Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карыстальнікі інтэрнэту ў рэгіёнах абмяркоўваюць магчымае ўзмацненьне дзяржаўнага кантролю над інфармацыйнай прасторай у Беларусі. Пра даступнасьць інтэрнэту ў аддаленых ад сталіцы раёнах, пра факты абмежаваньняў інтэрнэт-супольнасьці — у паведамленьнях нашых карэспандэнтаў.



ВІЦЕБШЧЫНА


Белтэлекам скіроўвае ўвагу наведнікаў на ідэалягічныя сайты


У Віцебску на больш як 300 тысяч жыхароў — усяго 11 грамадзкіх пунктаў карыстаньня інтэрнэтам, падпарадкаваных «Белтэлекаму». Як вынік гэтага — незадаволенасьць наведнікаў.

У кожным з тутэйшых грамадзкіх пунктаў заўсёды чэргі, бо месьцяцца яны галоўным чынам у цэнтры гораду, а асноўны кантынгент — гэта студэнты і школьнікі.

Таму апэратар пункту калектыўнага карыстаньня, які месьціцца на Маскоўскім праспэкце, 35, раіць прыходзіць і працаваць у інтэрнэце толькі зранку:

«Гадзіны да 12-й у нас больш-менш вольна. А потым пачынаецца — школьнікі, студэнты... Увечары практычна заўжды чэргі. Гадзіны ад пятай, калі ў студэнтаў заканчваюцца заняткі, яны ўсе ў нас».

На ўсіх студэнтаў у Віцебску толькі адзін пункт калектыўнага карыстаньня інтэрнэтам.
У Віцебску толькі адзін пункт калектыўнага карыстаньня інтэрнэтам арыентаваны ўласна на студэнтаў — ён месьціцца ў інтэрнаце Мэдычнага ўнівэрсытэту на праспэкце Перамогі. Аднак у распараджэньні будучых мэдыкаў — усяго 9 кампутараў, і гэтага відавочна мала, кажа тамтэйшы апэратар сувязі:

«Пакуль студэнты на занятках, да нас можна трапіць, а ўвечары дужа шмат народу. Мы ж пры інтэрнаце, пры навучальнай установе, і ў студэнтаў дужа шмат пытаньняў па навучаньні — камусьці трэба рэфэрат, камусьці літаратуру нейкую пачытаць. Гадзіна звычайнага інтэрнэту ў нас каштуе 2 тысячы, хуткаснага — 4 тысячы.

Прыватныя інтэрнэт-клюбы ў Віцебску маюць даражэйшыя расцэнкі: да прыкладу, у клюбе ІнтэрYES гадзіна карыстаньня каштуе 3 тысячы. Прычым хуткаснага інтэрнэту там няма, і незадаволеныя наведнікі такімі паслугамі карыстаюцца неахвотна:

«Адразу, як зойдзеш, цябе папярэджваюць: у нас дужа маленькая хуткасьць інтэрнэту. І калі вы будзеце пасылаць фотаздымак памерам большым за 500 кілябайт, ён будзе ісьці паўдня, а можа, і зусім ня пройдзе»

Я пачала пытацца: «А чаму ў вас такая хуткасьць? Вы ж інтэрнэт-клюб, на гэтым зарабляць мусіце». Мне адказалі: «Я ня ведаю, я — адміністратар, а гаспадары вырашылі так».

Мусіць, адчуўшы сябе манапалістамі ў сваёй галіне, «белтэлекамаўскія» пункты калектыўнага карыстаньня пачалі ня тое каб кантраляваць інтарэсы наведнікаў, але ў пэўным сэнсе абмяжоўваць. Так, у віцебскім пункце па вуліцы Леніна, 68 каля кожнага кампутара паклалі сьпіс «рэкамэндаваных для наведваньня сайтаў». Гэта сайт Віцебскага філіялу «Белтэлекаму», які зьяўляецца стартавай старонкай, а таксама сайты абл- і гарвыканкаму і найбуйнейшых дзяржаўных СМІ. Таксама ў пералік «рэкамэндаваных» трапілі сацыяльныя сеткі odnoklassniki. ru i vkontakte. ru, дзе віцебская моладзь бавіць багата часу.

На вузьле сувязі ў Гарадку толькі 4 кампутары, адзін зь іх — зламаны.
Калі ў Віцебску інтарэсы карыстальнікаў пачалі абмяжоўваюць сьвядома, то ў рэгіёнах гэта адбываецца аўтаматычна: у інтэрнэт там проста цяжка патрапіць. Леанід Гаравы з райцэнтру Гарадок дзеліцца ўласным досьведам — распавядае, што ў памяшканьні раённага вузла сувязі для грамадзкага карыстаньня ёсьць чатыры кампутары, зь якіх у працоўным стане толькі тры:

«Я часьцяком там бываю, вось і сёньня быў. Тры чалавекі сядзяць. Моладзь у асноўным, і ўвесь час занята. Яшчэ былі анонсы пра грамадзкі інтэрнэт на пошце ў аграгарадках: вось у нас 7 аграгарадкоў, значыць, у кожным па адным кампутары для карыстаньня інтэрнэтам.

Калі ў кожным раёне каля дзясятка дзяржаўных пунктаў калектыўнага карыстаньня, кажа спадар Гаравы, то гэта ўжо сьведчыць пра тое, што доступ грамадзян да інфармацыі дзяржава абмяжоўвае адмыслова.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Некаторыя фірмы пакідаюць рынак інфармацыйных паслугаў


Гомельскае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Сэрвэр» ужо адмовілася ад інфармацыйных паслугаў сваім абанэнтам. Дамовы адразу скасавалі амаль 20 тысяч абанэнтаў. Фірма — збанкрутавала.

Называючы гэты прыклад, гомельскі грамадзкі актывіст і адмыслоўца ў галіне інтэрнэту Андрэй Толчын лічыць, што кантроль і ціск з боку ўлады на прыватных правайдэраў можа істотна абмежаваць у рэгіёне доступ да сеціва:

«З тэхнічнага боку шмат карыстальнікаў будуць адсечаныя ад інтэрнэт-рэсурсаў, і дзяржава будзе кантраляваць іх. Дасьведчаныя ў тэхніцы людзі, якія ведаюць, як працуе Інтэрнэт, не перастануць карыстацца рэсурсамі сеціва. Але гэта будзе няшмат людзей. Па-другое, кантроль дае магчымасьць уладам канфіскоўваць кампутары, узбуджаць крымінальныя справы з розных прычынаў і паводле розных прыкметаў. Гэта шлях да сваволі ўладаў. Гэта абмяжуе магчымасьці карыстальнікаў інтэрнэту. Дарэчы, гэта ператварае інтэрнэт з адкрытай сыстэмы, як напачатку й плянавалася, у закрытую — нейкую такую лякальную, вялікую сетку для Беларусі».

Перш за ўсё гэта мера запалохваньня.
Адзін са стваральнікаў сайту гомельскіх дэмакратычных сілаў Пятро Кузьняцоў мяркуе: кантралюючы інтэрнэт, улады ставяць на мэце запалохаць грамадзтва ды абмежаваць доступ людзей да свабоднай інфармацыі напярэдадні выбараў:

«Перш за ўсё — я так лічу, што гэта мера запалохваньня, каб мець магчымасьць рэагаваць на тыя ці іншыя публікацыі ў сеціве: пачаць праверку, зрабіць ператрус. Як гэта было, напрыклад, з мульцікамі „Трэці шлях“, калі на падставе распачатай крымінальнай справы па ўсёй краіне ў журналістаў рабілі ператрусы й адбіралі кампутары. Але, па сутнасьці, сеціва немагчыма кантраляваць, бо калі выданьне будзе месьціцца на замежным сэрвэры, то фактычна й фармальна яно будзе належаць да іншай краіны».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Каб сонца засланіць, вушэй асьліных мала»


Міністэрства інфармацыі сёлета нарэшце афіцыйна зарэгістравала незалежную газэту «Ўзгорак». Чыноўнікі саступілі пасьля некалькіх гадоў, цягам якіх незарэгістраваны «Ўзгорак» выпусьціў 63 нумары, і ўсе яны знайшлі сваіх чытачоў у Горацкім, Дрыбінскім і Мсьціслаўскім раёнах.

Рэдактар выданьня Эдуард Брокараў лічыць, што ня варта палохацца пагрозаў зачыніць для інфармацыі інтэрнэт. Аргумэнты нашага суразмоўцы:

«Я вельмі люблю беларускую клясыку і хачу нагадаць крылатую фразу Кандрата Крапівы: „Каб сонца засланіць, вушэй асьліных мала“. Таму ўпэўнены, што нічога ў існуючай улады не атрымаецца. Няхай яны робяць што хочуць, але на цяперашні момант сучасныя інфармацыйныя тэхналёгіі даюць магчымасьць выходзіць пэўным чынам з усіх гэтых блякад, абмежаваньняў і гэтак далей».
XS
SM
MD
LG