Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыб: “Улады не выпускаюць выбары з-пад кантролю”


Палітычныя партыі, якія ўваходзяць у Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі, пачалі падрыхтоўку да мясцовых выбараў. Пра гэта іх лідэры —Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька і Анатоль Ляўковіч абвясьцілі сёньня. Аднак фармат удзелу ў выбарчай кампаніі канчаткова яшчэ ня вызначаны.

Рэгіянальныя выбары ў красавіку 2010 году пройдуць паводле новай рэдакцыі выбарчага заканадаўства. Аднак лідэры АДС называюць гэтыя праўкі касмэтычнымі. Таму Анатоль Лябедзька, сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмсілаў, заклікае не сьпяшацца:

“Пакуль у нас ёсьць адно рашэньне — весьці падрыхтоўчую працу. А фармат удзелу вызначыцца, калі ўжо ўсё стане зразумелым і ясным. Пакуль у нас няма ніякіх падстаў казаць пра ўдзел у гэтых выбарах. Мы можам, выкарыстоўваючы правільную тэрміналёгію, казаць пра ўдзел у палітычнай выбарчай кампаніі. А для таго, каб у краіне адбыліся сапраўдныя выбары, трэба было прыняць пакет зьменаў у заканадаўства, які прапанавалі АДС”.

Вядома, што бальшыня прапановаў дэмсілаў, у тым ліку і самыя прынцыповыя, у новую рэдакцыю выбарчага заканадаўства не патрапілі. Экспэрты АДС зьбіраюцца сёньня ці заўтра перадаць іх у Савет Рэспублікі. Аднак спадзяваньняў на плён экспэрты амаль ня маюць.

Мечаслаў Грыб
“Быць упэўненым, што яны нешта прымуць, зь нечым з нашых прапановаў пагодзяцца, — такога адчуваньня ў мяне няма”, — канстатуе Мечыслаў Грыб.

Ён дадае, што прынцыповых зьменаў у Выбарчым кодэксе фактычна няма, улада ня хоча выпускаць выбары з-пад свайго кантролю:

“Выканаўчая ўлада, якая і раней мела права рабіць пад свае заказы вынікі выбараў, і цяпер за сабой гэта права захоўвае. У артыкуле 13 Выбарчага кодэксу, дзе ідзе гаворка пра назіральнікаў, ніякіх зьменаў наагул няма. Таму што Лукашэнка ж сказаў: там усё нармальна, могуць яны прыходзіць, глядзець, ніхто нікому нічога не забараняе.

Што тычыцца падліку галасоў, там таксама ніякіх зьменаў няма. Як раней лічылі, так і надалей могуць лічыць. І гэта ня будзе лічыцца парушэньнем выбарчага заканадаўства. Таму можна рабіць усё што хочаш. І могуць нас зарэгістраваць і дазволіць агітацыю. А потым убачыш вынікі галасаваньня — і ўбачыш усё тое ж, што было раней”.

Прэзыдэнцкага ўказу аб правядзеньні мясцовых выбараў пакуль няма. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына неаднаразова заяўляла, што яны пройдуць у красавіку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, дакладная дата выбараў — 25 красавіка 2010 году. Упершыню на іх будзе адменены парог яўкі выбарцаў.
XS
SM
MD
LG