Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У галерэі «Ў» — «Тэлепорт у Галяндыю»


Магдалена Зялкоўска

Магдалена Зялкоўска

Сёньня ў галерэі «Ў» інтэрактыўнай лекцыяй і відэапрэзэнтацыяй па сучасным галяндзкім мастацтве распачаўся тыдзень галяндзкага мастацтва. 17 сьнежня адкрываецца фотавыстава «Тэлепорт у Галяндыю», 17–19 сьнежня адбудуцца паказы нідэрляндзкіх кароткамэтражных фільмаў.

Пачалося ўсё з таго, што журналісты «Эўрапейскага радыё для Беларусі» правялі конкурс сярод слухачоў, ці ведаюць яны Галяндыю. Распавядае адна з ініцыятараў праекту Міла Котка:

«У Беларусі пра Галяндыю сапраўды вельмі мала ведаюць. Мы пачалі працу з амбасадай Нідэрляндаў у Варшаве, і яны параілі нам лектарку Магдалену Зялкоўску. І сёньня мы прапанавалі ўсім людзям мастацтва лекцыю. Я нават бачыла сярод публікі, якая сюды прыйшла, простых людзей, далёкіх ад мастацтва. Тут поўная заля. Магдалена, калі ехала з аэрапорту, хвалявалася, казала: „Я буду вельмі шчасьлівая, калі хоць пяць чалавек прыйдзе. Каму тут цікавае галяндзкае мастацтва?“ Як вы бачыце, беларуская публіка вельмі галодная на культурныя падзеі».

Сёньня Магдалена Зялкоўска, магістар па гісторыі мастацтва Варшаўскага ўнівэрсытэту, правяла інтэрактыўную лекцыю зь відэапрэзэнтацыяй.

Станаўленьне сучаснага мастацтва Нідэрляндаў непасрэдна зьвязана з вызначэньнем ідэнтычнасьці.
Лектарка распавяла пра тое, што засталося ад гэтай традыцыі «залатога веку» у сучасным глябалізаваным сьвеце. У XVII стагодзьдзі галяндцы па-новаму адкрылі рэалізм, але што стала сёньня з вынікам іх дасягненьня? Галяндыя зараз — краіна эмігрантаў, таму, кажа Магдалена Зялкоўска:

«Станаўленьне сучаснага мастацтва Нідэрляндаў непасрэдна зьвязана з вызначэньнем ідэнтычнасьці. Таму, ствараючы мастацкія творы, мастакі такім чынам імкнуцца паказаць асаблівую нацыянальную ідэнтычнасьць».

У межах прэзэнтацыі прадстаўленыя відэафільмы, відэаінсталяцыі Гуіда ван дэр Вэрвэ, Кацярыны Зд’елар, Вэндэльен ван і Пабла Пайнаппэл.

Магдалена Зялкоўска: «Многіх мастакоў хвалюе праблема так званай нацыянальнай амнэзіі — калі цэлыя старонкі нацыянальнай гісторыі сьціраюцца з памяці жыхароў краіны. Адной з такіх тэмаў зьяўляецца калянізацыя».

Журналістка Міла Котка правяла ў Галяндыі 10 дзён і зрабіла 10 радыёрэпартажаў на самыя розныя тэмы, якія разбураюць стэрэатыты. Яна кажа:

«У Галяндыі, хоць там і дэмакратыя, таксама замоўчваюцца некаторыя праблемы. Гэта праблема „грамадзкай амнэзіі“, калі краіна забываецца, што была калянізатарам, калі краіна не ўздымае пытаньні пра тое, што зараз гэта мультынацыянальная краіна, і там жыве вельмі шмат эмігрантаў. І шмат іншых праблем, якія датычацца сучаснага мастацтва. Што такое сучаснае мастацтва? Гэта тое, якое адлюстроўвае нашу з вамі рэчаіснасьць».

17 сьнежня ў галерэі «Ў» акрыецца фотавыстава Мілы Коткі «Тэлепорт у Галяндыю» і пачнецца паказ галяндзкіх дакумэнтальных стужак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG