Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША падзякавалі Тайлянду за затрыманьне самалёта


Вашынгтон удзячны ўладам Тайлянду, якія загадалі затрымаць самалёт Іл-76 з партыяй зброі на борце. Пра гэта ў панядзелак заявіў намесьнік дзяржсакратара ЗША ў справах Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі Робэрт Блэйк на прэсавай канфэрэнцыі ў Алматы.

Прыемна, што ўрад Тайлянду дзейнічаў паводле рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, правёўшы інспэкцыю грузу самалёта, адзначыў Блэйк.

Паводле Блэйка, расьсьледаваньне пакуль толькі пачалося, і ён ня можа камэнтаваць сытуацыю. Згодна з папярэднімі дадзенымі, зброя прызначалася для Шры-Ланкі і Блізкага Ўсходу.

Самалёт “Іл-76” (бартавы нумар 4L-AWA) з амаль 40 тонамі зброі, у тым ліку ручнымі гранатамётамі і пераноснымі зэнітна-ракетнымі комплексамі, быў затрыманы 12 сьнежня ў аэрапорце Дон Мыанг у Бангкоку, дзе прызямліўся на дазапраўку.

Пад вартай застаюцца грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў, грамадзяне Казахстану Віктар Абдулаеў, Віталь Шумкоў, Аляксандар Зрыбнер і Ільяс Ісакаў, перадае Інтэрфакс.

Паводле інфармацыі дыпляматычнай місіі Казахстану ў Тайляндзе і кампэтэнтных органаў Казахстану, затрыманы ў Бангкоку самалёт “Іл-76” зарэгістраваны ў Грузіі на кампанію “Air West Georgia”. Ён быў арандаваны новазэляндзкай кампаніяй “SP Trading, Ltd.” для перавозу грузаў”, — сказаў прэсавы сакратар МЗС Казахстану Ільяс Амараў.
XS
SM
MD
LG