Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пашырацца магчымасьці адсочваць паводзіны правайдэраў і карыстальнікаў


Да журналістаў патрапіў праект указа «Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт». Паводле дакумэнту, які апублікаваў --> http://nn.by/index.php?c=ar&i=32806 сайт «Нашай нівы», кантроль над рэсурсамі інтэрнэту ў Беларусі павінен ажыцьцяўляцца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў па ўзгадненьні з Апэратыўна-аналітычным цэнтрам пры адміністрацыі прэзыдэнта. Да чаго прывядзе такая пераарыентацыя?

У Апэратыўна-аналітычным цэнтры адмовіліся камэнтаваць дакумэнт, які «толькі распрацоўваецца».

Але ці не асноўная адметнасьць указа ў тым, што ў выпадку, калі дакумэнт прымуць, пад кантроль Апэратыўна-аналітычнага цэнтра трапляюць інтэрнэт-правайдэры Беларусі. Пералік апэратараў, якія маюць права беспасярэдняга далучэньня да міжнародных сетак электрасувязі, а таксама ўпаўнаважаных пастаўшчыкоў паслуг сеткі інтэрнэт, будзе вызначаць Цэнтар пасьля ўзгадненьня з Адміністрацыяй прэзыдэнта. У сваю чаргу, дзейнасьць правайдэра можа быць спынена паводле пастановы Савета Міністраў.

Ці можна лічыць, што ўмовы існаваньня інтэрнэт-прасторы робяцца больш жорсткімі? Вось меркаваньне кіраўніка аналітычнага аддзелу кампаніі «Акавіта» Фёдара Караленкі:

«Не магу сказаць, што гэта штосьці глябальна прынцыповае, новае і страшнае. Так, падводзіцца заканадаўчая база да таго, што і так робіцца. Пашыраюцца магчымасьці наглядных органаў дзеля таго, каб, напрыклад, закрыць той ці іншы сайт, альбо ідэнтыфікаваць карыстальніка. Але што тычыцца правайдэраў, то яны і так захоўваюць інфармацыю пра тое, хто і калі наведаў якісьці сайт. Такая інфармацыя прадстаўляецца на патрабаваньне органаў МУС, КДБ і г. д.

Але што да магчымасьці закрыцьця сайтаў, то ў нас гэта ў прынцыпе так яўна і масава пакуль не практыкавалася. Калі ёсьць нейкія праблемы з сайтам, то ставіцца мэтай ня столькі зачыніць, колькі „паўплываць“ на яго стваральнікаў і тых, хто яго падтрымлівае. Але ня выключана, што ўсё ж падводзіцца база да блякаваньня сайтаў празь беларускіх правайдэраў. Бо заканадаўча пашыраюцца магчымасьці кантралюючых органаў адсочваць паводзіны правайдэраў і карыстальнікаў».

У праекце ўказу напісана, што Апэратыўна-аналітычны цэнтар атрымае права забараняць доступ да інфармацыі, незаконнай паводле тлумачэньня асобнымі нормамі беларускага заканадаўства (перадусім гэта тычыцца інфармацыі «экстрэмісцкага толку»). Гэтая ж структура будзе ажыцьцяўляць і кантроль за выкананьнем патрабаваньняў нацыянальнага заканадаўства кампаніямі, якія займаюцца прадстаўленьнем інтэрнэт-паслугаў. Што стаіць за сухой юрыдычнай тэрміналёгіяй, расшыфроўвае кіраўнік цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў:

Пачынаецца закідваньне сеткі на інтэрнэт-прастору над Беларусьсю.
«Паводле закону „Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі“ заплянавана стварэньне сыстэмы інфармацыйнай бясьпекі на чале з Апэратыўна-аналітычным цэнтрам. Увогуле даваць ацэнку праекту дачасна, паколькі ўсё гэта „маецца адбыцца“, а што будзе зроблена канчаткова — пакажа час. Але калі ўжо зьявіўся праект указу, то, значыць, атрымана пэўнае ўхваленьне з боку кіраўніка дзяржавы ці асобаў, блізкіх да яго — маўляў, пытаньне можна вырашыць такім чынам.

Іншымі словамі, пачынаецца закідваньне сеткі на інтэрнэт, дакладней, на інтэрнэт-прастору над Беларусьсю. Асабліва з улікам, што галоўным правайдэрам застаецца „Белтэлекам“. І калі будзе прыняты такі ўказ, то можна сказаць: пытаньне аб кантролі інтэрнэт-прасторы ўступае ў сваю завяршальную стадыю. Думаю, ён выкліча адпаведную рэакцыю з боку міжнародных арганізацый, якія працуюць у сфэры свабоды інфармацыі, а таксама ў структурах Рады Эўропы і Эўразьвязу».

Паводле праекту ўказу, цягам трох месяцаў пасьля публікацыі дакумэнту Савет міністраў павінен сфармаваць правілы дзейнасьці інфармацыйных рэсурсаў беларускай часткі інтэрнэту, а таксама прадставіць зьвесткі аб уладальніках інфармацыйных рэсурсаў. Цягам паўгода мусіць быць выпрацавана канцэпцыя разьвіцьця нацыянальнага сэктару інтэрнэту. А яшчэ за год мяркуецца распрацаваць праект закона аб нацыянальным сэгмэнце Інтэрнэту. Кантроль за выкананьнем указу ўскладзены на Адміністрацыю прэзыдэнта і Апэратыўна-аналітычны цэнтар у сыстэме ўсё той жа Адміністрацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG