Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіславу Шушкевічу 15 сьнежня спаўняецца 75 гадоў. Член-карэспандэнт Акадэміі навук, прафэсар, першы кіраўнік незалежнай Беларусі атрымлівае пэнсію, эквівалентную аднаму эўра, і таму часта адгукаецца на запрашэньні замежных унівэрсытэтаў выступіць з лекцыямі.

У гэтыя дні Шушкевіча запрасіў ўнівэрсытэт ў Атланце (ЗША), а ў час тэлефанаваньня ён быў у Флорыдзе.

Навумчык: Станіслаў Станіслававіч, 75 гадоў – гэта традыцыйна час падвядзеньня жыцьцёвых вынікаў. Што вы лічыце сваім галоўным дасягненьнем у навуцы, у палітыцы, у асабістым жыцьці?

Шушкевіч:
Галоўнае дасягненьне ў навуцы – падрыхтавана даволі шмат вучняў, яны сталі самастойнымі, пайшлі далей і ідуць далей. І я ўжо магу толькі дзівіцца, як ім шчасьціць і якія ў іх дасягненьні. Я не хачу называць прозьвішчы, бо яны працуюць у Беларусі, і не хачу, каб на іх дрэнна адбілася тое, што яны мае вучні. Некалькі вучняў ёсьць у замежжы – працуюць цудоўна, не адчуваюць сябе нейкімі зломкамі.

У палітыцы я, ацэньваючы сёньняшні момант, думаю, галоўнае – што я зрабіў усё, каб падпісаць усе дакумэнты (і яны былі ратыфікаваныя Вярхоўным Саветам) аб вывадзе ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. Таму што мой народ, беларускі народ, быў закладнікам. І калі б быў нейкі канфлікт, трэба было б зьнішчаць увесь мой народ, таму што трэба было б зьнішчаць Беларусь як сховішча наймагутнейшых ядзерных узбраеньняў, і тактычных, і асабліва стратэгічных. Таму тое, што ядзернае ўзбраеньне было выведзенае з тэрыторыі Беларусі, я лічу сваім галоўным дасягненьнем.

Пра асабістае жыцьцё... У мяне вялікае дасягненьне, што я магу гаварыць з вамі таму, што вось цяпер жонка сядзіць за рулём аўтамабіля. Як бы там ні было, усё ж 33 гады пражыць разам і зь вялікай прыемнасьцю – гэта добра. А на сёньняшні час найбольш ганаруся сваёй унучкай, якая, мне здаецца, ідзе тым самым шляхам, якім ішоў я. Дзякуй Богу, у яе не маё прозьвішча і ў яе з-за яго няма складанасьцяў. Яна ўжо пераможца некалькіх конкурсаў, яна была прэміяваная паездкай у ЗША, у Польшчу. І мне падабаецца, што ўсе мы, Шушкевічы, і ўсе мае родныя адзін аднаго цэнім і кантактуем часта. Найвялікшая асалода – гэта быць у асяродзьдзі сваіх родных.

Навумчык: Як вы думаеце адзначыць свой юбілей і дзе?

Шушкевіч: Вы ведаеце, я мяркую адзначыць юбілей свой, як гэта ні дзіўна, толькі з жонкай, таму што нам яшчэ ня трэба вяртацца ў Атланту, дзе ў мяне ёсьць лекцыйныя абавязкі. І таму я дакладна яшчэ ня ведаю, але думаю, недзе ў саване або у Касьмічным цэнтры імя Кенэдзі, проста ў нейкай сьціпленькай рэстарацыі мы пасядзім і зьямо добрую рыбную страву і вып’ем бутэльку добрага віна.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG