Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск паведаміў, што з расейскім кіраўніцтвам удалося дамовіцца пра льготныя пастаўкі энэрганосьбітаў у 2010 годзе. Нагадаем, апошнія перамовы ў Маскве Аляксандра Лукашэнкі зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым пры ўдзеле Ўладзімера Пуціна працягваліся каля васьмі гадзінаў. Экспэрты адзначаюць, што за расейскія льготы давядзецца плаціць беларускай маёмасьцю.

У “Газпроме” раней заяўлялі, што пастаўкі газу ў Беларусь будуць адбывацца згодна зь дзейным кантрактам. Цяпер прадстаўнік канцэрну Сяргей Купрыянаў сказаў, што няма аніякай інфармацыі адносна паставак газу ў Беларусь. Не паведаміў ён нічога і пра магчымыя перамовы з афіцыйным Менскам.

“Пакуль нічога не магу сказаць наконт гэтага. Пакуль няма ніякай інфармацыі”.

Паводле першага віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі, яму і яго расейскаму калегу Ігару Сечыну даручана ўрэгуляваць да канца году стасункі ў газавай сфэры на аснове “сынхроннага пераходу на прынцып роўнадаходнасьці да 2014—2015 году”. Гэта азначае, што, нягледзячы на кантракт, Беларусь можа атрымліваць газ па цэнах гэтага году, а магчыма, і ніжэйшых. Камэнтуючы гэтую сытуацыю, партнэр і аналітык расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін сказаў:
кожны год “Газпром” адкладае ў сваім бюджэце грошы на магчымае набыцьцё большай долі ў беларускіх газатранспартных сетках ...

“Беларусь “Газпрому” цяпер вельмі патрэбная. Нават калі ў Эўропе будуць атрыманы ўсе дазволы на будаўніцтва двух абходных газаправодаў “Паўднёвы паток” і “Паўночны паток”, то ўсе кантракты “Газпрома” ў Эўропе нельга імі задаволіць. І для таго, каб зьняць увесь транзыт з Украіны, неабходна разьвіваць беларуска-польскі накірунак. Таму зь Беларусьсю ў “Газпрома” цяпер самыя лепшыя стасункі, і зьніжкі, і паслабленьні. Тым болей, што кожны год “Газпром” адкладае ў сваім бюджэце грошы на магчымае набыцьцё большай долі ў беларускіх газатранспартных сетках. Можа, “Газпром” спакусіцца і яшчэ на нейкія актывы”.

Таксама афіцыйны Менск заявіў пра дамоўленасьць на льготныя пастаўкі расейскай нафты. Начальнік зводна-аналітычнага аддзелу расейскага Мінфіну Аляксандар Саковіч заявіў газэце “Коммерсант” — маўляў, увядзеньне адмысловага экспартнага мыта для Беларусі прывяло б да банкруцтва беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Ня выключана, што за йльготы па нафце кіраўніцтва Беларусі заплаціць “Нафтанам-Палімірам”.

Чаму ж Расея зноў бярэ на сваё ўтрыманьне рэжым у Беларусі? Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў:

Яраслаў Раманчук
“Тыя гучныя абяцаньні Расеі — гэта тое, што патэнцыйна можа быць, калі Лукашэнка ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі будзе рабіць тое, на што спадзяецца Расея. Безумоўна, Расея будзе ціснуць, каб выкарыстаць наступны год для атрыманьня кантролю над нафтаперапрацоўкай, “Белтрансгазам”, банкаўскай сыстэмай. А потым яшчэ ёсьць “Белтопгаз”, які значна даражэйшы. Расея добра ведае, што для Лукашэнкі крытычна атрымаць гэтыя грошы, каб забясьпечыць сабе падтрымку з боку электарату. Таму цягам наступнага году мы будзем ведаць цану, якую заплаціў Лукашэнка за палітычную, інфармацыйную падтрымку Расеі. Але гэта будуць ужо тыя страты, якія потым ужо ня вернеш назад. Таму Расея паступова выкарыстоўвае палітычныя слабасьці Лукашэнкі, каб ператварыць нашу краіну ў залежную тэрыторыю, а потым настойваць на трансфэрце палітычных правоў у Маскву. Таму дамоўленасьці вельмі небясьпечныя, бо Лукашэнка, блякуючы рэформы, ёсьць часткай гэтага расейскага пляну”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG