Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст судзіцца зь БелАЗам


Аспрэчваючы сваё звальненьне з заводу БелАЗ, брыгадзір грузчыкаў Юры Лобан падаў скаргу ў суд. Паводле пазоўцы, кантракт яму не падоўжылі наўмысна, не ўхваляючы актыўнай грамадзкай пазыцыі і сяброўства ў незалежным прафсаюзе радыёэлектроннай прамысловасьці.

Непрацягненьне працоўнага пяцігадовага кантракту і як вынік — звальненьне зь БелАЗу — супала з заявай Юрыя Лобана пра намер балятавацца ў дэпутаты гарадзкога савету.

Лобан: «Яны даведаліся пра гэта літаральна перад маім звальненьнем».

Але на думку Мікалая Пахабава, кіраўніка аддзяленьня незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці па Менскай вобласьці, галоўная прычына няміласьці да Лобана ў іншым:

«Гэта прафсаюзнае… Ну, прафсаюз незалежны — гэта таксама палітыка ў нашай краіне. І да яго падыходзілі і казалі: маўляў, ты ня тое, хлопец, робіш! Не распаўсюджвай гэты бюлетэнь»…

Юры Лобан таксама ня мае ілюзіяў наконт таго, як паставіцца да ягонай грамадзянскай пазыцыі кіраўніцтва БелАЗу. Бо ягонае сяброўства ў незалежным прафсаюзе, распаўсюд інфармацыі на тэму правоў працоўных энтузіязму ў кіраўніцтва не выклікала:

Лобан: «Што прафсаюз дае нейкую альтэрнатыўную інфармацыю — распаўсюджвае свае газэты, брашуры, паведамляе аб правах працоўных, дае нейкія навіны з гэтай галіны і гэтак далей. Думаю, усё гэта не спадабалася Трускоўскаму як кіраўніку прафсаюзу БелАЗу, а таксама не спадабалася ідэалягічнаму аддзелу БелАЗу. Ім новыя, іншыя меркаваньні не патрэбныя».

14 сьнежня адбылася першая сустрэча бакоў у гарадзкім судзе Жодзіна. Нягледзячы на тое, што Юры Лобан быў адзіным кармільцам сям’і і непаўналетняга дзіця, юрыст заводу настойвала на правамоцнасьці рашэньня пра звальненьне:

Лобан: «Ёсьць закон, закон — гэткі. І ўсё, і я асабіста нічога не магу зрабіць. Маўляў, заканчэньне кантракту абазначае звальненьне. І усё, стаяла сёньня юрыст выключна на гэткай пазыцыі».

Пачуць меркаваньні адміністрацыі заводу пакуль не атрымалася. У панядзелак БелАЗ не працаваў — выходны дзень.

Першае паседжаньне суду адбудзецца 22 сьнежня ў гарадзкім судзе Жодзіна.
XS
SM
MD
LG