Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня спаўняецца 75 гадоў першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу, які разам з прэзыдэнтамі Расеі і Ўкраіны зафіксаваў распад СССР у 1991 годзе. Мы папрасілі ацаніць спадара Шушкевіча як палітыка і як гістарычную асобу трох палітолягаў — зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны.

Аляксандар Класкоўскі ў 1994 годзе апублікаваў кнігу “Станіслаў Шушкевіч: пуцявіна лёсу”. Спадар Класкоўскі кажа, што калі б пісаў гэтую кнігу цяпер, то ў ёй было б меней “дэмакратычнага наіўнага патасу”:

Аляксандар Класкоўскі
“Была пэўная наіўнасьць, палітычная рамантыка, і яшчэ паўбяды, калі публіцыст паддаваўся такім эмоцыям. А было, што многія палітыкі дэмакратычнага лягеру падумалі, што яны ўхапілі Бога за бараду. І тое, што яны, у 1994-м у прыватнасьці, расьцягнулі дэмакратычны электарат і тым самым аблегчылі Лукашэнку шлях да ўлады, — вось гэта, я думаю, была вялікая стратэгічная памылка нацыянальна-дэмакратычных лідэраў”.

Да рамантычных палітыкаў 90-х спадар Класкоўскі адносіць і Станіслава Шушкевіча, які прыйшоў у палітыку ў гістарычны час, ужо ў сталым узросьце, і сам увайшоў у гісторыю.

“У тых варунках, у калясальна адказных, нэрвовых сытуацыях, калі сапраўды рубам стаяла пытаньне пра незалежнасьць, пра шлях разьвіцьця Беларусі, у многіх выпадках рабіліся сапраўды вельмі моцныя хады. Таму, нягледзячы на многія страты і памылкі, мы маем сёньня незалежную Беларусь. Хай ступень дэмакратычнасьці далёка ня тая, як нам хацелася б, але застаецца падмурак, які быў закладзены, і застаецца гістарычная пэрспэктыва для Беларусі”.

“Палітычным рамантыкам” называе Станіслава Шушкевіча і маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш, які зазначае, што таму заўжды бракавала “базавых палітычных інстынктаў”:

Кірыл Коктыш
“Гэта чалавек, які паспрабаваў прымяняць у палітыцы тыя самыя правілы, якія існуюць у асабістым жыцьці, і які даволі хутка адкрыў для сябе, што гэтыя правілы ў палітыцы зусім іншыя… Пры гэтым ён вельмі цікавы, разумны, яго можна было б назваць беларускім сацыяльным філёзафам сучаснасьці”.

Паводле спадара Коктыша, у Расеі цяпер вельмі рознае стаўленьне да Шушкевіча, як благое, так і добрае. Але новыя пакаленьні элітаў яго ўжо ня ведаюць, дый асабліва не цікавяцца Беларусьсю і распадам СССР, да якога Шушкевіч прыклаў руку.

Косьць Бандарэнка
Ва ўкраінскіх элітаў да Станіслава Шушкевіча як да гістарычнай асобы вельмі пазытыўнае стаўленьне, сьведчыць кіеўскі палітоляг Косьць Бандарэнка:
Гэта быў чалавек, які забясьпечыў мірны працэс выхаду Беларусі са складу СССР ...

“Гэта сапраўды незвычайная асоба, незаслужана сёньня забытая на прасторах СНД. А ён стаяў ля вытокаў незалежнасьці Беларусі і цэлага шэрагу постсавецкіх краін. Адпаведна, ён быў адным з тых, хто блаславіў распад Савецкага Саюзу. Гэта быў чалавек, які забясьпечыў мірны працэс выхаду Беларусі са складу СССР, яе ўключэньня ў сусьветны кантэкст, ён даў штуршок разьвіцьцю Беларусі ў заходнім кірунку. Пазьней на нейкі пэрыяд быў адкат ад гэтай плятформы. Але апошнія зрухі ў беларускай палітыцы і пазыцыя прэзыдэнта Лукашэнкі паказваюць, што ён цяпер вяртаецца да тых формаў супрацоўніцтва з Эўропай і іншым сьветам, якім у свой час паклаў пачатак Станіслаў Шушкевіч”.

Спадар Бандарэнка да пазытыўнага вобразу Станіслава Шушкевіча дадае тое, як той годна ўспрыняў паражэньне, паказаўшы іншым, як трэба з гонарам сыходзіць з кіраўнічай пасады і перадаваць уладу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG