Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Шыльда свабоды
Смалявіцкі раён, Нацыянальны аэрапорт «Менск»
7 ліпеня 2000 году па дарозе ў аэрапорт загадкава зьнік апэратар расейскай тэлекампаніі ОРТ Зьміцер Завадзкі. Дэмакратычная грамадзкасьць падазрае ў дачыненьні да зьнікненьня журналіста прадстаўнікоў вышэйшай улады Беларусі.
7 ліпеня 2000 году апэратар расейскага тэлеканалу ОРТ Зьміцер Завадзкі выехаў у аэрапорт «Менск», каб сустрэць з Масквы карэспандэнта гэтай жа тэлекампаніі Паўла Шарамета. Аднак сустрэча не адбылася. Зьміцер загадкава зьнік па дарозе, а ягоны аўтамабіль пазьней быў выяўлены ў аэрапорце.

У параўнаньні са справамі зьніклых раней палітыкаў справу Зьмітра Завадзкага, здавалася б, расьсьледавалі і нават давялі да суду. На закрытым працэсе вінаватых у выкраданьні апэратара асудзілі пажыцьцёва і на доўгія тэрміны зьняволеньня. Таксама суд прызнаў Завадзкага памерлым. Аднак ні жонка, ні сын, ніхто цела яго так і ня бачыў. Няма і дакладных адказаў на пытаньні: хто і чаму замовіў злачынства? І хто ж яго насамрэч выканаў?

Павал Шарамет адкрыта абвінавачвае беларускую ўладу як у непасрэдным удзеле ў выкраданьні (а можа, і забойстве) Зьмітра, так і ў стварэньні ўмоваў для ўсёдазволенасьці ў дзейнасьці беларускіх спэцслужбаў:

«Эскадроны сьмерці» адчулі сваю поўную беспакаранасьць, адчулі, што яны могуць вырашаць лёсы ўсіх людзей. Гэтыя «эскадроны сьмерці», якія часткова былі ўцягнутыя ў нейкія сакрэтныя апэрацыі ў Чачні ці ў нейкія сакрэтныя апэрацыі са зброяй, палічылі, што здымачная група Першага каналу, і Завадзкі ў тым ліку, могуць раскрыць тайныя апэрацыі гэтых «эскадронаў сьмерці» і гэтых групаў спэцслужбаў. І вырашылі не дапусьціць агалоскі. Іншай вэрсіі, акрамя як помсты за інтэрвію Зьмітра пра тое, што ў Чачні былі арыштаваныя беларускія спэцназаўцы, як боязі афіцэраў спэцслужбаў, што мы вядзем нейкае расьсьледаваньне і што нейкія факты будуць ускрытыя, і таму яны схапілі Дзіму, каб даведацца нейкія падрабязнасьці, — іншай вэрсіі пакуль няма«.

Журналісты, як беларускія, так і з расейскага тэлеканалу ОРТ, не забываюць Зьмітра, гэтаксама як і ў 1997 годзе яны салідарызаваліся зь ім, калі яго асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі ўмоўна за незаконны пераход мяжы пры здымках выкрывальнага рэпартажу. Яны вераць, што пры першай жа магчымасьці незалежнага расьсьледаваньня ў справе Завадзкага будуць пастаўлены кропкі, бо, як любіць паўтараць Павал Шарамет, «ніхто і нішто не забытыя».

А пакуль і ў дзень выкраданьня Зьмітра Завадзкага, і ў традыцыйны дзень салідарнасьці зь сем’ямі ўсіх зьніклых за часы Лукашэнкі сваякі, калегі, палітыкі выходзяць на вуліцы з патрабаваньнем праўды пра зьнікненьне журналіста.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG