Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая стратэгія ЭБРР для Беларусі

  • БелаПАН

Савет дырэктараў Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця прыняў новую стратэгію для Беларусі.

Як гаворыцца ў паведамленьні ЭБРР, новая трохгадовая стратэгія дазволіць банку пашырыць свае апэрацыі ў Беларусі пры ўмове, што кіраўніцтва дзяржавы будзе ажыцьцяўляць рэформы ў канкрэтных галінах, накіраваныя на разьвіцьцё рыначнай эканомікі.

Адзначаецца, што стратэгія была прынятая пасьля завяршэньня шырокага працэсу кансультацый з удзелам арганізацый грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, беларускіх уладаў, міжнароднай супольнасьці і іншых зацікаўленых бакоў.

Як і ў папярэдніх стратэгіях, галоўным прыярытэтам ЭБРР адносна Беларусі застаецца падтрымка разьвіцьця прыватнага сэктару як сродку руху да канчатковых мэтаў — палітычнай дэмакратыі і рыначнай эканомікі.

ЭБРР вітае прадэманстраваную ўладамі краіны ўзрослую гатоўнасьць супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасьцю і адзначае абнадзейвальныя прыкметы прагрэсу на палітычным і эканамічным франтах. Далейшыя пазытыўныя крокі ў гэтых галінах будуць садзейнічаць стварэньню больш спрыяльнага дзелавога асяродзьдзя.

Адзначаецца, што далейшы прагрэс у названых галінах дазволіць банку пашырыць сваю дзейнасьць у Беларусі, у тым ліку супрацоўніцтва з дзяржаўнымі прадпрыемствамі на абмежаванай і выключна выбарачнай аснове, пры ўмове, што яны будуць функцыянаваць на камэрцыйных прынцыпах і адпавядаць дакладным крытэрыям крэдытаваньня ЭБРР. Папярэднія стратэгіі абмяжоўвалі работу банка ў Беларусі толькі прыватнымі праектамі.

У новай стратэгіі ўказана, якім чынам ЭБРР можа, у прыватнасьці, аказваць тэхнічнае садзеяньне і, магчыма, фінансавую падтрымку ажыцьцяўленьню заяўленага ўладамі намеру распрацаваць адкрытую, празрыстую і канкурэнтаздольную праграму прыватызацыі, што будзе садзейнічаць росту даверу да гэтага працэсу. Гэта, на думку ЭБРР, акажа падтрымку пакету стратэгічных захадаў, узгодненых Беларусьсю, Міжнародным валютным фондам і Сусьветным банкам, у якім важная роля адведзена працэсу прыватызацыі.

ЭБРР таксама разгледзіць магчымасьць пашырэньня сваіх дынамічных праграм крэдытаваньня малога бізнэсу і садзеяньня разьвіцьцю гандлю з мэтай уключэньня ў іх упершыню і на выбарачнай аснове дзяржаўных банкаў пры ўмове, што яны функцыянуюць на камэрцыйных прынцыпах і існуе рэальная пэрспэктыва іх прыватызацыі.

Да ліку іншых прыярытэтных кірункаў дзейнасьці ЕБРР у Беларусі ў пэрыяд дзеяньня новай стратэгіі адносяцца: стымуляваньне павышэньня энэргаэфэктыўнасьці і распрацоўка новых устойлівых энэргарэсурсаў; пашырэньне праграмы садзеяньня развіцьцю гандлю ЭБРР у мэтах стымуляваньня трансгранічных гандлёвых апэрацый; аказаньне падтрымкі ў рэфармаваньні і тэхнічнай мадэрнізацыі экалягічнай інфраструктуры і муніцыпальных паслуг.

У паведамленьні адзначаецца, што ўзровень і маштаб дзейнасьці ЭБРР у Беларусі будуць вызначацца з улікам перамен у сфэры палітыкі і прагрэсу ў ажыцьцяўленьні рэальнай праграмы рэформ.

Банк прадоўжыць актыўны палітычны дыялёг з беларускімі ўладамі адносна шэрагу неабходных рэформ і будзе адсочваць дасягнуты прагрэс з дапамогай набору кантрольных паказчыкаў у палітычнай і эканамічнай сфэрах. Крытэрыі, якія будзе выкарыстоўваць ЭБРР, пералічаны ў стратэгіі.
XS
SM
MD
LG