Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеныя “зоны” by


Здабыткам галоснасьці стаў праект указу Аляксандра Лукашэнкі, з дапамогай якога ўлада зьбіраецца рэгуляваць беларускі сэктар інтэрнэту. Экспэрты адзначаюць, што дакумэнт утрымлівае шмат абмежавальных нормаў, якія наўпрост тычацца правайдэраў, інтэрнэт-рэсурсаў і простых карыстальнікаў. Нагадаем, што ня так даўно кіраўнік дзяржавы абураўся: інтэрнэт ператвораны ў сьметнік, дзе даўно трэба навесьці парадак.

Адным з адметных пунктаў праекту указу “Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт” — упарадкаваньне працы інтэрнэт-правайдэраў, дзейнасьць якіх павінна быць санкцыянаваная адміністрацыяй прэзыдэнта. Татальная падкантрольнасьць цягне за сабой іншае: ідэнтыфікацыю карыстальніка на патрабаваньне дзяржаўных структураў, блякаваньне сайтаў, якія адпаведныя органы палічаць “падазронымі”, рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў, абавязковая прысутнасьць у зоне by старонак, якія загружаюцца ў Беларусі.

Кантроль за гэтым ускладзены на Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі прэзыдэнта. У цэнтры паведамілі, што ўсе падрабязнасьці дакумэнта — толькі праз афіцыйны запыт. Аднак пры гэтым лічаць, што паніка дачасная і перабольшаная:

“Ну, ён жа яшчэ не прыняты, гэты акт? Пра што ў такім выпадку можна гаварыць?”

Рэдактарка інтэрнэт-сайту “Хартыя-97” Натальля Радзіна зьвязвае зьяўленьне праекту ўказу з прызначэньнем на пасаду міністра інфармацыі колішняга ідэоляга прэзыдэнцкай адміністрацыі Алега Праляскоўскага:

Міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі
“Зьдзяйсьняецца мара Праляскоўскага, які яшчэ калі быў ідэолягам, марыў заблякаваць незалежныя палітычныя інтэрнэт-рэсурсы. І зараз, калі стаў міністрам інфармацыі, імкліва рухаецца да рэалізацыі сваёй мэты. Увогуле ў законапраекце тры небясьпечныя моманты. Найперш, будуць блякавацца сайты, якія падаюцца дзяржаўным органам падазронымі. Па-другое, размова ідзе аб ідэнтыфікацыі карыстальнікаў. А гэта можа тычыцца і журналістаў інтэрнэт-рэсурсаў, якіх можна будзе прыцягваць да адказнасьці. Трэці момант — зноў вяртаньне да пытаньня рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ. То бок гаворка аб ужываньні на практыцы кітайскага досьведу, што таксама небясьпечна, бо можа быць блякаваньне інтэрнэт-рэсурсаў, якія не знаходзяцца ў зоне by. Той жа сайт “Хартыі-97” у зоне by не знаходзіцца”.

Кіраўнік унітарнага прадпрыемства “Надзейныя праграмы”, адзін з заснавальнікаў парталу TUT.by Юры Зісер убачыў у праекце некаторыя станоўчыя палажэньні. Перадусім там напісана, што адказнасьць нясе аўтар выказваньня, а не пляцоўка. Але ў цэлым дакумэнт стварае больш пытаньняў, чым дае адказаў:

Юры Зісер
“Пяткевіч дзесьці год таму казала: у агляднай будучыні ня будзе разглядацца парадак ліцэнзаваньня інтэрнэту. Але нешта зьмянілася, і па тэрмінах указ можа пачаць дзейнічаць якраз пад прэзыдэнцкія выбары. На гэты момант шмат залежыць ад таго, якім чынам будуць рэалізаваныя і выкананыя гэтыя пункты. Там пераважна адсылкі на ўрад, а Саўмін можа прыняць рашэньне, якое нікога не напружыць (проста чарговыя паперкі зьявяцца), а можа прыняць такія жорсткія рашэньні, як, скажам, былі па гандлі людзьмі. То бок, як колісь забаранілі сайты знаёмстваў, могуць забараніць усё. На жаль, дакумэнт распрацоўваецца кулюарна, ні з кім не абмяркоўваецца, яго стварэньне могуць даручыць людзям, якія ня маюць ніякіх адносінаў да інтэрнэту. У гэтым выпадку наступствы могуць быць вельмі дрэннымі”.

Кіраўнік цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў акцэнтуе ўвагу на статусе законапраекту:

Міхаіл Пастухоў
“Канечне, можна было чакаць, што гэта пойдзе ці па ліні ўраду, ці па лініі кіраўніка дзяржавы. Паводле закону “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” абгаворвалася стварэньне сыстэмы інфармацыйнай бясьпекі на чале з Апэратыўна-аналітычным цэнтрам — да гэтага Нацыянальным цэнтрам бясьпекі інфармацыі пры прэзыдэнце. Але такія пытаньні, зразумела, павінны рэгулявацца законам альбо, на падставе закону аб СМІ, — пастановай ураду. У дадзеным выпадку гэта выносіцца на самы высокі ўзровень... Тое, што будзе ўмяшаньне ў інфармацыйную сфэру, — цалкам зразумела. Тое, што гэта можа прывесьці да абмежаваньня свабоды інфармацыі, — таксама відавочна. У выніку ж гэта створыць цяжкасьці ў карыстаньні інтэрнэтам, у распаўсюджваньні інфармацыі празь сеціва”.

Андрэй Бастунец
Паводле намесьніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, указ накіраваны ня толькі на кантроль інтэрнэт-рэсурсаў з функцыяй СМІ, але будзе рэгуляваць інтэрнэт-прастору ўвогуле. У тым ліку паводзіны карыстальнікаў, працу інтэрнэт-крамаў, парадак аказваньня паслугаў інтэрнэту дзяржаўным структурам.

Дарэчы, у бальшыні дзяржаўных установаў інтэрнэт ужо дазаваны, а выхад на сайты, якія наўпрост ня тычацца працоўных абавязкаў супрацоўніка, цягне за сабой ня толькі вымовы, але і пазбаўленьне прэмій.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG