць атракцыёны ў зімовыя маразы — ці вытрымаюць канструкцыі, калі нехта раптам захоча сесьці ў «Цэнтрыфугу» або на «Вялікую карусель», не ўдалося. Па тэлефоне, які пазначаны на аркушыку з коштамі і які нібыта павінен належаць філіялу прадпрыемства «Госстройуніверсал», адказваюць супрацоўнікі абласной базы насеньняводзтва.

Гараджане абмяркоўваюць і адкрыцьцё катка на мэмарыяльнай плошчы. Зрэшты, пракат канькоў на гадзіну каштуе ўдвая меней, чымсьці адна «праездка» на каруселях: за канькі давядзецца заплаціць 3-4 тысячы рублёў, а за атракцыён — ад 5 да 10 тысяч.

А яшчэ на плошчы Перамогі паводле пляну, зацьверджанага аблвыканкамам, ставяць сьвятлодыёдныя экраны, каб трансьляваць навагоднія ды іншыя канцэрты. Усяго іх павінна быць чатыры, па кутах плошчы. Але зараз, не ўпраўляючыся здаць у тэрмін, іх ставяць толькі два.

Нават на катку ў такія моцныя маразы пуста
Мантажуюць сьвятлодыёдны экран.

Шмат каго з жыхароў Віцебску не задавальняе сам факт, што плошчу Перамогі, якая заўжды ўвасабляла даніну памяці ўсім, хто загінуў у мінулай вайне, ператвараюць у нейкую забаўляльную пляцоўку. Дарэчы, згоды вэтэранаў на гэта ніхто не пытаўся і іхным меркаваньнем не пацікавіўся.

Ёлка, каток, і манумэнт палеглым удзельнікам вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG