Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэктары і дэканы —паднявольныя”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 14 сьнежня. У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы выказваюцца пра зьмены ў заканадаўстве, дзеляцца меркаваньнямі наконт працэсу прыватызацыі, разважаюць над праблемай палітычнага перасьледу студэнтаў-іншадумцаў.

Сёньня слухачы найперш акцэнтуюць увагу на эканоміцы, на праблеме продажу беларускіх прадпрыемстваў. Некаторыя катэгарычныя ў сваіх меркаваньнях:

Спадарыня: “Трэба прадаваць замежным людзям нашу маёмасьць, беларускую. Яны нам не дадуць прапасьці, бо гэта людзі разумныя выкупляюць. Прадаваць заходнім людзям. Мы будзем жыць, бо Лукашэнка прадасьць Расеі, так аддасьць. І будуць душыць, вывозіць, голад, холад і так далей. Толькі дрэннае для нас. Мы разумеем, пражылі гэтую ўладу, што пойдзе ўсё ў прорву”.

У іншых званках акцэнты расстаўляюцца на карысьць беларускіх бізнэсоўцаў і прадпрымальнікаў.

Спадарыня: “Нешта незразумелае, што робіцца ў Беларусі. То не прадаём, не прыватызуем нашы прадпрыемствы, то заява цяпер Лукашэнкі, што так, прадаём. І ня думаю, што беларусам прадаём. Каму заўгодна прадаём, толькі не беларусам. Нават калі і грошы змогуць заплаціць.Прэзыдэнт наш то прызначае розных дырэктараў, то гоніць з крыкам — і новых зноў. А разумныя прадпрымальнікі рызыкуюць турмой”.

Спадарыня Ларыса:

“Мы ўсё баімся, што страцім незалежнасьць. Але ж у век глябалізацыі можна казаць толькі пра самастойнае разьвіцьцё краіны, сваімі сіламі. Ёсьць у нас і прафэсары, і дацэнты ў розных галінах. У мяне асабіста нявестка мае званьне дацэнт. Вось і задзейнічайце іх, каб яны добра працавалі, бо ніхто ня прыйдзе ні з Захаду, ні з Усходу — у кожнага свая карысьць. Пара ўжо забыць пра старэйшага брата, бо гэтая брація аднаго ўзросту, можна сказаць. Толькі той, што на Ўсходзе, мае дзьве пэдалі: газ і нафту”.

Па-ранейшаму значная частка аўдыёпошты “Свабоды” тычыцца зьменаў у выбарчым заканадаўстве і падрыхтоўкі да чарговых выбараў.

Спадарыня: “Наконт новага закона пра выбары ў Беларусі. Увесь сьвет ведае, што Лукашэнка вядзе эканамічныя і палітычныя гульні як з Расеяй, так і з Эўразьвязам. Гуляючы, атрымлівае ад іх крэдыты. І ўжо нам, беларусам, спадзявацца на чэсныя выбары не даводзіцца. Сваёй новай палітыкай да Лукашэнкі Эўразьвяз аддаў яму ўсе козыры для правядзеньня менавіта нячэсных выбараў”.

Чарговае меркаваньне:

Аракул: “Лукашэнкаўскія, ярмошынскія папраўкі ў выбарчым заканадаўстве перафразавана выглядаюць як пыл у вочы грамадзкасьці. Галоўнага ў іх няма. А на выкананьне правоў чалавека няма нават намёку”.

Наступны званок таксама закранае тэму выбараў — але ў іншай сфэры, вышэйшай адукацыі.

Спадарыня Ганна: “Студэнтку зь юрфаку адлічылі за тое, што была ў складзе дэлегацыі ў Брусэлі, ды яшчэ разам з Козікам. Сама Ярмошына нават невыязная. Рэктары і дэканы — яны ж паднявольныя, бо іх улада прызначае. Раней было інакш: іх выбіраў вучоны савет”.

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — звольненая за палітычнае іншадумства студэнтка другога курсу юрфаку БДУ Тацяна Шапуцька.

Тацяна Шапуцька
“У сытуацыях палітычных канфліктаў выкладчыкі заўсёды ў самым складаным становішчы. З аднаго боку, як маральна-этычная інтэлігенцыя, свае думкі, меркаваньні яны мусяць выказваць наўпрост, але, зь іншага боку, яны ўсе выкладаюць у дзяржаўных ВНУ і мусяць прытрымлівацца ідэалёгіі, якой там кіруюцца. У маім асабістым эпізодзе выкладчыкі ціха падтрымлівалі мяне, аднак услых не пратэставалі на нейкім вышэйшым узроўні. З той, як я разумею, мэтай, каб даць іншым студэнтам магчымасьць слухаць іхныя лекцыі, займацца на сэмінарах, каб уведаць тое, што добра знаёма й мне… Такім чынам, тут дзейнічаюць як інстынкт самазахаваньня, так і прага данесьці да сваіх выхаванцаў нейкія важныя свае думкі. Ня ўсё проста… Нашу катэдру паліталёгіі каторы ўжо год спрабуюць закрыць, і каб яны гучна выказаліся за мяне, то ня думаю, што катэдра ацалела б…”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG