Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нарада ў Лукашэнкі: ці не пачатак выбарчай кампаніі?


Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з удзелам усяго кіраўніцтва краіны. Ці можна лічыць гэта сыгналам да татальнай перадвыбарчай мабілізацыі намэнклятуры? Чаму з дакладам выступаў кіраўнік Нацбанку Пракаповіч, а не прэм’ер Сідорскі? Дзе ўлады возьмуць грошы для падвышэньня заробкаў?

Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Аляксандар Старыкевіч
Паўлюк Быкоўскі
Валер Карбалевіч


Перадвыбарчая мабілізацыя намэнклятуры?


Валер Карбалевіч: «Чарговая нарада ў Лукашэнкі нібыта была прысьвечана эканамічным вынікам гэтага году і плянам на наступны год. Але на яе было запрошана ўсё кіраўніцтва, сам прэзыдэнт гаварыў ня толькі пра эканоміку, але і пра ідэалёгію, працу дзяржаўных СМІ. Асаблівы акцэнт ён рабіў на напружанай працы ўсіх дзяржаўных органаў. Узьнікае натуральнае пытаньне: што гэта было? Афіцыйная аб’ява пра пачатак выбарчай кампаніі? Сыгнал да татальнай мабілізацыі намэнклятуры? Ці што іншае?»

Аляксандр Старыкевіч: «Фактычна на нарадзе разглядаўся комплекс пытаньняў, зьвязаных з выбарамі. Там было закранута шмат пытаньняў, пра якія мы ня ведаем. Як звычайна, перад выбарамі пачынаецца своеасаблівая гістэрыка.

Сёньня можна было правесьці выбары па мяккім варыянце і забясьпечыць чарговую „элегантную перамогу“.
Нашы кіраўнікі ня ўмеюць працаваць інакш. Сёньня можна было правесьці выбары па мяккім варыянце і забясьпечыць чарговую „элегантную перамогу“. Але атрымліваецца як у таго сьлесара з байкі савецкіх часоў, які працаваў на заводзе, дзе рабілі зброю. У выходныя ён спрабаваў сабраць то ровар, то дзіцячую каляску, а ў яго ўвесь час атрымліваўся аўтамат Калашнікава. Так і ў нашай улады».

Карбалевіч: «Але ж гэты аўтамат страляе. То бок зь яго дапамогаю ўлада атрымлівае вынік, які ёй патрэбны».

Старыкевіч: «Была абвешчана лібэралізацыя, спроба палагодзіць дачыненьні з Захадам. І ў такіх умовах хапацца за аўтамат, хоць ёсьць больш тонкія прылады, могуць толькі людзі, якія інакш працаваць ня ўмеюць».

Паўлюк Быкоўскі: «Магу разглядаць гэтую нараду як піяраўскі ход. Тыя эканамічныя паказчыкі, які там агучваліся, цяжка суаднесьці з прынятым дзяржбюджэтам на наступны год».

Узвышэньне Пракаповіча


Карбалевіч: «Цікава, што з асноўным дакладам выступаў старшыня праўленьня Нацбанку Пракаповіч. Менавіта ён рыхтаваў бюджэт і прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на наступны год. Прэм’ер-міністар Сідорскі адхілены ўбок. Гэта канец кар’еры Сідорскага і працяг узвышэньня Пракаповіча?»

Старыкевіч: «Ужо некалькі месяцаў Пракаповіч выкарыстоўваецца ці то ў якасьці ценевага прэм’ера, ці то як кандыдат у прэм’еры. Аднак Сідорскага адпраўляюць у адстаўку ўжо шмат гадоў. Рабіць прагнозы цяжка, бо ўсё залежыць не ад аб’ектыўных чыньнікаў, а ад таго, што прыйдзе ў голаў аднаму чалавеку».

Быкоўскі: «На адной зь мінулых нарадаў Лукашэнка даручыў Пракаповічу падрыхтаваць пляны сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на наступны год. Тады праца ўраду была моцна раскрытыкавана. Пэрыядычна ўзьнікае інфармацыя пра сутыкненьне Сідорскага і Пракаповіча. Варта адзначыць пэнсійны ўзрост Пракаповіча. Таму выглядае маларэальным ягонае прызначэньне прэм’ерам.

У Нацбанку ёсьць добрая аналітычная група, на падставе якой Пракаповіч і малюе свае карцінкі. Але Нацбанк не кіруе эканомікай, не кантралюе бюджэт. Таму калі пляны Пракаповіча ня выканаюцца, то ў яго заўсёды ёсьць аргумэнт, што ня ён іх выконваў».

Прапагандысцка-піяраўскі даклад


Карбалевіч: «Даклад Пракаповіча быў ня столькі эканамічны, колькі прапагандысцка-піяраўскі. Паводле ягоных высноў, наступны год павінен стаць годам пачатку рэформаў і мадэрнізацыі. Гэта дазволіць Беларусі ўвайсьці ў 30 лепшых краінаў сьвету па ўмовах вядзеньня бізнэсу, у 50 лепшых краінаў па індэксе разьвіцьця чалавечага патэнцыялу і замацавацца ў групе найбольш разьвітых краінаў сьвету. Лягічна, што з такімі тэзісамі павінен быў выступаць сам Лукашэнка. Як гэта можна ўсё пракамэнтаваць?»

Старыкевіч: «Мяне павесяліла заява, што наступным годам павінна пачацца мадэрнізацыя. Чым жа займаўся Лукашэнка 15 гадоў ва ўладзе? Пракаповічу было даручана, ён падрыхтаваў прапановы. Бліжэй да выбараў мы будзем мець працяг гэтай рыторыкі.

Апошнім часам Лукашэнка імкнецца атрымліваць дывідэнды, ні за што не адказваючы. Маўляў, я каардыную, даю загады, а рэалізоўваць павінен урад, мясцовыя ўлады».

Гэтыя пляны цяжкавыканальныя нават ня ў крызісны год.
Быкоўскі: «Гэтыя пляны цяжкавыканальныя нават ня ў крызісны год. Магчыма, пад мадэрнізацыяй трэба мець на ўвазе прыватызацыю.

Магчыма, выступ Пракаповіча павінен супакоіць насельніцтва. Маўляў, дэвальвацыі ня будзе, рубель не абваліцца, новага навагодняга „падарунку“ ня будзе».

Дзе ўзяць грошы?


Карбалевіч: «Тое, што пачынаецца, па тэрміналёгіі паліттэхнолягаў, перадвыбарчая „раздача сланоў“, гэта зразумела. Але цікава наступнае. Заробак бюджэтнікам наступным годам будзе павышацца чатыры разы, плюс, магчыма, яшчэ два — напрыканцы году. Плюс прапарцыйны рост пэнсій. Але пры гэтым не плянуецца ажыцьцяўляць вонкавыя пазыкі на ўзроўні дзяржавы. Узьнікае натуральнае пытаньне: дзе ж узяць грошы для гэтага? Лукашэнка казаў, што крызіс заканчваецца, таму грошы трэба не друкаваць, а зарабіць. Але ці рэальныя гэтыя пляны?»

Старыкевіч: «Наконт вонкавых пазыкаў. Нагадаю, што яшчэ ў 2002 годзе Лукашэнка на нарадзе катэгарычна забараніў зьвяртацца да Расеі па крэдыты. Чаго каштуюць словы прэзыдэнта, ня кажучы ўжо пра іншых службовых асобаў? Будуць шукаць грошы там, дзе іх толькі можна знайсьці. Таксама цалкам магчымыя маніпуляцыі з статыстыкай.

Хачу нагадаць, што ня так даўно быў абяцаны к канцу пяцігодкі сярэдні заробак 700 даляраў. Цяпер кажуць толькі пра 500 даляраў А крызісу ў краіне няма, паводле Лукашэнкі. Дык дзе згубіліся нашы 200 даляраў?»

Карбалевіч: «Я гэты тэзіс пра адмову ад дзяржаўных пазыкаў разумею так. МВФ даваў крэдыты пры ўмове, што ў краіне ня будуць павышацца заробкі. А калі наступным годам заробак будзе павышацца чатыры разы, то МВФ новых крэдытаў ня дасьць».

Быкоўскі: «Міністар фінансаў Харкавец таксама казаў, што крэдытаў ня будзе. Афіцыйна абвешчана, што пэнсіі павысяцца ў жніўні. І грошы для гэтага ёсьць у адмысловым фондзе, у якога дэфіцыту няма. Сярэдні заробак плянуецца ў 500 даляраў, а сярэдні заробак бюджэтнікаў — 420 даляраў. Але прадстаўнікі эканамічных міністэрстваў кажуць, што мы будзем толькі да гэтага імкнуцца. Магчыма, проста надрукуюць грошы і падвысяць заробкі і пэнсіі за кошт інфляцыі».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG