Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Расея гатовая на эканамічныя льготы, каб ня страціць вайсковага саюзьніка"


Госьць “Начной Свабоды” -- вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.


СЛУХАЦЬ УСЮ ГУТАРКУ:



Сяргей Абламейка: 14 сьнежня стала вядома, што кіраўнік Беларусі зацьвердзіў новы пералік арганізацый, якія падпарадкоўваюцца дзяржаўнаму вайскова-прамысловаму камітэту. Дакумэнт мае сакрэтны характар. Ад камэнтароў чыноўнікі адмаўляюцца. Як вы гэта пракамэнтуеце? Ці зьвязана гэта неяк з падпісанымі ў Маскве дакумэнтамі?

Аляксандар Алесін: Думаю, што ёсьць, вядома, наўпроставая сувязь, паколькі адзін з важных аспэктаў супрацоўніцтва Беларусі і Расеі – гэта вайсковае супрацоўніцтва, і калі больш дэталёва, вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Калі згадаць хаду перамоваў Лукашэнкі і Мядзьведзева, то з тых 8 гадзінаў перамоваў гэтая тэма, паводле прысутных з расейскага баку, займала вельмі шмат часу. Я думаю, што ёсьць непасрэдная сувязь.

Справа ў тым, што цяпер Расея мае патрэбу ў шэрагу тэхналёгій беларускага ВПК, якія страчаныя расейскім бокам
Рэч у тым, што цяпер Расея мае патрэбу ў шэрагу тэхналёгій беларускага ВПК, якія страчаныя расейскім бокам. Страчаныя таму, што пэрсанал сыходзіў, разбураліся тэхналягічныя працэсы і страчваўся шэраг ноў-хаў. Таму Расея жадае атрымаць гэтыя тэхналёгіі з тым, каб паскорыць пераўзбраеньне свайго войска. Грошай выдаткоўваецца дастаткова, але, на жаль, кадры і тэхналёгіі збольшага страчаныя. І гэта тлумачыць нізкую эфэктыўнасьць расходаваньня сродкаў абароннага бюджэту.

Абламейка: Скажыце, Аляксандар, на вашу думку, Лукашэнка схільны аддаць пад кантроль Масквы беларускую вайсковую прамысловасьць? Ці ня надта?

Алесін: Я думаю, што якраз гэты крок, зацьверджаньне сьпісу прадпрыемстваў і арганізацый, якія падпарадкоўваюцца вайскова-прамысловаму камітэту, і гаворыць пра тое, што дзяржава ўзмацняе свой кантроль над вайскова-прамысловым комплексам. Я думаю, таму, каб тэхналёгіі і самі гэтыя прадпрыемствы ня трапілі пад кантроль расейскага капіталу і, нарэшце, расейскага боку. Лукашэнка гатовы ісьці на супрацоўніцтва толькі ў той ступені, у якой яму гэта выгадна, і, як я думаю, наўзамен за нейкія льготы, саступкі расейскага боку.

Абламейка: Як я зразумеў вашу думку, Расея дзеля захаваньня вайсковага партнэрства зь Беларусьсю гатовая ісьці на далейшыя эканамічныя саступкі Беларусі?

Расея дазваляла бесьперашкодны доступ беларускіх тавараў на свой рынак і давала льготы на энэрганосьбіты. Такі парадак існаваў да прыходу да ўлады Пуціна...
Алесін
: Так. Я думаю, што гэтая мадэль паводзінаў была яшчэ ў 1996 годзе абодвума бакамі прынятая. Мы памятаем, што тады быў прыняты пакет дакумэнтаў. З аднаго боку, ён замацоўваў геапалітычную прысутнасьць Расеі на нашай тэрыторыі, не наўпроставае, а ўскоснае праз адносіны саюзьнікаў, а па-другое, Расея дазваляла бесьперашкодны доступ беларускіх тавараў на свой рынак і давала льготы на энэрганосьбіты. Такі парадак існаваў да прыходу да ўлады Пуціна, які палічыў, што занадта шмат Расея плаціць Беларусі за яе паслугі ў вайсковай галіне. І адтуль пачаліся нелады і канфлікты. І цяпер, калі ў Расеі стала мала хаўрусьнікаў і Беларусь на заходнім кірунку зьяўляецца для яе найважнейшым партнэрам, думаю, што Расея гатовая пайсьці на сур'ёзныя эканамічныя льготы з тым, каб ня страціць важнага вайсковага саюзьніка.

Абламейка:
Сёньня ўва ўсіх на слыху сытуацыя вакол арыштаванага ў Тайляндзе самалёта са зброяй, камандзірам якога зьяўляецца грамадзянін Беларусі. Зброя там нібыта паўночнакарэйская. Раней Беларусь была ў лідэрах паводле аб’ёму прададзенай зброі на міжнароднай арэне. А як яна выглядае цяпер у гэтых рэйтынгах?

Алесін: Я думаю, што, вядома, у першыя гады знаходжаньня ва ўладзе цяперашняй каманды на чале з Аляксандрам Лукашэнкам яны ня вельмі думалі пра імідж Беларусі і дастаткова шырока гандлявалі тымі арсэналамі, якія дасталіся ў спадчыну беларускай незалежнай краіне ад Беларускай вайсковай акругі. І засьвяціліся ў многіх апэрацыях гандлю зброяй беларускія мясцовыя гандлёвыя арганізацыі, прозьвішчы многіх дзеячаў былі агучаныя. Паводле некаторых дадзеных, угоды па продажы савецкай зброі дасягалі некалькіх сотняў мільёнаў даляраў . І, паводле зьвестак міжнародных арганізацый, Беларусь трапляла мала ня ў першую дзясятку асноўных сусьветных гандляроў зброяй. Але гэты запас паступова канчаўся, з другога боку, пакупнікі станавіліся ўсё больш прыдзірлівыя, яны хацелі ўсё больш перадавую зброю, і характар гандлю зброяй Беларусі мяняўся.

Калі раней гэта быў вульгарны гандаль зброяй , то цяпер прапаноўваюцца напрацоўкі беларускага ВПК. І яшчэ адно адрозьненьне – у беларусаў цяпер усё часьцей у партнэрах салідныя сусьветныя дзяржавы
Мы цяпер у асноўным прадстаўленыя на рынку зброі тэхналёгіямі – праграмным забесьпячэньнем, аўтаматызаванымі сыстэмамі кіраваньня, элемэнтнымі базамі, сродкамі сувязі, вылічальнай тэхнікай. Гэта высакаклясныя тэхналёгіі, якія дазваляюць надаць нават старой савецкай тэхніцы новыя баявыя якасьці, і таму Беларусь прапаноўвае на міжнароднай арэне праграмы мадэрнізацыі авіяцыі зьнішчальнікаў і бамбавікоў, праграмы мадэрнізацыі танкаў, рэактыўных установак. Такім чынам, характар крыху зьмяніўся. Калі раней гэта быў вульгарны гандаль зброяй, то цяпер прапаноўваюцца напрацоўкі беларускага ВПК. І яшчэ адно адрозьненьне – у беларусаў цяпер усё часьцей у партнэрах салідныя сусьветныя дзяржавы, такія як Індыя, Кітай, але ёсьць і партнэры, якія для міжнароднай грамадзкай думкі падазроныя – Сырыя, Іран, Лібія. Гэта патэнцыйныя партнэры, якія могуць быць вялікімі заказчыкамі беларускіх вайсковых тэхналёгій.
XS
SM
MD
LG