Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу Бандарэнкі разгледзяць безь яго


Андрэй Бандарэнка ў часе суду

Андрэй Бандарэнка ў часе суду

Сёньня ў Менскім гарадзкім судзе разгледзяць касацыйную скаргу прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі, якога асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці паводле палітычных, як не выключаюць праваабаронцы, прычынаў.

Адвакат Бандарэнкі Зьміцер Лаеўскі з пэўнасьцю кажа, што ягонага падабароннага ў судзе пры разглядзе скаргі ня будзе – з Бабруйскай калёніі яго проста не прывязуць у суд:

“Не прывязуць, гэта дакладна. Гэта ўсё будзе безь яго, буду выступаць, буду спрабаваць усё ж такі данесьці нашу пазыцыю”.

Тым часам стала вядома, што Андрэй Бандарэнка ў Бабруйскай калёніі другі раз патрапіў ў карцэр. Сястра Бандарэнкі Ірына спаслалася на ліст, які атрымала ад брата 14 сьнежня:

“Як ён піша, прымушалі мыць падлогу і падпісаць абавязацельствы, што ён адмаўляецца ад свайго злачыннага мінулага і паўстае на шлях выпраўленьня. Андрэй адмовіўся і яго накіравалі ў “шыза” – гэта карцэр унутры калёніі. Потым на адзін дзень выпусьцілі, зноў прымушалі падпісаць тую ж паперу, і пакараньне паўтарылі. Наколькі ведаю, яго трымаюць у карцэры ўвогуле з 22 лістападу”.
Ірына Бандарэнка

Паводле Ірыны Бандарэнкі, яе брат здолеў напісаць кароткі ліст пасьля таго, як другім разам адмовіўся прызнаць сябе вінаватым і атрымаў паўторнае пакараньне. Пры гэтым Бандарэнка не губляе аптымізму. “Піша, што збольшага ўсё добра, трымаецца і перадае прывітаньне сябрам”, – паведаміла Ірына Бандарэнка.

На пачатку кастрычніка судзьдзя Леанід Ярмоленкаў з Першамайскага суду Менску прызнаў актывіста АГП Андрэя Бандарэнку вінаватым у крадзяжы маёмасьці фірмы, якую ён сам стварыў. Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнаў і падаў скаргу ў Менскі гарадзкі суд. Гэтая скарга будзе разгледжаная сёньня ў першай палове дня. Адметна, што сваякам прадпрымальніка ў судзе не называюць прозьвішча судзьдзі, які будзе разглядаць скаргу Бандарэнкі:

“У гарадзкім судзе нам сказалі, што да суду не дадуць спатканьня і не скажуць прозьвішча судзьдзі, нават ня скажуць прозьвішча нашаму адвакату”.
Зьміцер Лаеўскі

Як патлумачыў адвакат Зьміцер Лаеўскі, паводле закону чалавек ня лічыцца асуджаным да таго часу, пакуль не разгледжаная ягоная скарга, і таму ў Бабруйскай калёніі Андрэй Бандарэнка яшчэ лічыцца не асуджаным, а падсьледным. “Прызначаць сябе вінаватым і ў такой якасьці падпісваць нейкія паперы – гэта значыць адмовіцца ад сваёй жа скаргі”, – камэнтуе сытуацыю адвакат Лаеўскі. Паводле адваката, ягоны падабаронны пагадзіўся на пераезд у Бабруйскую калёнію з-за вельмі дрэнных умоў у менскім сьледчым ізалятары, дзе яго ўтрымлівалі некалькі месяцаў. У сьледчым ізалятары Андрэй Бандарэнка трымаў галадоўку пратэсту, якая доўжылася болей за два тыдні. “Ён вельмі схуднеў”, – перадае Ірына словы сваячкі, якая бачылася з Бандарэнкам пасьля ягонай галадоўкі.

Андрэй Бандарэнка і ягоныя аднадумцы па АГП тлумачаць ягоны перасьлед помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Андрэй Бандарэнка, які, паводле афіцыйных дадзеных, не набраў значнай колькасьці галасоў, абскардзіў гэтыя вынікі. Прадпрымальнік не пагадзіўся саступіць нават пасьля таго, як яго папярэдзілі маўчаць знаёмыя з прэзыдэнцкай адміністрацыі. Неўзабаве супраць экс-кандыдата завялі крымінальную справу і ў выніку арыштавалі.
XS
SM
MD
LG