Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кратовая” гісторыя: “Прессбол” судзіцца са “Спорт-экспрессом”


Уладзімер Беражкоў
Уладзімер Беражкоў

Беларуская фэдэрацыя футболу (БФФ) і галоўны рэдактар спартовай газэты “Прессбол” Уладзімер Беражкоў маюцца падаць у суд на расейскае выданьне “Спорт-экспресс”.


Падставай да такога кроку стала нядаўняе інтэрвію расейскай газэце былога брамніка беларускай зборнай Валерыя Шанталосава, які цяпер мае расейскае грамадзянства.

Некалькі гадоў таму Шанталосаў быў абвінавачаны праваахоўнымі органамі Беларусі і Расеі ў незаконных дзеяньнях на карысьць футбольных букмэкераў. У прыватнасьці, у спробе паўплываць на вынікі футбольных матчаў нацыянальнай борнай Беларусі ў рамках адборачнага турніру чэмпіянату Эўропы-2004 у верасьні 2003 году з камандамі Чэхіі і Малдовы. Расея, дзе зараз жыве Шанталосаў, адмовілася экстрадзіраваць яго ў Беларусь, а сам Шанталосаў напісаў заяву, што ня супраць спыненьня справы “за спыненьнем тэрміна даўнасьці”.

Нагадаем, што падставай да беспрэцэдэнтных для беларускага футболу разьбіраньня стаў артыкул “Операция “Крот”, надрукаваны ў газэце “Прессбол”. Галоўны рэдактар Уладзімера Беражкоў у пазьнейшых паказаньнях засьведчыў: запіс гутаркі паміж Шанталосавым і адным з гульцоў зборнай Беларусі, якому прапаноўваўся хабар, быў падкінуты ў рэдакцыю невядомымі.

Шанталосаў у інтэрвію газэце “Спорт-экспресс” абвінаваціў БФФ і галоўнага рэдактара “Прессбола” у “палітычнай замове” і спробе зьвесьці зь ім рахункі. Ён перакананы, што ўся справа з таталізатарам інсьпіраваная фэдэрацыяй і Беражковым. Таксама Шанталосаў заявіў, што яму асабіста і чальцам ягонай сям’і паступаюць тэлефанаваньні з пагрозамі, у выніку чаго жыцьцё ягоных блізкіх у небясьпецы.

БФФ ужо накіравала ў рэдакцыю расейскай спартовай газэты афіцыйны ліст, у якім патрабуе даць адпаведныя тлумачэньні, а таксама просіць прадставіць доказы выкладзенай і інтэрвію інфармацыі. У адпаведнасьці з адказам будзе вырашана, якім чынам задзейнічаць судовыя інстанцыі ў справе высьвятленьня ісьціны.

У сваю чаргу Дысцыплінарны камітэт БФФ абвясьціў экс-брамніка беларускай зборнай Валерыя Шанталосава пэрсонай нон-грата ў Беларусі.

Ня гледзячы на ранейшыя абвінавачаньні, некалькі апошніх гадоў Шанталосаў трэніруе брамнікаў расейскіх камандаў ніжэйшых футбольных дывізіёнаў, а таксама прэм’ер-лігі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG