Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт і галоўнакамандуючы Украіны Віктар Юшчанка хоча зьмяніць страявы крок у арміі. Новы нацыянальны крок павінен прыйсьці на зьмену “прускаму”, якім раней маршыравала савецкае войска.

Як піша ўкраінская газэта “Сегодня”, новы крок ужо распрацаваны, ім два месяцы трэніруецца хадзіць асабовы склад ганаровай варты. Камандзір батальёну ганаровай варты Сяргей Кляўлін патлумачыў газэце, што ўсе элемэнты кроку засталіся ранейшымі, “прускімі”, але ўсё робіцца больш мякка. Нагу салдаты будуць падымаць цяпер не на 15-20 см, але на 10-15, і ня пляскаць аб асфальт поўнай ступнёй, але рабіць лёгкі перакат. Паводле Кляўліна, новы шыхтовы крок украінскай арміі распрацоўваўся на падставе архіваў і будзе прыпамінаць крок сечавых стральцоў арміі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі 1918 году.

Між тым, як адзначае ўкраінскі гісторык Алесь Бузіна, сечавыя стральцы былі сфармаваныя з салдатаў аўстра-вугорскай арміі, у якой быў практычна той самы “прускі крок” – нямецкая мадэль маршаваньня. Войскі УНР, сфармаваныя ў Цэнтральнай і Ўсходняй Украіне, хадзілі таксама, як і расейская армія, якая выкарыстоўвала “прускі крок”.
XS
SM
MD
LG