Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка сёньня правёў нараду аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Беларусі ў 2010 годзе. На нарадзе ён выказаў незадавальненьне працай і ўраду, і вэртыкалі, прызнаў, што крызісныя зьявы ў эканоміцы пераадольваюцца марудна, але разам з тым заклікаў выконваць у наступным годзе надзвычай аптымістычныя эканамічныя прагнозы.

«І ўраду, і мясцовым органам улады не ўдаецца пераадолець нэгатыўныя тэндэнцыі ў сацыяльна-эканамічным разьвіцьці, якія назьбіраліся з канца 2008 году», — гэтак Аляксандар Лукашэнка падсумаваў вынікі працы ў эканоміцы за 11 месяцаў бягучага году. У прыватнасьці, кіраўнік дзяржавы прызнаў спад вытворчасьці ў асноўных галінах эканомікі, праблемы на спажывецкім рынку, пагаршэньне фінансавага стану прадпрыемстваў і арганізацый, рост адмоўнага сальда зьнешняга гандлю і запасаў непрададзенай прадукцыі ў сховішчах.

Разгрузка сховішчаў з запасамі гатовай прадукцыі названа галоўным клопатам. Паводле А. Лукашэнкі, гэтым павінны займацца ня толькі кіраўнікі заводаў і галіновыя міністэрствы, але і вэртыкаль.

«Урад выконвае мае даручэньні так, што ў мяне ўжо сумневы зьяўляюцца», — заявіў А. Лукашэнка.

Сховішчы, перапоўненыя гатовай прадукцыяй, — наступствы ўрадавай палітыкі ўтрыманьня росту валавога ўнутранага прадукту ва ўмовах крызісу, — лічыць незалежны эканаміст Сяргей Чалы. Па выніках 10 месяцаў статыстыка дае падзеньне ВУП у Беларусі на 1 адсотак — або найменшы спад у рэгіёне, чым ня раз публічна хваліліся беларускія кіраўнікі.

Сяргей Чалы: «ВУП нібыта і маляваўся добры, але ёсьць у справаздачнасьці чароўны радок — інвэстыцыі ў складзкія запасы. Вось туды гэта ўсё і капала».

Склады забітыя прадукцыяй з высокім сабекоштам, таму прадаць яе з выгадай будзе нялёгка, мяркуе Сяргей Чалы. Адміністратыўнымі захадамі праблему разгрузкі складоў ня вырашыць.

Прызнаючы нявырашанасьць асноўных праблемаў у эканоміцы краіны, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць жорсткага выкананьня зацьверджаных ім парамэтраў прагнозу на 2010 год. «Гэта закон», — падвёў ён рысу пад шматлікімі дыскусіямі ў грамадзтве вакол гэтага прагнозу.

Незалежныя адмыслоўцы і СМІ называлі гэты прагноз нерэальным. Сярод яго парамэтраў — рост ВУП да 111-113 працэнтаў ад сёлетняга і сярэдні заробак у 500 даляраў.

Сяргей Чалы мяркуе, што паколькі наступны год перадвыбарчы, то Лукашэнка будзе прымушаць урад рэалізоўваць гэтыя пляны.

«Сама гэтая лічба — 12 працэнтаў росту ВУП... Ня ведаю, яе, канечне, можна намаляваць, але зь вялікімі праблемамі і структурнымі перакосамі. Тэарэтычна гэта можна выканаць, але якой цаною?»

Спадар Чалы нагадвае, што ў 1997 годзе ўрад і Нацбанк Беларусі ўжо імкнуліся сумяшчаць несумяшчальныя эканамічныя парамэтры. Тады гэта прывяло да спыненьня плацяжоў і абвалу курсу рубля.

Што да прагназаванага сярэдняга заробку ў 500 даляраў, то ніякі калькулятар ня можа вывесьці такую лічбу, зыходзячы з прагнозных паказчыкаў на 2010 год па курсе нацыянальнай валюты, інфляцыі і росьце рэальных заробкаў, — перакананы незалежны эканаміст Сяргей Чалы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG