Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы рэктар БДМУ: Разьмеркаваньне — гэта ўжо карупцыя


Павал Беспальчук

Павал Беспальчук

Былы рэктар Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту Павал Беспальчук распавёў карэспандэнту “Народнай волі” Марыі Эйсмант, за што ён публічна крытыкаваў Міністэрства аховы здароўя.

Нагадаем, Павал Бяспальчук узначальваў БДМУ 12 гадоў. 9 лістапада ва ўнівэрсытэцкай газэце быў зьмешчаны артыкул рэктара Бяспальчука з крытыкай на адрас Мінздраву адносна практыкі разьмеркаваньня выпускнікоў. На наступны дзень Павал Бяспальчук быў звольнены на падставе таго, што зь ім не працягнулі кантракт. Дык Павал Беспальчук — за разьмеркаваньне ці супроць яго?

“Большасьць студэнтаў ня супраць разьмеркаваньня, — патлумачыў былы рэктар карэспандэнту “Народнай волі”. — Яны супраць, калі гэта робіцца насуперак іх волі ці неразумна. Прыкладам, у выпускніка ёсьць у раёне жытло, а яго разьмяркоўваюць у суседні раён, дзе жытла не даюць.

Хоць... само па сабе разьмеркаваньне — гэта ўжо карупцыя. Яно ня можа быць аднолькавым. Калі Хрыстос дзяліў хлеб, ня ўсім вучням дасталіся лепшыя кавалкі. Але ў рэаліях сёньняшняга дня яно неабходнае. Зноў жа, паўтаруся, калі праходзіць сумленна.

Адначасова я не лічу, што разьмеркаваньне — гэта вырашэньне кадравага пытаньня.

У 2003 годзе на паседжаньні ў адміністрацыі прэзыдэнта было сказана, што кожны чацьвёрты малады адмысловец-мэдык не даяжджае да месца разьмеркаваньня, супроць чаго я вымушаны быў запярэчыць. Па разьмеркаваньні ў нас даяжджаюць амаль усе маладыя адмыслоўцы. Выпадкі, калі гэта ігнаруецца, адзінкавыя. Іншая рэч, што, адпрацаваўшы неабходныя тры гады, у лепшым выпадку адмыслоўцы пераяжджаюць у іншыя населеныя пункты, у горшым — сыходзяць з мэдыцыны. І сёньня гэта вельмі актуальная праблема. Нядаўна ўва ўнівэрсытэце на сустрэчу з нагоды 10-годзьдзя з дня заканчэньня зьбіраліся выпускнікі 1999 году, дык у адной групе 50% хлопцаў сышлі з мэдыцыны.

Дэфіцыт лекарскіх кадраў вырашаецца крыху інакш. Напрыклад, мая суседка па пад’езьдзе, карэнная мянчанка, якая скончыла мэдынстытут на пачатку 90-х і абараніла дысэртацыю, зьехала працаваць у Пінск — таму што там ёй далі прыстойную працу і добрую кватэру”.

Карэспандэнт: “Павал Іванавіч, скажыце шчыра, цяжка перажываеце фактычную адстаўку? У сваіх інтэрвію вы ня раз казалі, што любіце сваю працу, а сваім любімым сьвятам называлі 1 лістапада — дзень нараджэньня БДМУ…”

“Заставацца на пасадзе рэктара ў тых умовах, якія ўзьніклі ў апошнія гады, азначала паціху зьбірацца на Валадарскага. Бо фармальна я ж заставаўся старшынёй камісіі. Калі ў 2007, 2008 гадох мы прасілі і дэканаў расьпісвацца ў пратаколе аб разьмеркаваньні, то сёлета зьвяртацца да іх з такой просьбай было проста непрымальна. Расьпісаліся толькі я і першы прарэктар. Адкажу, чаму: таму што разьмеркавалася 850 выпускнікоў. Калі б мы не расьпісаліся, гэта азначала б, што 1 жніўня яны не смаглі б прыехаць да месца працы. І потым, мы ж ведалі, што ўсе гэтыя маладыя людзі — сьведкі таго, што тут адбывалася”.

“Вы сышлі з пасады рэктара, але па-ранейшаму выкладаеце ўва ўнівэрсытэце?”

“Так, працую на катэдры артапэдыі і траўматалёгіі БДМУ. Чытаю лекцыі, праводжу практычныя заняткі са студэнтамі, да таго ж зьявілася больш магчымасьцяў апэрыраваць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG