Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальцаровіч: Гайдар абмежаваў палітычны кантроль над эканомікай


Мы папрасілі прафэсара Лешка Бальцаровіча, аўтара радыкальнай эканамічнай рэформы ў Польшчы ў 1989-91 гадоў, вядомай як "шокавая тэрапія", распавесьці нам пра сваё знаёмства зь Ягорам Гайдарам.





Максімюк:
Ці вы былі асабіста знаёмыя зь Ягорам Гайдарам, ці сустракаліся зь ім?

Бальцаровіч: Так, я быў зь ім знаёмы, магу нават сказаць, што я быў зь ім вельмі блізка знаёмы. Мы пазнаёміліся, калі я пачынаў рэформы ў Польшчы ў 1989 годзе. Яны выклікалі вялікую зацікаўленасьць сярод рэфарматараў у Расеі, гэта значыць, сярод каманды Гайдара. Мне прыгадваецца мой візыт у Расею ў сьнежні 1991 году, калі я ўжо заканчваў свой першы пэрыяд працы ў польскім урадзе, а Ягор і ягоныя супрацоўнікі якраз рыхтаваліся да пачатку сваіх радыкальных рэформаў. Мы тады сустрэліся, а потым мелі сустрэчу з тагачасным прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным. Мы падтрымлівалі сувязь адзін з адным гадамі. Гэта была своеасаблівая салідарнасьць рэфарматараў. Я вельмі высока цаніў Ягора Гайдара як эканаміста, як палітыка і проста як сябра.

Максімюк: Ці вы абменьваліся меркаваньнямі наконт таго, як трэба рэфармаваць эканомікі абодвух краінаў?

Мы падтрымлівалі сувязь адзін з адным гадамі. Гэта была своеасаблівая салідарнасьць рэфарматараў. Я вельмі высока цаніў Ягора Гайдара як эканаміста, як палітыка і проста як сябра
Бальцаровіч:
Паколькі Польшча пачала эканамічныя рэформы раней, бо ў Польшчы раней усталявалася палітычная свабода, дык польскія рэформы былі крыніцай досьведу для рэфарматараў у іншых краінах, уключна з Расеяй. Таму калегі Ягора Гайдара наведвалі Польшчу, яны ўважліва прыглядаліся да нашых радыкальных пераменаў. У нейкай ступені наш досьвед мог быць пунктам адліку для рэфарматарскіх праграмаў у іншых краінах.

Максімюк: Ці спадар Ягор Гайдар падчас сустрэчаў з вамі выказваў сваю ацэнку трансфармацыі ў Польшчы?

Бальцаровіч: Падобна як і шмат эканамістаў і эканамічных палітыкаў, якія свае ацэнкі абапіралі на дасьледаваньнях, Ягор прытрымліваўся думкі, што польскія эканамічныя рэформы наогул закончыліся посьпехам. Гэта вынікала з розных параўнаўчых дасьледаваньняў. Адначасна я пагаджаюся зь ягоным меркаваньнем і зь меркаваньнямі іншых уважлівых назіральнікаў, што палітычныя ўмовы для эканамічных рэформаў у Расеі былі цяжэйшыя, чым у Польшчы. Прытым Гайдар і ягоная каманда мелі менш часу на радыкальныя рэформы. Я не пагаджаюся зь меркаваньнямі, што ў Расеі быў шок без тэрапіі. Там было менш часу, але нягледзячы на гэта некаторыя істотныя і вельмі цяжкія рэформы былі праведзеныя — прыкладам, лібэралізацыя цэнаў і пашырэньне прасторы эканамічнай свабоды.

Максімюк: Дык вось, падаецца, што вашы лёсы як рэфарматараў і палітыкаў былі ў нечым падобныя. Вы абодва зрабілі вельмі радыкальныя рэформы ў сваіх краінах, а потым мелі з гэтай прычыны шмат ворагаў і непрыхільнікаў, нават больш, чым прыхільнікаў. Як бы вы да гэтага аднесьліся?

Бальцаровіч: Мне вельмі цяжка сказаць, колькі было прыхільнікаў, а колькі непрыхільнікаў (сьмяецца). Як я ўжо казаў, у Расеі рэфарматарам было цяжэй, бо там яны мусілі вырашаць больш палітычных праблемаў, чым эканамічных. Нам было таксама цяжка, але ўсё ж крыху лягчэй. Асабіста я мог дзейнічаць ва ўрадзе ў першым пэрыядзе цягам трох гадоў, а потым зноў вярнуўся ў актыўную палітыку, каб прысьпешыць рэформы. Я быў віцэ-прэм’ерам і міністрам фінансаў ва ўрадзе з канца 1997 да чэрвеня 2000 году. А потым як кіраўнік цэнтральнага банку ў Польшчы з 2001 да 2007 году я меў магчымасьць зьменшаць інфляцыю ў Польшчы да ўзроўню 2 адсоткаў. У Расеі былі большыя палітычныя бар’еры, але кірунак рэформаў быў падобны да тых у Польшчы. І Польшча, і Расея патрабавалі радыкальных рэформаў.

Максімюк: Калі б я вас папрасіў заключыць у двух сказах тое, за што Расея павінна быць удзячная Ягору Гайдару ў першую чаргу, дык як бы вы гэта сфармулявалі?

Бальцаровіч: Ён узяў на сябе адказнасьць за рашучае абмежаваньне палітычнага кантролю над эканомікай, што было зьвязана зь лібэралізацыяй цэн і іншымі важнымі захадамі. Гэткім чынам рэформы Гайдара і ягоных супрацоўнікаў стварылі вельмі важныя адпраўныя пункты для пабудовы больш свабоднай эканомікі, безь якой няма разьвіцьця.
XS
SM
MD
LG